Рэспубліканскаму грамадзкаму аб’яднаньню «Пэрспэктыва» адмоўлена ў памяшканьні для правядзеньня чарговага форуму прадпрымальнікаў 25 студзеня, паведаміў БелПАН старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка.
Паводле яго слоў, 16 студзеня «Пэрспэктыва» заключыла дамову з галоўным гаспадарчым упраўленьнем Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта аб арэндзе залі Міністэрства эканомікі ў Менску па адрасе: вуліца Мясьнікова, 39. У той жа дзень арэнда залі была аплачаная.
Аднак сёньня Шумчанку паведамілі, што ў арэндзе залі адмоўлена. Патлумачылі тым, што з 25 студзеня ў памяшканьні плянуецца правядзеньне калегіяў міністэрстваў «з удзелам першых асобаў».
Заля, у якой плянавалася правесьці чарговы прадпрымальніцкі форум, разьлічаная на 438 месцаў. Традыцыйна свае мерапрыемствы ў апошнія гады «Пэрспэктыва» праводзіла ў канфэрэнц-залі гатэлю «Беларусь», але на папярэднюю сустрэчу 11 студзеня, паводле ацэнак арганізатараў, сабралася каля паўтары тысячы прадстаўнікоў малога бізнэсу. Паводле Шумчанкі, гэта выклікала незадаволенасьць адміністрацыі гатэлю, і цяпер там згодныя на мерапрыемствы «Пэрспэктывы», калі колькасьць удзельнікаў не перавысіць 250.
Аб’яднаньне шукае ў Менску новую залю для правядзеньня форуму 25 студзеня. У якасьці варыянту разглядаецца ДК МАЗ.
На папярэднім форуме прадпрымальнікаў яго ўдзельнікі ў надзеі на рашэньне праблемаў ІП, зьвязаных з указам № 222 «Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі» дамовіліся не выходзіць на працу да правядзеньня наступнай сустрэчы.