Турэмныя песьні і іх выканаўцы. Ад «Муркі» да рэпу (ч.2)

Ілюстрацыйнае фота: адзін з выхаванцаў Магілёўскай спецыяльнай школы для цяжкіх падлеткаў гуляе на гітары. 29 траўня 1998 году

Ад многіх былых зьняволеных даводзіцца чуць, што Новы год ды Каляды за кратамі — гэта вельмі сумныя дні, бо сярод сядзельцаў шмат самотных людзей. Адным з тых чыньнікаў, што падтрымлівае ў такі час ёсьць музыка, песьня. Сёньня мы працягнем размову пра турэмную песенную творчасьць і яе выканаўцаў. Госьць «Свабоды ў турмах» — былы палітвязень і знаўца жанру Ўладзімер Някляеў.

Пасьля сьмерці Сталіна, у часы праўленьня Мікіты Хрушчова і Леаніда Брэжнева блатныя песьні, у тым ліку Леаніда Ўцёсава, ужо не тыражаваліся на кружэлках і не гучалі па радыё. Новыя песьні пра турму нараджаліся ў андэграўндзе, гучалі на нелегальных канцэртах, выканаўцы сьпявалі без аркестру, у суправаджэньні найчасьцей гітары. (Пазьней паэт, бард, актор Уладзімер Высоцкі, чые продкі, дарэчы, паходзяць зь Беларусі, назаве той час «гітарным векам»). «Каралём жанру» ў 1950–1960-я лічыўся Аркадзь Северны, які хоць у месцах пазбаўленьня волі не бываў, але ўсе крымінальнікі лічылі яго «сваім».

«Гітарны век» і «катушачнікі»

Уладзімер Някляеў

У канцы 1960-х у дамах савецкіх людзей зьявіліся айчынныя магнітафоны-катушачнікі. На іхніх бабінах днямі круціліся, можа, сотыя копіі гэтых паўзабароненых уладамі песень. Менавіта ў тыя гады ў такім магнітафонна-стужкавым стане да сваёй публікі прыйшоў Уладзімер Высоцкі. Песьні гэтага маскоўскага актора і барда былі ўжо ня толькі пра зону, арышты, міліцыю, зладзейскую дружбу, хоць і пра гэта таксама, але пра ўбачаныя інакш, а ня так, як было прынята бачыць, нядаўнюю вайну, перамогу, штрафнікоў, дзяцей пасьляваеннага пакаленьня, шмат што іншае. Вялікім шчасьцем у тыя часы было трапіць на канцэрты Ўладзімера Высоцкага, дзе рэдка калі абыходзілася без пытаньня, на якіх зонах матаў свой тэрмін ён.

Уладзімер Някляеў бываў на такіх сустрэчах.

Your browser doesn’t support HTML5

Уладзімер Някляеў пра канцэрт Высоцкага

Някляеў: «Я вучыўся ў Літынстытуце і пазнаёміўся з Уладзімерам Высоцкім. Не скажу, што надта блізка, але да такой ступені, што аднойчы ён запрасіў мяне на свой канцэрт у Падмаскоўі, у Пушкіне. І там сходка, ня сходка злодзеяў у законе, але нешта падобнае да яе адбывалася. І яго там успрымалі як свайго абсалютна. І ўстаў адзін чалавек і спытаў: Уладзімер, а дзе вы сядзелі? Ён неяк абышоў гэтае пытаньне, не сказаў наўпрост, што ён нідзе не сядзеў, а выкруціўся, узяў гітару: давайце я вам лепш сьпяю.

Праз гэтую творчасьць, праз тое, што ён зрабіў у гэтым жанры блатной, турэмнай песьні, і ўзьнікла найперш яго папулярнасьць. Пасьля ўжо пайшлі больш складаныя рэчы. І на аснове традыцыйнасьці ўспрыманьня гэтых песень у нашым грамадзтве здабыў папулярнасьць».

Як савецкія нефармальныя куміры дапамагалі ЗК

У 1970-я — пачатку 1980-х МУС СССР пад кіраўніцтвам міністра Шчолакава, змагаючыся са злачыннасьцю і яе рэцыдывамі, робіць стаўку на ідэйна-эстэтычнае выхаваньне асуджаных. У турмы ды калёніі завозяць горы партыйнай літаратуры, на творчыя сустрэчы запрашаюць вядомых актораў, сьпевакоў, літаратараў...

Пры садзейнічаньні Высоцкага, да якога звычайна з павагай ставілася турэмна-лягернае начальства, вырашаліся, хай на час, і некаторыя бытавыя пытаньні за кратамі.

Пасьля іх выступаў зьняволеныя нярэдка зьвярталіся да куміраў з рознымі просьбамі. Таму ж Высоцкаму, напрыклад, падчас ягонага канцэрту ў калёніі Краснаярскага краю (сярэдзіна 1970-х) зэкі паскардзіліся, што адзін зь сядзельцаў несправядліва пасаджаны ў карцэр. Высоцкі дамовіўся з начальствам калёніі, яму пайшлі насустрач і выпусьцілі ЗК з карцэру. Таксама пры садзейнічаньні Высоцкага, да якога звычайна з павагай ставілася турэмна-лягернае начальства, вырашаліся, хай на час, і некаторыя бытавыя пытаньні за кратамі.

Непасрэдна ўдзельнічаў у лёсе зьняволеных яшчэ адзін бард — Аляксандар Разэнбаўм. Некалі ён дапамог выбрацца з турмы свайму сябру па рок-н-рольным юнацтве — зрабіў усё, каб справу гэтага чалавека перагледзелі... Апошнія 15 гадоў Разэнбаўм трымае шэфства над дзіцячай калёніяй пад Піцерам, падтрымлівае сувязь і з былымі яе выхаванцамі.

Заходнія сьпевакі, музыкі, акторы — прыкладам, мэгапапулярныя амэрыканцы Джоні Кэш (1932–2003), Джоні Дэп — таксама вядомыя сваімі выступамі ў турмах і змаганьнем за правы вязьняў.

Канцэрт Джоні Кэша перад вязьнямі швэдзкай турмы Österåker:

Някляеў: «Да ўласнай пасадкі я неаднойчы быў у турмах, выступаў там, чытаў вершы. Дый іншыя выступалі. Я ведаю. Я выступаў у Горадні ў турме. Але што мы маглі зрабіць? Вядома, сядзелі потым з начальнікам турмы. Гаварылі: вось каб нешта там... — Усё ў нас па законе, таварыш паэт Някляеў! Што вы нам выказваеце нейкія пажаданьні, у нас і так усё добра: хто правільна сябе паводзіць, той мае ўсё, што неабходна. Ну, а той, хто няправільна, да таго больш жорсткія патрабаваньні. Так што ня думаю, што, апроч нейкай эмацыйнай дапамогі, яшчэ нешта можна было ў той час зрабіць. Толькі ў асобных выпадках.

І ў мяне ёсьць такі выпадак у біяграфіі, калі я канкрэтна дапамог чалавеку. У тым жа Тайшэце мне адзін са зьняволеных даў ліст, дзе апісаў суд несправядлівы. І я зьвярнуўся ў Маскве да сваіх знаёмых, у той час даволі ўплывовых людзей, была перагледжана яго справа, і яго вызвалілі. І я ведаю іншыя такія выпадкі. Гэта, відаць, таксама ня так мала. Калі ты дапамог нейкаму чалавеку, то гэта ўжо добра, ва ўсякім выпадку — лепш, чым некаму нашкодзіць. Але наўрад ці ў нашых умовах можна было зьмяніць саму сыстэму, як гэта робіцца ў іншых грамадзтвах. Дый сёньня колькі мы гаворым пра тое, што ўмовы знаходжаньня людзей у нашых турмах — гэта ня ўмовы для людзей. Гэта я на сваім досьведзе магу сказаць, на досьведзе ўсіх палітвязьняў, якія таксама, шмат хто, сталі ў турме пісьменьнікамі, паэтамі».

Турэмны «навароб»

У 1990-я гады на постсавецкай прасторы зьявілася мноства музыкаў і калектываў, якія выконвалі на эстраднай сцэне і старыя «блатныя», і новыя песьні пра жыцьцё вязьняў. Выступы гэтых выканаўцаў у той час пачынаюць дэманстраваць па БТ ды па вядучых расейскіх фэдэральных тэлеканалах. Мільённымі накладамі выдаюць кружэлкі, выпускаюць касэты з тымі ж адэскімі блатнымі песьнямі ў выкананьні Аляксандра Разэнбаўма. На пачатку XXI стагодзьдзя ў дачыненьні да жанру пачынаюць ужываць тэрмін «расейскі шансон». Паводле знаўцаў, гэтыя песьні ўжо ніяк ня могуць ідэнтыфікавацца ані з тымі творамі, якія маюць фальклёрнае бытаваньне, ані зь песьнямі злачыннага сьвету, хоць генэтычная сувязь тут, безумоўна, ёсьць. «Навароб» становіцца ледзь не галоўным трэндам расейскага шоў-бізнэсу, ну і, вядома, беларускага. Па сутнасьці, ён выцясьняе аўтэнтычныя турэмныя ды лягерныя песьні зь іхнай нішы. Вось ужо больш як два дзесяцігодзьдзі ён захоўвае шырокую папулярнасьць як за кратамі, так і на волі.

Наш актыўны слухач ды чытач, у мінулым неаднойчы асуджаны, Зьміцер Вольны, якому давялося сядзець у беларускіх турмах пры канцы мінулага ды на пачатку цяперашняга стагоддзяў, згадвае:

У мае турэмныя гады гэтыя песьні гучалі і па турэмным радыё, і з музычных цэнтраў, якія дазвалялі перадаваць зьняволеным. Круці што хочаш, абы не было „парнухі“.

«У тыя мае турэмныя гады гэтыя песьні гучалі і па турэмным радыё, і з музычных цэнтраў, якія дазвалялі перадаваць зьняволеным. Круці што хочаш, абы не было „парнухі“. Асабіста мне падабалася слухаць Круга, Нагавіцына, але асабліва Разэнбаўма. Яго старыя песьні па-ранейшаму знаходжу нармальнымі. Але новыя?.. Лічу, што пасьля таго, як ён прагнуўся пад уладу, усё тое, што ён піша, слухаць немагчыма... Але я настолькі цяпер сыты гэтым блатняком, што ў цяперашнім маім жыцьці, як толькі яго чую, мяне проста раздражняе... Пасьля некалькіх гадоў вольнага жыцьця за межамі радзімы мае музычныя густы памяняліся радыкальна. Цяпер з прыемнасьцю хаджу ў опэру, чаго ніколі раней ня мог сабе нават уявіць».

Някляеў: «Ня думаў, што ў беларускім асяродзьдзі гэтыя песьні будуць таксама запатрабаваныя. Але гэта факт. Чыньнікаў шмат, але найперш гэта тое, што ў славянскім сьвеце гэта ёсьць — спалучаць крайнюю жорсткасьць і гранічную сэнтымэнтальнасьць. Што такое жыцьцё ў турме ці ў таталітарнай краіне? Гэта — жорсткасьць. Ня так павярнуўся — і ты ўжо не ў грамадзтве, а аддзелены ад яго. І ў той жа час у характары, усходняга асабліва, славянства — сантымэнт да тых, хто мучыўся, хто пакараны.

Уладзімер Някляеў (зьлева) і Зьміцер Вайцюшкевіч

Чаму, скажам, займеў посьпех дыск Зьмітра Вайцюшкевіча „Варанок“? Я трохі паўдзельнічаў у ім, але не далучыўся да супрацы так, як далучыўся Генадзь Бураўкін. Бураўкін старэйшы за мяне на дзесяць год. І ягоны досьвед малалетняга слухача песень турэмных у тых жа вагонах, на станцыях — большы, чым мой. І, можа, глыбей у яго душу пранікла эмоцыя і разуменьне гэтых людзей. Там, дарэчы, ёсьць вельмі добрыя тэксты, нібыта ён адседзеў: „Варанок ты, варанок, чаму ты не праехаў міма?“. Абсалютна як бы клясычная турэмная песьня. І мяне зьдзівіў, шчыра сказаць, посьпех, які ў сёньняшнім часе меў гэты дыск, гэтыя песьні. Значыць, гэтыя адчуваньні ўласьцівыя і нашаму дню. Людзі знаходзяцца ўнутрана ў тым стане, што ўспрымаюць тэматыку тых песень, як успрымалі бацькі і дзяды».

Падчас прэзэнтацыі гэтага альбому два гады таму натхняльнік праекту, паэт Генадзь Бураўкін казаў, што ён ды Зьміцер Вайцюшкевіч ставілі перад сабой мэту стварыць свайго роду апазыцыю расейскаму шансону — беларускія турэмныя песьні, але не такія бандыцкія ды вульгарныя, што круцяцца сёньня па ўсіх каналах тэлебачаньня...

Your browser doesn’t support HTML5

Генадзь Бураўкін пра беларускі шансон

Якасная паэзія ды музыка за кратамі

У 1920-я гады ў вязьніцах СССР заахвочваўся выхад турэмных часопісаў, у якіх друкавалі вершы. Галоўнае, каб было прыстойна, каб аўтары не карысталіся блатным жаргонам і не гераізавалі свой лёс — такія былі патрабаваньні. (Тое, што цалкам ігнаруецца цяпер.) Але вельмі хутка такія часопісы скасавалі. Каб зьняволеныя пісалі вершы, каб сёньня было такое — гэта штосьці сэнсоўнае ці абсалютна марная рэч? Пытаньне да Ўладзімера Някляева.

Я прапаноўваў некалькі разоў даць тэматычныя старонкі ў газэце. Кожны раз мне казалі: ня будзем акцэнтаваць увагу на тым, што ў нас ёсьць турмы і ёсьць людзі, якія там пакутуюць і выкладаюць свае пакуты рыфмамі.

Някляеў: «Турэмныя часопісы дапамагалі людзям там знаходзіцца. Кожны чалавек варты ўвагі. Ён патрабуе гэтай увагі — блізкіх, грамадзтва. Калі ён піша там, яго прачытаюць сукамэрнікі, і нехта скажа: ты, Аляксей, напісаў пра тое, што я думаў, але сам напісаць ня змог. У мяне ёсьць, дарэчы, адзін такі рукапісны часопіс 1970-х гадоў, турэмных вершаў. Мне яго перадаў адзін чалавек, што выйшаў з турмы. Я тады працаваў у газэце „Знамя юности“, вёў літаратурную старонку, і найбольшую колькасьць лістоў я атрымліваў менавіта з турмаў. Я прапаноўваў некалькі разоў даць тэматычныя старонкі ў газэце. Кожны раз мне казалі: ня будзем акцэнтаваць увагу на тым, што ў нас ёсьць турмы і ёсьць людзі, якія там пакутуюць і выкладаюць свае пакуты рыфмамі.

Зусім нядаўна выйшаў адзін мой знаёмы, раней даволі знакаміты чалавек, спартсмэн. І калі мы спаткаліся, пачаў чытаць мне вершы, якія напісаў у турме, і пытацца: ну як, Пракопавіч, я тут напісаў?

Яны, вядома, у пераважнай большасьці аматарскія, наіўныя. Але гэта вельмі істотная аддушына ў турэмным побыце, яна дазваляе выйсьці за яго межы. І гэта сьведчыць пра тое, што турма — тое месца, дзе ў чалавеку можа прачнуцца нешта з таго, што ў ім у хаце ці на вуліцы сьпіць».

Кеша Гомельскі

Калі казаць пра якасную турэмную музыку ды паэзію за кратамі, то гэта ёсьць і, як той казаў, шырока вядома ў вузкіх колах. Напрыклад, Кеша Гомельскі. Імя гэтага неаднойчы асуджанага ўпершыню зьявілася на старонках папулярнай у канцы 1990-х ды пачатку нулявых газэце «Имя». Кешу Гомельскага сваім чытачам адкрыў журналіст Зьміцер Падбярэскі. Сп. Падбярэскі ўзгадваў, як у яго пасьля праслухоўваньня запісаў Кешы «проста дрыжыкі па целе пабеглі — настолькі гэта было натуральна зроблена, найперш тэксты, дый музыка. Хоць відавочна, што прафэсійныя музыканты прыклалі сваю руку да аранжаваньня, але, тым ня менш, гэта ішло ад яго». Кеша Гомельскі запісаў два альбомы.

Your browser doesn’t support HTML5

Кеша Гомельскі — Блюз «На магілках у сяброў»

Турэмныя альбомы з музыкай афра-амэрыканскага гета

Яшчэ адзін музыка, чые творы напісаныя за кратамі, — Міця Аўчыньнікаў. Міця памёр два гады таму ад перадазіроўкі наркотыкаў, калі яму было ўсяго 27. Як кажуць яго сябры, ад Міці засталося шмат сапраўднай музыкі. Самыя першыя альбомы музыканта выйшлі ў Магілёўскай калёніі, куды хлопец трапіў у 2006 годзе паводле артыкула 328. «Турэмныя рагі» (2008) ды «Асобы» (2009) напісаныя ў стылі гангста-рэп. Яго вытокі ідуць ад творчасьці афра-амэрыканскіх вязьняў. Праект добра прынялі ў калёніі, узгадваў неўзабаве пасьля вызваленьня ў 2011-м Міця:

Міця Аўчыньнікаў

«Тыя два альбомы па лягеры прайшлі нармальна. Канцэрты праходзілі ў перапоўненай залі. Было вельмі прыкольна бачыць людзей усіх узростаў, у тым ліку старых дзядоў, якія гэта зь цікавасьцю слухалі... Увогуле на зоне шмат талковых людзей. Я атрымаў там такое разьвіцьцё, як у інстытуце. Таксама там шмат літаратуры. Зона стала для мяне храмам ведаў. Зусім іншае ўражаньне, чым тое, якое ствараецца, калі нагледзісься розных фільмаў. Праўда, у першыя месяцаў шэсьць эмацыйна вельмі моцна ціснулі сьцены».

У 2011-м турэмныя альбомы, што называецца, узарвалі інтэрнэт. Паводле маці аднаго з палітвязьняў, такі, напрыклад, трэк, як «На кароткай», варта даваць слухаць у прафіляктычных мэтах усім тым, хто падсаджваецца на наркотыкі.

Your browser doesn’t support HTML5

«На кароткай»

Ці ёсьць турэмны рэп пачаткам канца так званага «расейскага бандыцкага шансону», які, у сваю чаргу, паклаў канец папулярнасьці аўтэнтычнага жанру, — прагназаваць цяжка.

Сустракаючы свой апошні ў жыцьці Новы год (2013), Міця, зьвяртаючыся да ўсіх сваіх сяброў, як тых, хто на волі, так і тых, хто за кратамі, напісаў на акаўнце ў Фэйсбуку:

«Хай у вас ува ўсіх усё будзе чыкі-покі. Будзьце сумленнымі і справядлівымі, аналізуйце сябе ды свае ўчынкі. Бог даўно памёр, але вы — адзіная надзея на нешта сьветлае. Усім музыкам ды проста творчым людзям, няшчасным і шчасьлівым, вясёлым і сумным, усім рэспэкт і разуменьне. Давайце падымаць нашу краіну, давайце давядзем нарэшце, што мы — Эўропа. А тым, хто звальвае куды далей, пажадаем хутчэйшага вяртаньня. Любіце радзіму, яна вам нічога дрэннага не зрабіла. Цаніце тыя маленечкія моманты на танцполах нашага любімага гораду. На саромейцеся таго, што вы беларусы. У любым выпадку мы больш эўрапейцы, чым масквічы))) (нікому ня ў крыўду)».