Большасьць працаўнікоў Беларусі мае заробак менш за 6 мільёнаў

Амаль 60% беларусам, якія працуюць, у лістападзе 2015 году налічылі заробак, які не перавышае 6 мільёнаў рублёў.

Гэтыя дадзеныя зьявіліся 18 студзеня на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь. Разьмеркаваньне колькасьці работнікаў па памерах налічанай заработнай платы за лістапад 2015 году (сьвяжэйшых дадзеных у Белстаце пакуль няма) выглядае так:

Меней за 2 мільёны — 2,8%, 2–3 мільёны — 13,9%, 3–4 мільёны — 15,0%, 4–5 мільёнаў — 14,6%, 5–6 мільёнаў — 13,3%, 6–8 мільёнаў — 19,3%, 8–10 мільёнаў — 10%, Болей за 10 мільёнаў — 11,1% (Зь іх болей за 20 мільёнаў — 1,4%).

Эканаміст Міхась Залескі так пракамэнтаваў гэтыя лічбы Свабодзе:

Міхась Залескі

«Давайце скажам так: да 8 мільёнаў зарабляе бальшыня насельніцтва. І гэтай статыстыцы можна верыць, таму што апошнім часам налічаная заработная плата скарачаецца.

А калі перавесьці гэтыя сумы ў валюту — эўра альбо даляры, то мы ўбачым, што скарачэньне ідзе імкліва. Заробкі беларусаў фактычна абнуляюцца. І пра гэта можна сказаць адно — нічога добрага. А пэрспэктываў на паляпшэньне няма, бо для іх няма падставаў.

Заробкі і надалей будуць скарачацца. Я ўжо неаднойчы казаў: наш рэальны заробак — 130 даляраў. Усё астатняе — гэта пазыкі. Мы напазычаліся і праелі больш за 40 мільярдаў даляраў. І хто нам перашкаджаў працаваць? Чаму мы не займаліся работай?

Бо намі дрэнна кіравалі. Людзі займаліся абы-чым. Яны працавалі неэфэктыўна. Але ж нельга сказаць, што яны працавалі кепска. Чалавек можа ўпірацца, жылы рваць. Але гэта будзе пустая работа, бо прадукцыя не прадаецца.

А цяпер глябальнае падзеньне таварных цэнаў у сьвеце вядзе да наступнага. З аднаго боку, нашы нафтапрадукты будуць ня надта дарагія. З другога — наша прадукцыя купляцца будзе ня вельмі добра. З усіх бакоў будзе памяншэньне грошай».

Нацыянальны статыстычны камітэт у гэтым паведамленьні кажа таксама пра так званы дэцыльны каэфіцыент. Ён паказвае, у колькі разоў мінімальны ровень заработнай платы 10 працэнтаў найбольш высокааплатных работнікаў перавышае максымальны ровень заработнай платы 10 працэнтаў найменш аплатных работнікаў. У лістападзе 2015 году дэцыльны каэфіцыент склаў 4,1.

Найбольшы памер перавышэньня заработнай платы 10% высокааплатных работнікаў у параўнаньні з 10% нізкааплатных назіраўся ў сфэры апэрацыяў зь нерухомай маёмасьцю, арэнды і прадстаўленьня паслуг спажыўцам (у 7,5 раза); у сфэры дзейнасьці, зьвязанай з вылічальнай тэхнікай (у 6,1 раза); у галіне здабычы паліўна-энэргетычных карысных выкапняў (у 5 разоў).