Актывісты руху «Студэнты супраць» абвясьцілі пра збор сродкаў для актывіста Паўла Сяргея, які быў аштрафаваны на 25 базавых велічыняў (4,5 мільёны рублёў) за ўдзел у «Маршы студэнтаў» 2 сьнежня.
«У бліжэйшы час адбудзецца суд над яшчэ адным удзельнікам „Марша студэнтаў“, і хутчэй за ўсё, сродкі спатрэбяцца ня толькі Паўлу Сяргею. Таму не заставайцеся ўбаку, давайце ў гэты пераднавагодні час пакажам сваю салідарнасьць і створым сапраўдны цуд!», — адзначаецца ў паведамленьні ў суполцы #студентыпротив у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце».
Актывісты студэнцкага руху абяцаюць у бліжэйшы час стварыць рахунак, на які можна будзе пералічыць сродкі дыстанцыйна. Пакуль жа грошы можна перадаць асабіста актывістам студэнцкага руху, для чаго спачатку трэба пакінуць адпаведнае паведамленьне ў суполцы «Ўкантакце».
Удзельнік «Маршу студэнтаў», грамадзкі актывіст Павал Сяргей 22 сьнежня быў прызнаны вінаватым у парушэньні ч.1 артыкула 23.34 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства).
Па гэтым жа артыкуле 30 сьнежня будуць судзіць студэнта 2-га курсу філфаку БДУ Глеба Вайкуля. У пратаколе, складзеным на Глеба, адзначаецца, што ён «знаходзячыся ў складзе групы грамадзян, прыняў актыўны ўдзел у правядзеньні несанкцыянаванага пікетаваньня, што выявілася ў тым, што ён размахваў бел-чырвона-белай стужкай».