«Дзяржава павінна была ўрэгуляваць праблему з сэртыфікатамі, а не адбіраць у людзей працу...» — апытаньне ў Горадні

Цэнтральны рынак у Горадні

У Беларусі апусьцелі рэчавыя рынкі: прадпрымальнікі не змаглі дамовіцца з уладамі і масава згортваюць гандаль. Як вы да гэтага ставіцеся? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

«Дзяржава павінна была ўрэгуляваць праблему з сэртыфікатамі, а не адбіраць у людзей працу…»

Мужчына сярэдняга веку: «Няправільная гэта палітыка дзяржавы — я супраць таго, каб рынкі пусьцелі і прадпрымальнікам не давалі магчымасьці працаваць. Гэта азначае тое, што людзей пазбаўляюць магчымасьці купляць тавар па больш нізкіх коштах. Дзяржава болей нагнятае цэны, чым тыя ж індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадаюць больш танны тавар. Няправільная гэта палітыка дзяржавы ў дачыненьні да прадпрымальнікаў».

У нас наагул незразумела, што ў дзяржаве адбываецца. Я наагул у шоку і зьбіраюся зьяжджаць, праўда, пакуль ня ведаю куды.

Мужчына сярэдняга веку: «Я дрэнна да гэтага стаўлюся, няхай бы людзі гандлявалі. Зрэшты, у нас наагул незразумела, што ў дзяржаве адбываецца. Я наагул у шоку і зьбіраюся зьяжджаць, праўда, пакуль ня ведаю куды. Доўга пра гэта можна гаварыць, але на двары вельмі холадна. У краіне невядома што адбываецца: працы няма, а яны грошы патрабуюць, людзям не даюць працаваць і да таго падобнае...»

Жанчына пэнсійнага веку: «Я купляю ўсё наша беларускае і на рынкі не хаджу...»

Маладая жанчына: «Я сама працую на рынку і вельмі б хацела, каб там усе працавалі, каб нейкія зьмены адбыліся і нам далі спакойна працаваць. Нам гэта не падабаецца, і людзям цяжка. А я думаю, што рынкі людзям патрэбныя, асабліва цяпер, у гэты жудасны час».

Малады хлопец: «Ой, я ня ведаю. Канечне, некаторым людзям гэтыя рынкі патрэбныя, а некаторым зусім не патрэбныя. Дрэнна тое, што людзі працу страцяць...»

Мне трэба некалькі месяцаў працаваць, нічога ня есьці, каб на гэтыя цэны купіць нават абутак беларускі. А на рынку я мог пайсьці свабодна і апрануцца.

Мужчына сярэдняга веку: «Я адмоўна стаўлюся да таго, што прадпрымальнікі пакідаюць рынкі. Раней хоць нешта можна было купіць, а цяпер калі кажуць, каб куплялі беларускае, то мне трэба некалькі месяцаў працаваць, нічога ня есьці, каб на гэтыя цэны купіць нават абутак беларускі. А на рынку я мог пайсьці свабодна і апрануцца. Наша беларускае набыць немагчыма з такімі цэнамі».

Жанчына пэнсійнага веку: «Адмоўна да гэтага стаўлюся, бо ў крамах усё даражэйшае, чым на рынку. І потым, я спачуваю гэтым людзям, у якіх такая нялёгкая праца, якую ўжо давядзецца страціць. А яшчэ дадам, што ў бюджэт дзяржавы патрэбныя грошы, а прадпрымальнікі, якія трацяць працу, цяпер будуць патрабаваць грошы зь бюджэту на пэнсіі, а не пералічваць туды падаткі. Дзяржава павінна была ўрэгуляваць праблему з сэртыфікатамі, а не адбіраць у людзей працу».