Урад загадаў БРСМ правесьці «Дзень вышыванкі»

Арганізатары «Дня вышыванкі», які праводзіўся раней, да гэтай ініцыятывы ня маюць дачыненьня.

На гэтым тыдні Савет міністраў пастановай № 51 зацьвердзіў плян мерапрыемстваў, прымеркаваных да Году культуры. Да дакумэнту, апублікаванага на сайце ўраду, прыкладаецца пералік гэтых мерапрыемстваў, сярод якіх ёсьць і «Дзень вышыванкі», піша БелаПАН.

Фэстываль нацыянальнай культуры «Дзень вышыванкі» ўжо існуе. Распрацоўшчык канцэпцыі і фармату гэтага фэстывалю — Мікіта Броўка, каардынатар «Арт Сядзібы» — некамэрцыйнай арганізацыі, якая займаецца папулярызацыяй беларускай культуры. Першыя два «Дні вышыванкі» з посьпехам прайшлі ў кастрычніку і сьнежні 2014 году ў Менску пад эгідай «Арт Сядзібы» і Асамблеі НДА.

У гутарцы зь БелаПАН Броўка заявіў, што ніхто зь дзяржаўных органаў або рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў не зьвяртаўся да актывістаў «Арт Сядзібы» як да ініцыятараў «Дня вышыванкі» ў Беларусі з прапановай разам правесьці гэтае мерапрыемства.

Мікіта Броўка

«У прынцыпе, раней БРСМ ужо выкарыстоўваў нашу ідэю з раздачай стужачак зь беларускім арнамэнтам, — сказаў Броўка. — Але ў іх не было такога размаху, як у нас, дый акцыя іх праходзіла пад іншай назвай і была ў межах прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі».

Каардынатара «Арт Сядзібы», паводле яго словаў, не зьдзіўляе, што дзяржава вырашыла скарыстаць гэтую назву для свайго сьвята:

«Наколькі мне вядома, у Адміністрацыі прэзыдэнта лічаць, што гэта мы запазычылі ў іх ідэю з вышыванкамі, бо арнамэнт ёсьць і на дзяржаўным сьцягу. Акрамя таго, Лукашэнка неяк зьяўляўся ў вышыванцы. Але першапачаткова гэта была мая ідэя — правесьці фэстываль менавіта ў такім фармаце і пад такой назвай».

Паводле словаў Броўкі, з аднаго боку, добра, што дзяржава сьледам за грамадзкімі актывістамі «робіць ухіл на разьвіцьцё ўсяго беларускага». Зь іншага боку, сказаў ён, калі дзяржава «праводзіць мерапрыемства, выкарыстоўваючы ідэю, фармат і назву, упершыню ўжытыя „Арт Сядзiбай“, то было б справядліва, калі б яна прапанавала партнэрства».

«Арт Сядзiба» плянавала сёлета правесьці чарговы фэстываль пад назвай «Дзень вышыванкі». Мяняць гэтую назву з-за намераў дзяржавы правесьці аднайменнае мерапрыемства грамадзкія актывісты не зьбіраюцца. «Усё ж такі гэта мы ўпершыню ў Беларусі правялі фэстываль нацыянальнай культуры пад такой назвай», — заявіў Броўка.

Атрымаць камэнтар прэс-службы БРСМ пра тое, ці зьбіраецца гэтае моладзевае аб’яднаньне прапанаваць «Арт Сядзiбе» партнэрства для правядзеньня «Дня вышыванкі», а таксама ў якім фармаце пройдзе гэтае сьвята, пакуль не ўдалося.