Акцыя мае на мэце збор грашовых сродкаў для беларускіх юнакоў, якія знаходзяцца ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў ва Ўкраіне. Адзін з ініцыятараў маратону Зьміцер Дашкевіч з гэтай нагоды паведаміў Свабодзе:
«Калі я пабываў ва Ўкраіне ў месцах баёў, то быў уражаны тым, што ўкраінскі ўрад ніяк не падтрымлівае гэтых змагароў за незалежнасьць і цэласнасьць краіны. Зь некаторымі з добраахвотнікаў я сустракаўся і, паводле іх словаў, сёньня разам з украінскімі вайскоўцамі супрацьстаяць прамаскоўскай агрэсіі некалькі дзясяткаў беларусаў. А таму ў мяне ўзьнікла такая ідэя: сабраць сродкі і перадаць нашым хлопцам, каб яны змаглі іх выкарыстаць на пэўныя патрэбы. На гэтую прапанову адгукнуліся мае паплечнікі, грамадзкія актывісты і проста патрыёты сваёй Бацькаўшчыны. Бо хто разумее, што такое Расея адносна Беларусі, таму ня трэба тлумачыць патрэбу ў такой падтрымцы. Бо баронячы Ўкраіну, беларускія хлопцы бароняць і Беларусь».
Паводле Зьмітра Дашкевіча, падчас акцыі адбудзецца аўкцыён, на які будуць выстаўленыя карціны, прапанаваныя мастаком Міхалам Анемпадыставым. Таксама ўдзел у імпрэзе прымуць барды Андрэй Мельнікаў і Зьміцер Захарэвіч. Дабрачынны маратон «Дапамажы беларускаму салдату» адбудзецца ў нядзелю, 24 студзеня ў сядзібе партыі БНФ, пачатак а 13.30.