Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, кропкавыя пратэсты і пагроза з боку Расеі — экспэрты робяць прагноз на 2016 год


Палітолягі ў размове з Свабодай не прагназуюць унутрыпалітычных узрушэньняў у Беларусі ў 2016 годзе, але зьвяртаюць увагу на нарастаючае значэньне эканамічнага і зьнешнепалітычнага фактараў.

Філёзаф, мэтадоляг, кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч упэўнены, што 2016 год будзе спакойным, унутрыпалітычных узрушэньняў чакаць ня трэба.

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

«Нейкіх відавочных падставаў для таго, каб у палітычным жыцьці Беларусі штосьці адбылося істотнае і станоўчае я, на жаль, ня бачу. Ад парлямэнцкіх выбараў чакаць амаль нічога не даводзіцца. Таму я думаю, што наступны год будзе павольнай падрыхтоўкай для чагосьці больш важнага, больш грунтоўнага ў наступныя гады. Бо і эканоміка, і зьмены ў ладзе жыцьця, і адукацыя — усё гэта патрабуе калі не рэформаў, то хоць бы нейкага зруху ў бок эўрапейскіх стандартаў. То бок, Эўропа звонку напаўзае на нас, уносіць свае карэктывы ва ўсе галіны жыцьця, якімі беларускія ўлады ня здольныя кіраваць, ці ня маюць розуму, каб іх уладкоўваць», — лічыць ён.

Разважаючы аб уплыве зьнешнепалітычных чыньнікаў на сытуацыю ўнутры Беларусі, Мацкевіч зьвяртае ўвагу на існаваньне пагрозы з боку Расеі:

«Тут, мне падаецца, ёсьць рызыка. Калі Расея ўбачыць, калі не сяброўства, то хаця б наладжваньне адносінаў Беларусі з Эўропай, што, відавочна, не на карысьць сёньняшняму пуцінскаму рэжыму, то яны могуць пайсьці на нейкі ціск, правакацыі. З боку Расеі варта чакаць нейкага пэўнага ўмяшаньня ў наладжваньне беларуска-эўрапейскіх стасункаў. Можа быць, у Расеі сёньня проста ня хопіць сілаў, ня хопіць імпэту — і толькі гэта дасьць магчымасьць перажыць гэты пэрыяд без умяшаньня і правакацый з боку Расеі. А так сапраўды гэта стварае пэўную небясьпеку».

Палітоляг Юры Чавусаў кажа, што галоўным фактарам, які стане вызначаць палітычнае жыцьцё ў Беларусі ў 2016 годзе, будзе эканоміка:

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

«Эканамічны крызіс, які беларусы адчулі напоўніцу ўжо ў гэтым годзе, будзе мець наступствы і ў 2016-м. То бок, скарачэньне дзяржаўных прыбыткаў, будзе ўплываць на тое, што дзяржава ня будзе ў стане забясьпечваць ранейшы ўзровень сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Нас чакаюць скарачэньні на дзяржаўных прадпрыемствах, нас чакае скарачэньне сацыяльных гарантыяў, ну, і адпаведна ў тым сацыяльным кантракце, які маецца паміж беларускім насельніцтвам і аўтарытарнай уладай, будуць усё большыя і большыя перакосы», — адзначае Чавусаў.

Паводле яго слоў, як гэтыя працэсы адаб’юцца на палітыцы беларускіх уладаў, стане зразумела падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Відавочна, што эканамічная сытуацыя будзе сярод галоўных тэзаў усіх палітычных сілаў, якія пойдуць на выбары.

Што тычыцца зьнешняй палітыкі, тут асноўным чыньнікам будзе эканамічны крызіс, які будзе штурхаць беларускі бок на пошук фінансавай падтрымкі ў першую чаргу на Ўсходзе, на Захадзе, у МВФ.

«Што тычыцца зьнешняй палітыкі, то тут таксама асноўным чыньнікам будзе эканамічны крызіс, які будзе штурхаць беларускі бок на пошук фінансавай падтрымкі ў першую чаргу на Ўсходзе, на Захадзе, у МВФ. А гэта, у сваю чаргу, будзе патрабаваць пэўных захадаў, не зьвязаных непасрэдна з эканамічнай палітыкай, а, напрыклад, з тым, што ў дачыненьні да Ўсходу называецца „гандаль сувэрэнітэтам“. То бок, здачы нейкіх прыкметаў беларускага сувэрэнітэту, як гэта было ў часы мінулага крызісу, калі Беларусь пагадзілася на адзіную сыстэму СПА.

У дачыненьні да заходніх партнэраў, гэта будзе выклікаць тое, што мы маем — адмовы ад найбольш брутальных відаў рэпрэсіяў, выкарыстаньне мяккіх практык без сутнаснай зьмены рэжыму. Гэта таксама будзе выклікана ня шчырым імкненьнем дэмакратызаваць і лібэралізаваць краіну, а імкненьнем ня ўспудзіць патэнцыйных крэдытораў», — кажа палітоляг.

Але пагаршэньне эканамічнага становішча наўрад ці прывядзе да нейкага буйнога сацыяльнага выбуху, лічыць экспэрт:

«Можна чакаць чагосьці такога, як было ў 2011 годзе, калі падчас драматычнага падзеньня беларускага рубля выбухнула рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі. Але ці можна называць падобнага кшталту дзеяньні сацыяльным выбухам? Я моцна сумняваюся. Хутчэй нас будуць чакаць шматлікія выпадкі абурэньня на тых заводах, якія не запусьцяцца пасьля навагодняга перапынку, на такіх прадпрыемствах, дзе будуць масавыя скарачэньні (а яны непазьбежныя). Нас чакае, хутчэй за ўсё, поле расьцярушаных пратэстаў, але наўрад ці будзе такі кумулятыўны выбух», — кажа Чавусаў.

Палітоляг, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец таксама лічыць, што на палітычнае жыцьцё ў Беларусі ў 2016 годзе перш за ўсё будзе ўплываць унутрыэканамічная сытуацыя.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Агульны крызіс беларускай эканомікі так ці інакш уплывае на агульны крызіс рэжыму. І гэты крызіс рэжыму будзе больш заўважны ў 2016 годзе», — лічыць экспэрт.

Лагвінец упэўнены, што ў гэтай сытуацыі вельмі важна, каб дэмакратычныя сілы ў Беларусі адчулі новае дыханьне, працягвалі працаваць зь людзьмі, пераконваць і пашыраць кола сваіх прыхільнікаў. Парлямэнцкай кампаніяй 2016 году таксама трэба скарыстацца, кажа палітоляг, хаця фармат удзелу яшчэ можна абмяркоўваць.

У пляне зьнешняй палітыкі галоўным будзе расейскі фактар, перакананы Лагвінец.

«Але я спадзяюся, што часовая разрадка адносінаў з Эўразьвязам атрымае большую трываласьць і гэта таксама будзе ўплываць на тое, як беларусы будуць успрымаць сытуацыю ў краіне. Калі ў Эўразьвязу будуць знойдзены вырашэньні тых праблемаў, перад якімі ён зараз стаіць, то гэта відавочна таксама будзе мець свой станоўчы ўплыў на Беларусь», — мяркуе ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG