Новыя правілы ліцэнзаваньня, зацьверджаныя прэзыдэнцкім указам № 475, пагражаюць масавымі звальненьнямі працаўнікоў прыватных мэдцэнтраў.
Пра гэта заявілі ў прэс-службе Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.
Паводле ўказу ў штаце прыватнай арганізацыі павінны працаваць толькі спэцыялісты з мэдычнай адукацыяй, якія маюць першую або вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю.
У Бізнэс-саюзе лічаць, што гэта прывядзе да звальненьня з прыватных мэдычных арганізацыяў каля 20% лекараў, прыкладна траціны зубных тэхнікаў і больш як 50% мэдсясьцёр. У цэлым па ўсёй краіне агульнае скарачэньне мэдработнікаў складзе прыкладна 3–3,5 тыс. чалавек.
Прадпрымальніцкія саюзы зьвярнуліся да першага віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага і віцэ-прэм’ера Натальлі Качанавай з прапановай перагледзець падыходы да ліцэнзаваньня мэдычнай дзейнасьці, паведамляе Інтэрфакс.