Паводле дадзеных Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі, у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне з розных бакоў удзельнічалі або ўдзельнічаюць каля 130 беларускіх грамадзянаў.
Такая інфармацыя прагучала ў праграме «Галоўны эфір» тэлеканалу «Беларусь 1» увечары 17 студзеня.
Цяпер супрацоўнікі МУС працуюць з «Тарасам», затрыманым у Менску жыхаром Пружанаў, які ваяваў на Данбасе больш за год. Да гэтага ён служыў у беларускай арміі. Ва Ўкраіне быў выведнікам, гранатамётчыкам, удзельнічаў у баях за аэрапорт у Данецку. Ён сьцьвярджае, што «на яго рахунку» да 100 чалавек, мае ўзнагароды за адвагу, за мужнасьць, за баявыя заслугі.
Затрыманы знаходзіцца ў ізалятары. Ёсьць інфармацыя, што маці маладога чалавека ведала, дзе знаходзіўся яе сын і чым займаўся.
Некалькі дзён таму МУС паведаміла, што ўжо сабрана 16 матэрыялаў праверак у дачыненьні да 24 грамадзян Беларусі, якія прымалі альбо прымаюць удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны ў складзе ўзброеных фарміраваньняў з абодвух бакоў канфлікту.
Генэральнай пракуратурай, Сьледчым камітэтам матэрыялы праверак вывучаюцца з мэтай даваньня прававой ацэнкі дзеяньням фігурантаў.