Паводле афіцыйных дадзеных, узровень беспрацоўя ў Горадні складае 1.3%. Аднак гэта лічба ўлічвае толькі афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Насамрэч людзей, якія страцілі працу, значна болей. На адну вакансію, як сьведчаць афіцыйныя зьвесткі гарвыканкаму, прыпадае 2,2-2,4 чалавека.
Ад 25 да 29% беспрацоўных — людзі маладога веку. Статыстыка таксама сьведчыць аб тым, што ў гарадзенскага беспрацоўя мужчынскае аблічча: з 2 400 зарэгістраваных беспрацоўных амаль 75% складаюць мужчыны. Цяпер сярод тых беспрацоўных, хто стаіць на ўліку, часта сустракаюцца былыя будаўнікі, кіроўцы, дарожныя работнікі і г.д.
У Цэнтры занятасьці размаўляю з спадаром Дзьмітрыем, мужчынам сярэдняга веку, цікаўлюся, што яго прымусіла шукаць тут працу? Спадар Дзьмітры кажа, што стаў беспрацоўным яшчэ ў верасьні і дагэтуль так і ня змог знайсьці нешта іншае. Ён распавядае сваю гісторыю:
Калі ёсьць тут хоць нешта, то пайду на ўсё, бо ў мяне двое дзетак, трэба зарабляць, бо, ня робячы, ніхто не пражыве.
— Працаваў у прадпрымальніка на фірме кіроўцам, але ў яго, як і ў многіх, пачаліся праблемы. Работы ня стала, давялося вяртаць арэндную машыну — і цяпер вось бяз працы. Вельмі шмат арганізацый абышоў у пошуках працы, і нідзе нічога, ніхто не бярэ. Калі ёсьць тут хоць нешта, то пайду на ўсё, бо ў мяне двое дзетак, трэба зарабляць, бо, ня робячы, ніхто не пражыве.
Цікаўлюся ў спадара Дзьмітрыя, якую працу ён разьлічвае тут знайсьці і які заробак на цяперашні час яго рэальна задаволіў бы?
— Хацелася б, каб заробак быў добры, не за капейкі працаваць — хаця б мільёнаў 4-5.
— А калі такога ня будзе і прапануюць толькі працу з заробкам у два з паловай мільёны?
— Буду разглядаць усе прапановы, казаць нешта складана, бо выбіраць пакуль наагул няма з чаго.
А вось Аляксей, 18 гадоў. Ён скончыў Гарадзенскі каледж прыборабудаваньня і цяпер без працы. Жыве разам з бацькамі на іх утрыманьні. Кажа, што адчувае сябе ў гэтай сытуацыі вельмі няўтульна.
Бяз вопыту працы нікуды не бяруць, а атрымаць вопыт працы нідзе немагчыма.
— Бяз вопыту працы нікуды не бяруць, а атрымаць вопыт працы нідзе немагчыма. І атрымліваецца, што ўладкавацца па спэцыяльнасьці папросту нерэальна.
— А вас нікуды не разьмяркоўвалі пасьля навучаньня?
— У нас было свабоднае разьмеркаваньне, паколькі працы нідзе няма, няма куды ўладкоўваць выпускнікоў, і таму нам далі свабодныя дыплёмы. Мая спэцыяльнасьць — сьлесар па рамонце аўтамабіляў. І цяпер нідзе бяз вопыту працы не бяруць. Гэтыя дыплёмы, што нам павыдавалі, нікім не прызнаюцца, паўсюль пытаюцца пра вопыт працы.
Цікаўлюся ў Аляксея — які заробак яго задаволіў бы на сёньняшні дзень?
— Ну, хаця б тры з паловай альбо чатыры мільёны. З нашымі цэнамі зарабляць два мільёны, то я ня ведаю, як трэба эканоміць на сабе, каб наагул жыць.
— Аляксей, а сярод вашых сяброў многія шукаюць працу?
Вельмі шмат, нават большасьць маіх сяброў у пошуку працы.
— Вельмі шмат, нават большасьць маіх сяброў у пошуку працы.
— І таксама прыходзяць у Цэнтар занятасьці?
— Не, яны робяць гэта, як і ўсе ў нашай краіне: па знаёмстве, па блаце. У некага мама зь некім знаёмая, у некага — тата мае сяброў. Такім чынам.
Аляксей прыйшоў у Цэнтар занятасьці разам са сваёй сяброўкай Аленай. Яна далучаецца да нашае размовы і выказвае свае думкі на гэты конт:
— Думаю, што сытуацыя ненармальная, калі людзей навучаюць, а потым яны ня могуць знайсьці працы. Я, да прыкладу, навучаюся ва ўнівэрсытэце, у мяне ёсьць знаёмыя, якія скончылі навучаньне, і ім сказалі, што накіраваць нікуды ня могуць, паколькі няма працы — шукайце самі.
Алена кажа, што калі скончыць унівэрсытэт, то яны маюць пляны разам з Аляксеем ехаць за мяжу і там шукаць працу. Аляксей пацьвярджае такія намеры.
Ня хочацца тут заставацца жыць, асабліва калі глядзіш на тое, як жывуць бацькі. Хочацца зьехаць, і буду рабіць усё магчымае, каб зьехаць за мяжу.
— Ня хочацца тут заставацца жыць, асабліва калі глядзіш на тое, як жывуць бацькі. Хочацца зьехаць, і буду рабіць усё магчымае, каб зьехаць за мяжу.
Спадар Валянцін у перадпэнсійным узросьце, па спэцыяльнасьці — сталяр. Кажа, што працаваў доўгі час не па спэцыяльнасьці, трапіў пад скарачэньне, новую працу шукае ўжо больш за месяц — і безвынікова. Цяпер вырашыў працаваць на сябе, прычым сталяром, бо хоча займацца тым, што добра ўмее.
— Хацелася б мець нейкае сваё месца, ведаць, колькі за гэта плаціць арэнды, каб прыносіць карысьць і сабе і людзям. Усё ж, рэчы з дрэва ў нас заўсёды цаніліся і сто, і дзьвесьце гадоў таму. Гэта ж ня дрэвапліта, не апілкі. Дрэва служыць чалавеку доўга. Цяпер гэта ўсё можна рабіць, галоўнае, каб гэта нейкім чынам арганізаваць.
Спадар Юры распавядае сваю гісторыю таго, што прымусіла яго прыйсьці ў Цэнтар па працаўладкаваньні. У яго наагул няма ніякай спэцыяльнасьці, і ён скончыў сярэднюю школу.
— Я сам звольніўся, працаваў у прадпрымальніка на аўтамыйцы. Там дрэнна плацяць — 3,5-4 мільёны, а працуеш два дні праз два і па 14 гадзін. Я б не сказаў, што праца цяжкая, але яна папросту не аплачваецца так, як павінна. Хачу, калі атрымаецца, перавучыцца на будаўнічую спэцыяльнасьць: маляр, тынкоўшчык, плітачнік.
— Думаеце, гэтыя спэцыяльнасьці задаволяць вас?
— Мне б хацелася б, каб заробак хаця б мільёнаў пяць складаў, было б больш-менш. Я вам скажу, што і на аўтамыйцы мне падабалася працаваць, але там мала плацяць і абавязкі па кантракце не выконваюцца. Людзі працуюць па 14 гадзін, а значыцца, павінна быць 3 гадзіны перапынку, але гэтага ніколі не было. Адзін сацпакет нам забясьпечваюць і болей нічога.
Паводле дадзеных Белстату, у мінулым месяцы ў Беларусі маглі знайсьці працу 47,2 тысячы чалавек, а звольненымі засталіся 59,6 тысячы.