Сем дзён бяз расейскага легпраму

Газэта Магілёўскага гарвыканкаму напісала пра найвялікшы падарунак для прадпрымальнікаў у новым годзе. Сем дзён бяз расейскага легпраму

Сем дзён як уступіў у сілу прэзыдэнцкі ўказ № 222. Згодна зь ім прадпрымальнікам дазволена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў. Гэты ўказ паралізаваў працу гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў. Цягам сямі дзён на працоўныя месцы гэтак і ня выйшла большасьць прадпрымальнікаў і іх гандляроў.

Амаль усе павільёны гандлёвых цэнтраў Магілёва застаюцца зачыненыя. Нямала прадпрымальнікаў за прамінулыя сем дзён рэшту тавару і абсталяваньне з павільёнаў павывозілі. У некаторых засталіся без адзеньня толькі манэкены.



«Паеду ў Расею, бо тут няма куды мне падзецца. Дзеці малыя, трэба іх гадаваць за нешта», разьбіраючы мэблю ў павільёне камэнтуе сытуацыю прадпрымальнік аднаго з гандлёвых цэнтраў Магілёва.

«Тут мне наагул не даюць працаваць, але я столькі гэтай дзяржаве заплаціў, што толькі сьлёзы паварочваюцца на вачах. Мне падаецца, што беларускія чыноўнікі, прымаючы бяздумныя законы, толькі шкодзяць эканоміцы», — заяўляе прадпрымальнік.

«Мы плацілі па 11 мільёнаў падаткаў, задыхаліся, але плацілі. Я падлічыў, што за мінулы год ня выйшаў нават на нуль гандлюючы, але гэта мае праблемы і я нікому не скарджуся, — абураецца суразмоўца. — Я пазычаю, бяру крэдыты, але прашу аднаго не перашкаджайце нам. Нават, калі нас усіх перадушаць гэта не уратуе лёгкай прамысловасьці. Прадпрыемствы гэтай галіны ніколі ня стануць працаваць лепей у цяперашніх умовах. Там вырабляюць прадукцыю і ня думаюць, куды яна ідзе далей».

Павільёны без тавару.



Наступны суразмоўца, таксама прадпрымальнік, зазначыў: за апошнія паўтары гады значна зьменшылася купчая здольнасьць насельніцтва. «Заводы спыняюцца, людзі скачаюцца, заробкі мізэрныя», даводзіць ён.

З развагаў бізнэсоўцы вынікала, што ўлада не пралічыла наступстваў ад 222 указу, які толькі пагоршыў сытуацыю.

«Нам зрабілі прапанову распрадацца, але каму распрадацца? Калі ўсё распрадаваць, дык трэба ж цану зьніжаць у дзесяць разоў, але прадаючы тавар, я маю з гэтага заробак. Дык, чаму нехта мусіць мне ўказваць як і што мне прадаваць», — разважае прадпрымальнік.

На ягоную думку бліжэйшым часам «пэўная група тавараў для маламаёмаснага насельніцтва зьнікне, а новы тавар, які зьявіцца, будзе значна даражэйшым і асартымэнт бяднейшым».

«Цяпер нашы пакупнікі проста паедуць у Смаленск па тавары і павязуць туды валюту. Акрамя таго дзяржава не атрымае ад падаткаў. Я ня бачу тут пазытыву. Сытуацыя будзе толькі пагаршацца. Чалавека не прымусіш набываць тое, што ён не ўпадабаў», робіць высновы прадпрымальнік.

Паводле суразмоўцы расейскім прадпрымальнікам ня маюць вялікага інтарэсу працаваць зь беларускімі калегамі, бо яны купляем у іх тавар малыя партыямі. «Дык навошта ім займацца пошукам дакумэнтаў для нас», зазначае магілёўскі прадпрымальнік.

Наведнікі гандлёвых цэнтраў за сем дзён гэтак і ня звыкліся з зачыненымі павільёнамі. Тыя з пакупнікоў, які маюць патрэбу нешта прыдбаць, ледзьве ня кожны дзень наведваюцца ў цэнтры са спадзевам, што сытуацыя зьмянілася.

"Пра ўказ ведалі, чыталі пра яго, але сытуацыя тут непрыемная і мы зьдзіўленыя. Прыйшлі на закупы, а тут усё зачынена — рэагуе на пытаньне журналіста маладая пара. — Давядзецца цяпер, як настойваюць, адзявацца ўва ўсё беларускае. Паедзем у Смаленск, ва Ўкраіну. 95 працэнтаў беларускіх прадпрымальнікаў ня выйшлі на працу. А гэта не заплачаныя падаткі. Гэта ж мільярды будуць рублёў. няўжо дзяржаве не патрэбныя гэтыя грошы?



Наступныя суразмоўцы, муж і жонка, прыйшлі купіць дзецям абнову, але ўбачылі зачыненыя павільёны. Іх сытуацыя зьдзівіла, але нэгатыўнага стаўленьня да прадпрымальнікаў яны ня выказалі.

«Дык ім жа не даюць працаваць. «Падаткамі абклалі, таму і зачыняюцца» — выказваецца глава сямейства. «Ім ня выгадна працаваць», — дадае ягоная жонка.

«Нас змушаюць купляць беларускае, але, вы ж самі бачылі відаць, што там няма выбару. І цэны завысокія. Прасьцей купіць на рынку, чым наша, беларускае. Чаму нашы ня могуць зрабіць цэны даступныя. Будзем езьдзіць у Расею купляць. А выйсьця няма. Давялі нашу крану да гэткай рысы, а нам тут жыць», абураюцца наведнікі гандлёвага цэнтру.

Новы год не прынёс прадпрымальнікам радасьці, толькі клопат



Гандляры зь нешматлікіх адчыненых павільёнаў не гаваркія. На іх тавар ёсьць неабходная дакумэнтацыя. Тыя хто наважыўся на гутарку прызналіся, што пакупнікоў, нягледзячы на большасьць зачыненых павільёнаў, у іх ня стала болей.

«Ды наагул апошні год мала, што купляюць людзі. Купчая здольнасьць насельніцтва ўпала», зазначае адзін з гандляроў.

На ягоную думку сытуацыя з зачыненымі павільёнамі зь цягам часу нармалізуецца.

«Адчыняцца гуртавыя склады ў Менску, напрыклад. І нашы будуць там купляць. Цягам году сытуацыя нармалізуецца, — выказаў меркаваньне суразмоўнік і дадаў: «Мы працуем з Эўрапейскай фірмай. Нам даюць усе дакумэнты. Праблемаў з гэтым няма».

На рэчавых рынках гораду таксама няшмат гандляроў. Пакупнікі блукаюць між зачыненых павільёнаў. Гандляры не гаваркія. Некаторыя заяўляюць, што не зьбіраюцца зачыняцца, як іх калегі, бо дакумэнты на гандаль у іх у парадку.

«Пакуль мае калегі распрадавалі, нібыта, рэшту тавару, падвозячы новы, я два гады шукала неабходныя дакумэнты. Цяпер я працую спакойна. Я ня бачу неабходнасьць мітынгаваць», патлумачыла сытуацыю адна з прадпрымальніц на Грабянёўскім рынку.

На сходзе прадпрымальнікаў Віленскага рынку было заяўлена, што дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу № 222 бізнэсоўцы разглядаць ні як праяву ўнутранай палітыкі дзяржавы, а як пытаньне эканомікі. За сем дзён толькі на Віленскім рынку прадпрымальнікі наважыліся, каб выказаць нязгоду з увядзеньнем указу. На сход сабралася тры дзясяткі гандляроў.

Газэта магілёўскага гарвыканкаму пра самы вялікі падарунак прадпрымальнікам



У афіцыйных паведамленьнях пра тое, што большасьць прадпрымальнікаў гандлёвых цэнтраў і рынках не працуюць ня згадвалася цягам сямі прамінулых дзён. У адным з нумароў газэты магілёўскага гарвыканкаму «Веснік Магілёва» у рубрыцы «Сюрпрызы новага году» зазначана, што «прадпрымальнікі атрымалі самы вялікі падарунак». Дзяржаўнае выданьне згадвае сэртыфікацыю тавараў і прагназуе: «Для пакупнікоў гэта азначае, што асартымэнт таннай адзежы звузіцца, а цэны на тую, што засталася, павялічацца».