Са студзеня байцы «Ісламскай дзяржавы» будуць атрымліваць удвая меншы заробак. Пра гэта паведамляюць мэдыі са спасылкай на сайт Aleppo24, які апублікаваў дакумэнт, паводле зьвестак сайту выдадзены ў «сталіцы» ІДзІЛ Рака. Ён датаваны студзенем 2016 года. У ім адзначаецца, што выплаты ўсім байцам, незалежна ад рангу, зрэзаныя на 50% у сувязі з «выключнымі абставінамі».
Аўтары дакумэнту са спасылкай на Каран нагадалі, што тыя, хто ступіў на шлях джыхаду, могуць разьлічваць на ўзбагачэньне сваёй душы. Развагі камандаваньня ісламістаў з гэтай нагоды ўтрымліваюць спасылкі на выказваньні сучасьнікаў і паплечнікаў прарока Мухамэда.
«Так што ў сувязі з выключнымі абставінамі, зь якімі сутыкнулася „Ісламская дзяржава“, было вырашана скараціць заробкі, якія выплачваюцца маджахедам, у два разы, ніхто ня можа разьлічваць на выключэньне» — гаворыцца ў распараджэньні, падпісаным «міністрам» Абу Мухамадам Аль-Мухаджырам. Калі гэты дакумэнт сапраўдны, гэта азначае сур’ёзны посьпех міжнароднай кааліцыі.
На днях «Ісламская дзяржава» пачала магутны наступ на Дэйр-Эз-Зор на паўночным захадзе Сырыі, адтуль паведамлялася ў масавых ахвярах сярод мірнага насельніцтва і вялікіх маштабах тэрору. Іншыя групоўкі ісламістаў пасьля баёў з урадавымі войскамі апынуліся блякаваныя на поўначы правінцыі Алепа.
Амэрыканскія афіцыйныя асобы абвясьцілі, што дзеяньні міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША прывялі да значнага разбурэньня інфраструктуры «Ісламскай дзяржавы».