Жыхар Пружанскага раёну затрыманы па падазрэньні ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны.
Пра гэта паведаміў журналістам начальнік УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Фёдар Балейка.
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Пружанскага РАУС затрымалі мужчыну 11 студзеня ў Менску. Непрацуючы 35-гадовы жыхар Пружанскага раёну быў у вышуку за нявыплату алімэнтаў.
«Калі яго прывезьлі ў Пружаны, пачалі працаваць, высьветлілася, што ён прымаў удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей у складзе баявых атрадаў. Ма́е ўзнагароды, падаў гэтаму пацьверджаньне падчас апытаньняў. Дзеяньні яго будуць кваліфікавацца ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам», — цытуе БелТА Фёдара Балейку.
Паводле прадстаўніка абласной міліцыі, гэта не адзінкавы выпадак удзелу жыхароў Берасьцейскай вобласьці ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны. Некаторыя і цяпер там. Сярод іх ужо ёсьць і загінулыя. Праваахоўныя органы вядуць улік грамадзян, якія выяжджалі на тэрыторыю Ўкраіны з мэтай удзелу ў баявых дзеяньнях.
«Абсалютная большасьць зь іх у мінулым зьвязаная зь нейкім крыміналам», — адзначыў генэрал-маёр міліцыі.
Фёдар Балейка прывёў у прыклад нядаўні выпадак затрыманьня ва Ўкраіне ўраджэнца Берасьцейскай вобласьці па мянушцы «Маджахед», вядомага ў абласным цэнтры футбольнага фаната. Яго вінавацяць у шэрагу цяжкіх крымінальных злачынстваў. Пасьля яго затрыманьня ва Ўкраіне берасьцейскія праваахоўнікі правялі ператрусы па ранейшым месцы яго пражываньня. Былі канфіскаваныя выбуховыя прылады (гранаты).
У сьнежні мінулага году міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч паведаміў, што Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі накіравала ў Сьледчы камітэт матэрыялы на завядзеньне крымінальных спраў супраць 12 удзельнікаў баявых дзеяньняў у Данбасе. Прычым гэта тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях з абодвух бакоў.Міністар Шуневіч дадаў, што пасьля таго, як на менскім чыгуначным вакзале затрымалі ўдзельніка баявых дзеяньняў ва Ўкраіне (тактычная група «Беларусь» палічыла гэтае затрыманьне правакацыяй), міліцыя пачала больш уважліва адсочваць сытуацыю.
Раней Шуневіч папярэджваў, што супраць беларусаў, якія ваююць на Данбасе, могуць пачаць крымінальны перасьлед. Тады ён казаў пра «дзясяткі грамадзянаў». На яго заяву тады адказала тактычная група «Беларусь» у складзе «Правага сэктару»: маўляў, беларусы, якія сёньня бароняць Украіну, бароняць і Беларусь.