Ватыкан распавёў пра кнігу Папы Рымскага Францішка «Імя Бога — Міласэрнасьць», якая 12 студзеня будзе прадстаўленая публіцы ў 86 краінах свету.
100-старонкавая кніга заснаваная на дыялёгах Папы з італьянскім журналістам Андрэа Тарніэлі, паведамляе ВВС.
Кніга прысьвечаная развагам Папы пра сутнасьць міласэрнасьці Божай, пра важнасьць міласэрных адносінаў да выгнаньнікаў грамадзтва, — да прыкладу, зьняволеных.
У лістападзе мінулага года Ватыкан ўхваліў выхад у сьвет альбому з кампазіцыямі, якія ўяўляюць сабой пакладзеныя на музыку выбраныя прамовы пантыфіка. Крыху раней на шэраг моваў была перакладзеная кніга пантыфіка для дзяцей, складзеная зь лістоў да Папы юных каталікоў з розных краінаў і яго адказаў ім.