Дробныя гандляры сабраліся каля полацкага гарвыканкаму, каб абмеркаваць, як далей змагацца з указам нумар 222, які ад 1 студзеня 2016 году забараняе ім працаваць без сэртыфікатаў на тавары.
Як паведаміў Свабодзе адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў у Полацку Генадзь Бердзянёў, прадпрымальнікі полацкага рынку зьбіраюцца аднесьці ў гарвыканкам зварот з просьбай адмяніць прэзыдэнцкі ўказ. Аднак ён сам адмовіўся ісьці да чыноўнікаў, бо не спадзяецца на іх разуменьне.
Генадзь Бердзянёў плянуе сустрэцца з гандлярамі Полацка і Наваполацка, каб супольна выпрацаваць больш актыўныя дзеяньні ў адстойваньні свайго права на працу:
Толькі плошчы ўлада будзе баяцца, а ня гэтых зваротаў. Людзей трэба рыхтаваць да ўсебаковых дзеяньняў і ціснуць на ўладу з усіх бакоў, дзеля таго, каб яна адмяніла гэты ўказ нумар 222.
«У асяродку прадпрымальнікаў ёсьць пэўны раскол: частка прадпрымальнікаў дзейнічаюць паводле ініцыятываў „Пэрспэктывы“ — нясуць чарговую „чалабітную“ чыноўнікам аб адмене ўказу нумар 222. Так, няхай будзе і „Пэрспэктыва“ — гэта таксама арганізацыя, але я не давяраю ні „Пэрспэктыве“, ні Шумчанку. Я настроены больш радыкальна, чым усе гэтыя звароты, лісты і „чалабітныя“ і таму я адмовіўся туды пайсьці. Я сустракаюся зь іншай часткай прадпрымальнікаў з Полацка, таксама прыедуць гандляры з Наваполацка. І я хачу растлумачыць людзям, што ня варта хадзіць да чыноўнікаў, ня варта маўчаць, што трэба выходзіць на плошчу. Іншымі словамі — трэба рабіць тое, чаго баіцца ўлада: улада баіцца плошчы. Толькі плошчы ўлада будзе баяцца, а ня гэтых зваротаў. Людзей трэба рыхтаваць да ўсебаковых дзеяньняў і ціснуць на ўладу з усіх бакоў, дзеля таго, каб яна адмяніла гэты ўказ нумар 222. Пара ўжо Лукашэнку набрацца мужнасьці і прызнаць, што так — гэты ўказ не працоўны, што памыліўся і выбачыцца перад людзьмі. Мы навучыліся зарабляць грошы, выжываць у складаных умовах і прыйшоў час нам арганізавацца. Таму будзем арганізоўвацца, тлумачыць, змагацца і перамагаць».
Паводле Генадзя Бердзянёва, сустрэча з прадпрымальнікамі на галоўнай плошчы Полацка адбудзецца апоўдні. Чакаецца, што ўдзел у ёй прымуць каля двухсот чалавек.