З 25 сьнежня 2015 году па 11 студзеня 2016-га Менскі аўтамабільны завод і прадпрыемствы холдынгу «БелАўтаМАЗ», у тым ліку Баранавіцкі і Асіповіцкі заводы, спыняюць працу, паведамляе Прафсаюзны рух Беларусі.
Як распавядаюць рабочыя, большасьць супрацоўнікаў холдынгу — а гэта каля 20 тысяч чалавек — адсылаюць у неаплочаны адпачынак, выплаціўшы па 500 тысяч рублёў за эканомію энэргарэсурсаў. У некаторыя дні на працу выйдзе абмежаваная колькасьць супрацоўнікаў.
«Пра 13-ю зарплату пакуль маўчаць, можа, што і скажуць пасьля Новага году. Наогул сытуацыя на прадпрыемстве няпростая, фінансаваньне сацыяльнай сфэры скарачаецца. Чаго чакаць ад будучага году, ніхто ня ведае», — распавядае адзін з рабочых.
МАЗ пацьвярджае, што супрацоўнікі ня выйшлі на працу (у іх ліку і кіраўніцтва і сакратары), але даць дакладную інфармацыю пра зарплаты пакуль ня можа.
Але сытуацыя з МАЗам не агульная для ўсіх буйных прадпрыемстваў краіны. Так, трактарны завод не сыходзіць на вялікія вакацыі. Як распавялі карэспандэнту Свабоды на МТЗ, завод абмяжуецца звычайнымі выходнымі, пакуль «усё паводле пляну, завод працуе».
Супрацоўнікам МАЗу тым часам пагражае ня толькі доўгі адпачынак, але і звальненьне пасьля Новага году, хоць кіраўніцтва холдынгу гэта адмаўляе. На V Міжнародным форуме прадпрымальніцтва ў Менску міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі анансаваў пераход ад палітыкі захаваньня працоўных месцаў да эфэктыўнасьці кожнага працаўніка і вытворчасьці ў цэлым. Як лічаць эканамісты, гэта было фактычна анонсам скарачэньняў на стратных прадпрыемствах, да якіх ужо даўно адносіцца і МАЗ, і МТЗ, і «Гомсельмаш», і многія прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасьці.
Але «ўратаваць» заводы ад скарачэньняў можа ўказ Лукашэнкі № 513 — у ім пасьля некалькіх сакрэтных пунктаў паведамляецца, што ліміт унутранай дзяржаўнай запазычанасьці Беларусі будзе павялічаны на суму падтрымкі неназваных прадпрыемстваў у памеры 4 трыльёнаў рублёў (каля 219 мільёнаў даляраў).