У Мінэканомікі пакуль не камэнтуюць спыненьне працы прадпрымальнікамі з-за ўказу № 222

Чэрвенскі рынак у Менску, 2 студеня 2016 году

Расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляе тавар большасьць беларускіх ІП, адмаўляюцца выдаваць дакумэнты аб яго паходжаньні.

Міністэрства эканомікі Беларусі пакуль не камэнтуе сытуацыю з спыненьнем працы індывідуальных прадпрымальнікаў, заявіў БелаПАН прэс-сакратар міністэрства Віктар Еўтухоў.

Ён толькі адзначыў, што Мінэканомікі — ані распрацоўшчык, ані рэалізатар нормаў указу прэзыдэнта № 222 «Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі», з-за якога ІП прыпынілі сваю дзейнасьць.

Указ уступіў у сілу 1 студзеня 2016 году. З гэтага часу ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасьці, увезеную з краін Мытнага саюзу, толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі. Праблема ў тым, што расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасьць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакумэнты аб паходжаньні прадукцыі альбо прадстаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП церпяць ад штрафаў і канфіскацыяў.

Шматлікія просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў адмяніць указ № 222 пачутыя не былі. У выніку ў першыя дні новага году ў Менску і іншых гарадах Беларусі шмат якія рынкі і гандлёвыя цэнтры сталіся практычна пустымі — пераважная большасьць ІП прыпынілі сваю працу, бо выконваць новыя патрабаваньні заканадаўства немагчыма.