«Такую страну развалілі»-2. Coming soon. Ужо неўзабаве

Севярын Квяткоўскі

– Што будзе, то будзе, і не такое перажывалі! – сталая кабета з Барысава камэнтуе пэрспэктыву беларускай эканомікі ў зьвязку з выхадам на сусьветны рынак іранскай нафты.

«Не такое перажывалі» я чую досыць рэгулярна, ад пачатку падзеньня беларускай эканомікі. І, вядома, – ад больш-менш сталых людзей. Яны памятаюць савецкі дэфіцыт і позьнесавецкія і раньненезалежніцкія чэргі ў крамах, калі дэфіцытам было ўжо абсалютна ўсё. Памятаюць эканамічны крызыс канца 1990-х. Але калі тое было?

Сьледам пайшлі больш за дзесяць гадоў «працьвітанія», калі даходы беларусаў павялічваліся ад месяца да месяца. А калі пачаўся эканамічны адкат, «не такое перажывалі» я чуў ня ў сэнсе, што «гатовыя вярнуцца ў вечны дэфіцыт». А, маўляў, «гэта ўсё не надоўга».

Nicolai Khalezin цьвердзіць, што мы назіраем зьмену эпохаў:

– Я кажу пра пераход ад вуглевадароднага сьвету да невуглевадароднага. І гэта цягне за сабою велічэзную колькасьць пераменаў, улучна з сацыяльнымі.

Тыя дзесяць гадоў «працьвітанія» мала хто задумваўся, адкуль у яго зьяўляецца прыбаўка да заробку. Што гэта расейскія вуглевадародныя грошы, якія трапляюць у Беларусь «у абмен на пацалункі» і якімі дзяржава, лічы – адзін чалавек, часткова дзеліцца з выбарцамі. Была такая формула – «я вам даю стабільны даход, а вы ня лезеце ў палітыку». І формула працавала.

Калі цяпер пачынаеш гаварыць пра тое, што ў Беларусі сацыяльныя зьмены непазьбежныя, рэгулярна чую адказы, маўляў, «гэта ўсё ўжо цягнецца больш за дваццаць гадоў». І што «будзе Коля», і нічога прынцыпова ня зьменіцца. Але ўжо зьмянілася.

Справа ня толькі ў нафце і падкормцы грашыма з Усходу, якой ужо ня будзе, прынамсі ў мінулых аб'ёмах. Падзеі ў суседняй Расеі разгортваюцца з такой хуткасьцю, што невядома, ці будзе неўзабаве там да каго ехаць па пазычку.

Мне здаецца, «мы гэта ўжо перажывалі» трэба аддаць гісторыі. Як і «гэта ўсё», якое «цягнецца». Так, вонкава дэкарацыі пакуль тыя самыя, але «гэта ўсё» ўжо зусім іншае.

У цытаванай на пачатку рэплікі сталай дамы ёсьць працяг. Цалкам яе камэнтар гучыць так:

– Хвіг зь ім! Што будзе, то будзе, і не такое перажывалі. Усьміхніся і выпі гарбаты з сухарыкам. І менш замарочвайся. За цябе ўжо ўсё вырашылі.

І так усё жыцьцё – «за цябе ўсё вырашылі»! Толькі насамрэч, сёньня пакуль ніхто нічога ня вырашыў, бо ня ведае, як будзе разгортвацца новая гістарычная сытуацыя і як яна адаб'ецца на канкрэтнай кабеце з Барысава. Невядома, адкуль яна будзе браць і гарбату, і сухарыкі таксама. Бо нядаўняга сацыяльнага кантракту больш няма.

Добра верыць у наканаванасьць і не турбавацца пра будучыню – пакуль ёсьць «сухарыкі». Цытаваная мною спадарыня, відаць, забылася, што дваццаць пяць гадоў таму ніхто нікому не дапамагаў. Прынамсі, звыклая апека дзяржавы зьнікла. Пакуль адны бегалі з крыкам «такую страну развалілі!», іншыя шукалі новыя для сябе магчымасьці.

Чаму б ужо сёньня не пачаць урэшце «замарочвацца» пра сваю краіну, і пра тое, якія могуць быць варыянты для таго, каб не згубіць у будучыні свае «сухарыкі». «Такую страну развалілі-2» набліжаецца зь неверагоднай хуткасьцю. Толькі ёсьць адрозьненьне. «Развалілі» набліжаецца да таго, у каго беларусы пазычалі, бо мы жывем у сваёй краіне.

Важным сацыяльным чыньнікам будзе стаўленьне да новай рэальнасьці тых, хто ня памятае, як «не такое перажывалі».

Бо замест «будзе што будзе» частка грамадзян можа паспрабаваць паўплываць на працэсы, што адбываюцца ў Беларусі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.