Аляксандар Лукашэнка засьпяваў «Катюшу» і «Песенку о хорошем настроении» на сустрэчы з вэтэранамі. Але ён далёка ня самы музычны кіраўнік дзяржавы. Як сьпяваюць іншыя?
Падчас візыту ў дом-інтэрнат «Сьвітанак» у Менскім раёне Аляксандар Лукашэнка сеў за стол з вэтэранамі ды засьпяваў зь імі некалькі песень.
АНТ перадае кадры, дзе Лукашэнка сьпявае «Песенку о хорошем настроении», вядомую ў выкананьні Людмілы Гурчанкі.
А СТБ паказала, як Лукашэнка сьпяваў з вэтэранамі «Катюшу», песьню, якую ў Расеі нярэдка залічваюць у народныя, хоць аўтар яе музыкі — Мацьвей Блантэр, а словаў — Міхаіл Ісакоўскі.
Гэта ня першы раз, калі Лукашэнка сьпяваў публічна. У 1990-х было зьнятае відэа, дзе ён ня толькі сьпяваў «Восточную песню», вядомую ў выкананьні Валера Абадзінскага, але і граў на акардэоне.
Але часьцей сьпявае не Лукашэнка, а сьпяваюць пра Лукашэнку. Свабода прыгадвала 13 песень пра яго, сярод іх была і пародыя «Мульта асобы», у якой кавэр на песьню Віктара Цоя «Перемен» сьпяваў віртуальны Лукашэнка.
Вядома, сьпевы — не абавязак кіраўніка дзяржавы. Многія прэзыдэнты абмяжоўваюцца хіба выкананьнем дзяржаўнага гімну. Але некаторыя робяць гэта нярэдка — і даволі эмацыйна, як цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.
У той жа Ўкраіны быў (пакуль не самаўхіліўся) прэзыдэнт, які любіў сьпяваць і больш лёгкія песьні. Віктар Януковіч сьпяваў пра Данбас як сола...
...так і дуэтам зь Ёсіфам Кабзонам, які пазьней стаў палкім прыхільнікам сэпаратыстаў з так званых «ДНР» і «ЛНР».
Дуэтам сьпяваў і іншы былы прэзыдэнт Украіны, Віктар Кучма. З уласнай ініцыятывы ён у 2010 годзе выканаў а капэля «Пісню про рушник» разам з расейскім сьпеваком Аляксандрам Малініным.
Ня толькі сьпявае, але і грае Елбасы — нязьменны ад 1989 году кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Ягоны інструмэнт — дзьвюхструнная домбра, якая лічыцца нацыянальным інструмэнтам казахаў, нагайцаў і іншых народаў.
Сапраўднай сэнсацыяй у свой час было тое, што не адмаўляецца публічна граць і сьпяваць Уладзімер Пуцін. Прычым сьпяваць па-ангельску — у 2010 годзе на дабрачынным канцэрце ён выканаў, сярод іншага, Blueberry Hill, вядомую па выкананьні Фэтса Доміна.
Расейцы, мабыць, больш памятаюць, як сьпяваў першы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. Некаторыя лічаць, што скакаў шалёныя танцы і сьпяваў «Калінку-малінку» ён нецьвярозым, хоць пацьверджаньняў таму няма.
А вось трэці прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў запомніўся ня сьпевамі, а танцамі, якія далі яму адну зь мянушак — паводле ягоных словаў, ён «запальваў на сустрэчы з курсам» пад песьню American boy расейскага гурту «Комбинация».
Іншую мянушку ён атрымаў таксама праз уласныя сьпевы — адзін з тых, хто вучыўся разам зь Мядзьведзевым, змог успомніць пра яго толькі тое, як будучы прэзыдэнт сьпяваў «Мохнатый шмель». Мянушка «Шмель» (альбо «Шмеле») прычапілася да Мядзьведзева, але запісу таго сьпеву не захавалася. Дый падчас прэзыдэнцтва Мядзьведзеў не сьпяваў. Таму даводзілася фантазіраваць:
За акіянам прэзыдэнты сьпяваюць не радзей, калі не часьцей, чым на постсавецкай прасторы. Так, аднойчы засьпяваць песьню Sweet Home Chicago гурту Blues Brothers угаварылі цяперашняга прэзыдэнта ЗША Барака Абаму.
Пазьней Абама пасьпяваў і з уласнай ініцыятывы: на пахаваньні сэнатара Паўднёвай Караліны Клемэнта Пінкні ён выканаў хрысьціянскі гімн Amazing Grace ангельскага паэта Джона Н’ютана.
Сьпявалі і іншыя прэзыдэнты ЗША — напрыклад, былы актор Рональд Рэйган.
А Біл Клінтан быў вядомы як добры саксафаніст.
Рычард Ніксан выконваў нават сваю ўласную кампазыцыю для фартэп’яна.
Але самы музычны кіраўнік дзяржавы, мабыць, дастаўся Гаіці. Да абраньня прэзыдэнтам у 2011 годзе Мішэль Мартэйі быў вядомы як «Суіт Мікі», поп-сьпявак з 14 альбомамі ў дыскаграфіі. Так ён гучаў у 1994-м.
А так — у 2015-м, ужо адначасова і ў ролі сьпевака, і прэзыдэнта.