Аляксандар Лукашэнка даручыў сілавым органам «імгненна» разьбірацца з баевікамі, якія ваявалі ва Ўкраіне з таго ці другога боку.
«Некаторыя так званыя сьмелыя людзі, якія ваявалі ў Данбасе, пазіруюць ўжо ў Менску са зброяй. Ніякіх пазёраў, ніякіх баевікоў у краіне быць не павінна», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з нагоды зацьвярджэньня рашэньня пра ахову дзяржаўнай мяжы органамі памежнай службы.
Яго цытуе агенцтва БелТА.
Лукашэнка падкрэсьліў, што «стаўленьне да такіх ваякаў, якія ваявалі ва Ўкраіне на тым ці іншым баку, вядомае». У сувязі з гэтым ён зьвярнуўся да прысутных на нарадзе:
«Разьбірайцеся імгненна разам зь міліцыяй і КДБ».
Раней міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў, што ў дачыненьні да беларусаў, якія ваююць на Данбасе, могуць быць распачатыя дзясяткі крымінальных спраў.