Мытнік Гагарын

Алесь Юркойць, мытнік па мянушцы Гагарын

Піша блогер Волат.

Жыў-быў мытнік. Працаваў ён доўга, ажно ад самага пачатку станаўленьня незалежнасьці Беларусі.

Мытнік той быў незвычайны, не такі, як усе мытнікі. І размаўляў ня так, і паводзіў сябе па-іншаму. Легенды хадзілі пра мытніка, маўляў, дзівак, з усімі па-беларуску гамоніць. І ня проста на трасянцы, а прыгожа літаратурна. Пры тым не нахабна, без фанабэрыі і пыхі, без напругі для іншых.

Пазнавалі мытніка, хоць зьмяніў ён шмат мытных пастоў за ўвесь час. Нават мянушку далі яму – Гагарын, маўляў, першы, хто так беларушчыну прасоўвае на раёне.

Ня меў Гагарын і праблем з начальствам. Сьпяваў у хоры мытнага камітэту, ладзіў імпрэзы, меў вялікую павагу як вопытны і сумленны працаўнік.

Бывала, адстойваў правы калег і інавацыі ў спрашчэньні мытнай сыстэмы. Бывала, расчароўваўся і перажываў за вузкалобасьць гэтай сыстэмы. Усяго было за доўгія гады працы. У начальнікі Гагарын ніколі ня рваўся, але меў вялікі аўтарытэт.

Добра да яго ставіліся мясцовыя раённыя ўлады, бо як што трэба зладзіць на культурную тэму, дык найлепшым арганізатарам быў ён. Нават чалавекам году аб’явіла яго аднойчы асамблея няўрадавых арганізацый.

Сёньня трэба працаваць на культуру, – любіў паўтараць Гагарын. – Культура захавае сувэрэнітэт Радзімы.

Здавалася, навошта яму гэта ўсё, працаваў бы сабе па-ціхаму, як астатнія. Глядзіш, і капітал бы скалаціў і зь вёскі пераехаў у горад. «Шыфруецца», думалі пра яго дасужыя і памыляліся. Бо тысячы людзей, якія ведаюць Гагарына, і цэняць яго за тое, што капітал ягоны – ягоная дзейнасьць і ён сам, ягоная філязофія: радуйся малому дасягненьню і пазьбягай зла.

Можа з-за гэтага не кранулі яго шматлікія рэпрэсіі, што касілі амаль поўны склад мытных пастоў на працягу гэтых 25 гадоў. Перажыў Гагарын не аднаго старшыню мытнага камітэту, злачынныя групы, росквіт і заняпад кантрабанды. На пальцах можна пералічыць, колькі засталося на мытні людзей з такой выслугай дзяржаве, як у яго.

Гагарын працягваў працаваць і не зьбіраўся сыходзіць, пагатоў да пэнсіі заставалася паўтара года. На пэнсіі была ў яго мара адкрыць сваю майстэрню каля хаты і вырабляць беларускія сувэніры. Ня лапці ды матрошкі, а інтэлектуальныя, зьвязаныя з тысячагадовай гісторыяй нашай дзяржаўнасьці.

Але вось на табе. Прыехалі і да яго людзі ў цывільным. Зьбірайся ў дарогу. У Амэрыканку.

Гагарын добра ведаў гэтых людзей і яны яго ведалі. Бо раён малы, а наш мытнік чалавек знаны. Напэўна, і сорамна ім было яго забіраць, але сыгнал паступіў зьверху. Не знайшлі ў яго хаце ні грошай, ні скарбаў, калі не лічыць кнігі – вельмі шмат кніг. А яшчэ – трох маленькіх беларускамоўных дачурак.

І пасадзілі мытніка. Разам з усёй мытнай зьменай, сорак чалавек.

Сядзіць ён месяц, паўгода, год. Сядзіць на падставе аднаго ўскоснага даносу чалавека, які ўжо і адмовіўся ад сваіх словаў. Водзяць на допыты мытніка, а доказаў злачынства як не было, так і няма. Ні пад арганізаваную злачынную групу, ні пад групу асобаў ён не падпадае. Але як жа адпусьціць? Чалавек сядзіць – значыць, вінаваты. Аксіёма. Так проста ня садзяць людзей у турму.

Вось і кіраўнік дзяржавы сказаў ясна – амаль усе вінаватыя. Амаль – гэта значыць, што ёсьць выключэньні. Ці выдаткі ў працы сьледчых. Бо ім галоўнае – ня даць маху. А калі памылка і, ня дай бог, выпусьцяць вінаватага, гэта ж мінімум вымова сьледаку, а то і з працы папруць, дый дзяржаве адны выдаткі. Бо калі памылка, калі невінаваты, дык і на працы трэба аднавіць і кампэнсацыю выплаціць. А самае цяжкае – прабачэньня папрасіць, хоць гэтага КПК і не патрабуе. Словам, трэба хоць як, але справу да суду дацягнуць, а там хоць што, але ўшпілім яму, Гагарыну. Будуць жа матэрыялы праслушкі, дзе той з гэтым размаўляў, а значыцца, ня ведаць пра хабары ня мог.

Ну вядома, трэба каб і судзьдзя падключыўся да справы і на падставе ўскосных доказаў прыняў валявое рашэньне. Карныя органы павінны адну справу важна-дзяржаўную рабіць. А прынцып незалежнасьці і справядлівасьці судоў – дзе вы пра такое начыталіся? Што ён чалавек добры і заслужаны ў культуры, мы ўсё разумеем, але як зьверху скажуць, так і будзе.

Маці Радзіма яшчэ народзіць новых мытнікаў. Пагатоў ужо новых набралі, моладзь – хай гадуюцца. Дрэнна, вядома, што даводзіцца здалёк вазіць, нават зь Менску. Але ж асьцярожныя гэтыя ашмянскія, астравецкія, смаргонскія людзі. Наглядзеліся на пасадкі сваякоў, дык і ня рвуцца на такія ганаровыя пасады. Ну й халера зь імі, знойдуцца людзі зь іншых раёнаў.

А пра Гагарына ўжо толькі пагалоска ходзіць. Кажуць, шмат у Астравецкім раёне культурніцкіх імпрэзаў зладзіў. Помнікі вядомым беларусам ставіў, фэстывалі арганізоўваў, рэстаўрацыю вежаў, фрэскаў, краязнаўчыя чытаньні праводзіў, дзецям лекцыі чытаў пра гісторыю краю, кнігі дапамагаў выдаваць, экскурсіі ладзіў, вечарыны вядомых паэтаў, шмат каму дарослым і дзецям прышчапіў любоў да бацькаўшчыны, да Радзімы.

Але гэта мінулае.

Паляцеў у космас беларускі Гагарын. Спачатку наведаў Амэрыканку, пасьля Валадарку. Вялікі беларускі космас, шмат у ім плянэт. Усіх хіба і ня зьлічыш. І толькі адно ў беларускім космасе сонца – свабода.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.