Па выніках таргоў на беларускай валютнай біржы Нацбанк усталяваў на 22 студзеня прыкметна слабейшыя курсы беларускага рубля да асноўных замежных валютаў.
Даляр ЗША цяпер каштуе, паводле Нацбанку, 21 564 рублі, што больш на 1103 рублі (+5,39%) за курс днём раней. Эўра — 23 779 рублёў, альбо плюс 1388 рублёў (+6,2%).
Вырас нават расейскі рубель, які ад пачатку году трымаўся адносна стабільна адносна беларускага на фоне ўласнага падзеньня да даляра і эўра. Цяпер расейскі рубель роўны 260,24 беларускага, альбо плюс 3,27 рубля (+1,27%).
Ад пачатку году беларускі рубель упаў да даляра на тры тысячы, або 16%, да эўра — на 3480 рублёў, або 17%.
За ўвесь папярэдні, чацьвёрты тэрмін Лукашэнкі (кіраўнік Беларусі ўступіў у паўнамоцтвы 21 студзеня 2011 года чацьверты раз, а пяты раз — 6 лістапада 2015-га) даляр падаражэў да беларускага рубля ў 4,8 раза, эўра — у 3,67 раза.
На сёньняшні дзень даляр паўтарае лічбамі скачок 1997 году. 3 лютага 1997 году курс даляра падскочыў з 21 000 да 22 050. У канцы таго году курс дасягнуў 30 тысяч. Праз два гады, у канцы 1999 году, даляр дасягнуў 320 000 рублёў, з прычыны завялікай колькасьці нулёў на купюрах прыйшлося правесьці дэнамінацыю і адкінуць тры нулі.