Як зьмянілася эканамічная сытуацыя ў Беларусі за мінулы год — палепшылася ці пагоршылася? Як ставіцеся да словаў Лукашэнкі пра тое, што 2016 год для беларусаў стане самым складаным за ўсю гісторыю краіны? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
Маладая жанчына: «Мне здаецца, што стала яшчэ горш, гэта відаць нават па заробках, паколькі яны сталі меншыя, чым былі. Я ўжо ня ведаю, куды можа быць горш. Цяжка, вельмі цяжка, цэны растуць, а заробкі падаюць».
Я ня ведаю такіх людзей, каб нехта лічыў, што ў нас нешта палепшылася.
Маладая жанчына: «Я ня ведаю такіх людзей, каб нехта лічыў, што ў нас нешта палепшылася. Як па мне, дык горш ужо і быць ня можа, але, як высьвятляецца, ёсьць куды. Справа ў тым, што ўсе словы прэзыдэнта апошнім часам успрымаюцца для нас як замежныя, і гэтыя таксама. Насамрэч, я думаю, што будзе яшчэ горш, чым пра гэта кажа прэзыдэнт».
Малады хлопец, студэнт: «Мне здаецца, нічога не зьмяняецца, акрамя таго, што растуць цэны, а стыпэндыя застаецца тая самая. Так што, лягчэй дакладна не становіцца...».
Карэспандэнт: «Скажыце, а як ставіцеся да словаў Лукашэнкі пра тое, што 2016 год для беларусаў стане самым складаным за ўсю гісторыю краіны?»
Малады хлопец, студэнт: «А мне ўжо гэта нецікава...».
У 90-я працы не было — і людзі неяк круціліся, езьдзілі ў Польшчу, але зараз гэтага ўжо няма.
Мужчына сярэдняга веку: «Па-мойму, усё мяняецца да горшага. Я, да прыкладу, са Слоніма і працую будаўніком. У нас практычна ўсе будаўнічыя арганізацыі стаяць, і на будучы год пэрспэктыў ніякіх ня бачым. Давядзецца неяк усё гэта ізноў перажываць. У 90-я працы не было — і людзі неяк круціліся, езьдзілі ў Польшчу, але зараз гэтага ўжо няма. Ну, што ж, будзем выжываць кожны па-свойму».
Малады мужчына: «Пачнем з таго, што вельмі складана з працай і ў нашым горадзе, і ў сталіцы, а ў наступным годзе будзе яшчэ цяжэй. І ня толькі, каб знайсьці працу, але заробкі паўсюль мізэрныя. Сам у такой сытуацыі, а таму добра ўсё гэта ведаю».
Будзем неяк круціцца, давядзецца скарачаць расходы на сябе.
Мужчына сярэдняга веку: «Заробкі меншыя сталі, а з павелічэньнем базавай, падаткаў будзе станавіцца яшчэ горш і цяжэй. Будзем неяк круціцца, давядзецца скарачаць расходы на сябе».
Малады хлопец: «Мне здаецца, што робіцца горш — заробкі малыя. Ну і што — будзем перажываць гэтую сытуацыю».
Карэспандэнт: «А як перажываць...».
Малады хлопец: «Так, як і жылі раней — зь цяжкасьцю ў душы...».