Ці Брусэль «нахіліць» Варшаву?

Эўрапейская камісія 13 студзеня правядзе пасяджэньне, на якім абмяркуе канфліктную сытуацыю ў Польшчы.

Паводле зьвестак Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung, эўракамісары на гэтым пасяджэньні хочуць запачаткаваць працэдуру вывучэньня таго, ці Польшча прытрымліваецца прынцыпаў прававой дзяржавы. Працэдура такога вывучэньня, фармальна магчымая ў дачыненьнях Эўракамісіі з краінамі-ўдзельніцамі Эўразьвязу ад 2014 году, будзе, на думку згаданай газэты, запушчаная ўпершыню якраз у дачыненьні да Польшчы. У цэнтры ўвагі Брусэлю знойдзецца цяперашні канфлікт вакол Канстытуцыйнага трыбуналу Польшчы.

Колькі трэба канстытуцыйных судзьдзяў — 10, 13, 15, 18?

Канстытуцыйны трыбунал у Польшчы — незалежны ад выканаўчай і заканадаўчай улады канстытуцыйны орган, які разглядае законы і міжнародныя дамовы дзяржавы на прадмет іх адпаведнасьці Канстытуцыі. Трыбунал складаюць 15 судзьдзяў, кожнага зь якіх назначае Сэйм — ніжэйшая палата польскага парлямэнту — толькі на адзін тэрмін працягласьцю 9 гадоў.

Нядобрае з Канстытуцыйным трыбуналам пачалося 8 кастрычніка летась, калі папярэдні Сэйм, у якім большасьць мела Грамадзянская плятформа, на сваім апошнім пасяджэньні назначыў 5 судзьдзяў на месца тых, чый тэрмін канчаўся ў 2015 годзе. Загвоздка была ў тым, што ў двух судзьдзяў тэрмін заканчваўся ў сьнежні, ужо пасьля заканчэньня тэрміну папярэдняга Сэйму. Інакш кажучы, паводле закону гэтых двух судзьдзяў павінен быў прызначаць новы Сэйм, які палякі абралі 25 кастрычніка і ў якім абсалютную большасьць атрымала Права і справядлівасьць.

Анджэй Дуда — прэзыдэнт Польшчы, абраны ад Права і справядлівасьці ў траўні 2015 — не прыняў прысягі ад пяці судзьдзяў, прызначаных папярэднім Сэймам. У пачатку сьнежня новы склад Сэйму назначыў 5 новых судзьдзяў, лічачы, што прызначэньне ў кастрычніку было неправамоцнае. І гэтыя новыя судзьдзі склалі прысягу перад прэзыдэнтам.

На дадзены момант сытуацыя з Канстытуцыйным трыбуналам Польшчы моцна заблытаная. Старшыня гэтага трыбуналу, Анджэй Жэплінскі, лічыць, што паўнапраўных судзьдзяў у ім васемнаццаць — дзесяць ранейшых, трое выбраных папярэднім Сэймам у кастрычніку і пяцёра выбраных цяперашнім Сэймам у сьнежні. Але працаваць у судзе старшыня дазваляе толькі 10 судзьдзям, да прызначэньня якіх ні ў каго няма прэтэнзіяў. Палітыкі Права і справядлівасьці лічаць, што Канстытуцыйны трыбунал укамплектаваны, то бок мае дакладна 15 судзьдзяў: 10 старых і 5 новых, выбраных імі ў сьнежні. Каб заблякаваць прыманьне правамоцных рашэньняў 10-асабовым складам, Сэйм у сьнежні прыняў папраўку ў закон аб Канстытуцыйным трыбунале, паводле якой правамоцнае рашэньне могуць прыняць як мінімум 13 судзьдзяў.

Цікава, ці эўракамісары здолеюць разабрацца ва ўсіх гэтых польскіх юрыдычна-палітычных закавыках, якія ўжо больш чым месяц зьяўляюцца адной з галоўных тэмаў у польскіх СМІ...

Якія СМІ — публічныя ці нацыянальныя?

Назначэньне новых судзьдзяў у Канстытуцыйны трыбунал — гэта толькі адна прычына цяперашняга палітычнага канфлікту ў Польшчы і занепакоенасьці эўракамісараў у Брусэлі. Другая ня менш важная прычына — папраўлены закон аб публічных СМІ, які пад канец сьнежня прынялі дэпутаты Права і справядлівасьці.

Пасьля падзеньня камунізму ў Польшчы дзяржаўныя тэле- і радыёканалы былі ператвораныя ў гэтак званыя публічныя СМІ. Праграмную палітыку публічнага вяшчаньня вызначала 5-асабовая Рада па пытаньнях радыё- і тэлевяшчаньня, у якую Сэйм і прэзыдэнт назначалі па дзьве асобы, а Сэнат адну. Тэрмін паўнамоцтваў сябра гэтай Рады — 6 гадоў. Гэтая Рада таксама прызначала назіральныя рады паасобных радыё- і тэлеканалаў, а назіральныя рады, у сваю чаргу, вызначалі пэрсанальную палітыку ў публічным вяшчаньні. Структура і працэс кіраваньня сфэрай публічных СМІ былі даволі складанымі, але гэтыя СМІ па-свойму адлюстроўвалі палітычны расклад у краіне.

Дэпутаты Права і справядлівасьці прынялі папраўкі ў закон, ствараючы 5-асабовую Раду нацыянальных мэдыяў для праграмнай палітыкі і аддаючы рычагі пэрсанальнай палітыкі ў рукі міністра дзяржаўнай маёмасьці (minister skarbu). Публічныя СМІ раптам сталі залежнымі ад ураду. Журналісты цяпер баяцца палітычнай чысткі ў публічных СМІ, якія сталі «нацыянальнымі».

Абноўлены закон пра публічныя СМІ — гэта толькі першы крок трансфармацыі сфэры публічнага вяшчаньня, якую задумала кіроўная партыя Яраслава Качынскага. Новы закон аб СМІ парлямэнцкая большасьць абяцае прыняць яшчэ ў першай палове 2016 году.

Ці паменшала дэмакратыі ў Польшчы?

Прызначэньне новых судзьдзяў у Канстытуцыйны трыбунал і зьмена правілаў кіраваньня публічнымі СМІ выклікалі ў Польшчы вулічныя дэманстрацыі як апанэнтаў гэтых зьменаў, так і іх прыхільнікаў. Ніхто гэтых дэманстрацый не разганяе дубінкамі, на нікога польская паліцыя не складае пратаколаў за мацюканьне ў публічным месцы. Можна сказаць, што палякі праз гэтыя вулічныя акцыі атрымалі новы штуршок для зацікаўленьня грамадзкім і палітычным жыцьцём краіны. Гэта несумненныя плюсы цяперашняй канфліктнай сытуацыі.

Мне асабіста падаюцца моцна перабольшанымі галасы з Захаду, якія ў цяперашніх дзеяньнях Права і справядлівасьці бачаць «разбурэньне дэмакратычных асноваў» Польшчы (брытанскі публіцыст Ціматы Гартан Эш) ці «небясьпечную пуцінізацыю эўрапейскай палітыкі» (старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц). На маю думку, нічога такога пакуль не назіраецца. А што назіраецца?

На зьмену лібэральнай, цэнтрысцкай і праэўрапейскай Грамадзянскай плятформы прыйшла да ўлады ў Польшчы — зусім дэмакратычным шляхам — кансэрватыўная, правая, эўраскептычная і пракаталіцкая партыя Яраслава Качынскага, які ніколі не скрываў свайго перакананьня, што працэс палітычнай трансфармацыі ў краіне пасьля 1989 году ня быў закончаны. Гэтак званая «трэцяя Рэч Паспалітая», народжаная з кампрамісу паміж «Салідарнасьцю» і камуністамі, павінна, паводле Яраслава Качынскага, быць замененая «чацьвёртай Рэччу Паспалітай» з новай канстытуцыяй і новымі законамі, якія адпавядалі б інтарэсам польскага народу, а не інтарэсам палітычнай клясы ці «бюракратам у Брусэлі». Атрымаўшы летась жаданую перамогу на прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах, Яраслаў Качынскі распачаў рэалізацыю выпеставанай сабою трансфармацыі. Праўда, Права і справядлівасьць ня мае ў Сэйме канстытуцыйнай большасьці, каб зьмяніць Канстытуцыю (дзеля гэтага патрэбна большасьць 3/5 дэпутатаў), але недабор дэпутатаў — гэта, так сказаць, «тэхнічная праблема», якую Права і справядлівасьць, як здаецца, можна лёгка вырашыць...

Пра мінусы. Права і справядлівасьць распачала палітычную трансфармацыю ў краіне ў вельмі дрэнным стылі — паседжаньні Сэйму адбываюцца позна вечарам ці нават ноччу, прэзыдэнт падпісвае законы або прымае прысягу ад судзьдзяў пасьля поўначы ці нават над раньнем. Палітычнае жыцьцё ў сёньняшняй Польшчы адбываецца «пад покрывам ночы» і нярэдка патыхае сюррэалізмам. Але пакуль народ ня скажа рашучае «не» гэтай практыцы, Яраслаў Качынскі і ягоная партыя маюць поўную дэмакратычную легітымнасьць для правядзеньня сваёй палітыкі.

Мне не падабаецца ні эўраскептыцызм, ні клерыкальны душок партыі Яраслава Качынскага. Мне не падабаецца палітычны стыль Права і справядлівасьці. Але ўсё гэта — таксама дэмакратыя. Пакуль я ўпэўнены, што выбарчыя бюлетэні у Польшчы лічаць сумленна, а сваё незадавальненьне вынікамі выбараў або галасаваньнем у Сэйме я магу свабодна выказаць ці нават пракрычаць на вуліцы — усё, па-мойму, у парадку. Незадаволеным трэба чакаць наступных выбараў.

Ахвяры цяперашняй палітыкі

Зразумела, што кансэрватыўная і эўраскептычная праграма партыі Яраслава Качынскага зусім не на руку ні кіраўніцтву Эўразьвязу, ні лібэральным урадам у Заходняй Эўропе. Асабліва выразна відаць непрыхільную рэакцыю на дзеяньні Права і справядлівасьці з боку нямецкіх палітыкаў.

Камісар Эўразьвязу Гюнтэр Этынгер у інтэрвію згаданаму выданьню Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung сказаў, што, на яго думку, 13 сьнежня Эўракамісія выкажацца за тое, каб паддаць Польшчу «нагляду» ў сувязі з папраўкамі ў закон аб публічных СМІ. Міністар справядлівасьці Польшчы Зьбігнеў Зёбра адказаў эўракамісару ў церпкім адкрытым лісьце, дзе напісаў сярод іншага, што яго дзед у 1939 годзе ўжо змагаўся супраць «нямецкага нагляду» за Польшчай...

Уся гэтая цяперашняя перапалка паміж Варшавай і Бэрлінам дае бонусы перш за ўсё Маскве. Адносіны паміж Масквой і Варшавай замарожаныя на вельмі нізкім узроўні. Нагадаем, што палітыкі Права і справядлівасьці прытрымліваюцца тэорыі, што гэта Дональд Туск і Ўладзімер Пуцін падстроілі катастрофу польскага прэзыдэнцкага самалёта каля Смаленску ў 2010 годзе. Нічога не паказвае, што ў польска-расейскіх стасунках можа наступіць нейкае пацяпленьне ў бліжэйшыя гады, калі пры ўладзе будзе Права і справядлівасьць. Вельмі імавернае пагаршэньне польска-нямецкіх адносінаў у цяперашні пэрыяд — гэта, безумоўна, маргіналізацыя ролі Польшчы на эўрапейскай арэне. І тут для Яраслава Качынскага трэба сем разоў адмераць, пакуль шыць касьцюм на інаўгурацыю «чацьвёртай Рэчы Паспалітай»...

І яшчэ адна відавочная ахвяра цяперашняй польскай палітыкі, больш пэрсаналізаваная: прэзыдэнт Анджэй Дуда. Пакуль што, Анджэй Дуда — гэта не палітык, а ўсяго рука зь пяром дзеля падпісваньня таго, што яму падсоўвае лідэр Права і справядлівасьці. Пры такім цяжкавагавіку як Яраслаў Качынскі Анджэю Дуду будзе вельмі цяжка зазначыць сваю прысутнасьць у палітыцы. У кожным разе, ён пакуль не спрабаваў гэтага рабіць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.