Як Юры Несьцярэнка дапамог Андрэю Макарэвічу зрабіць «Сьнег» беларускім

Юры Несьцярэнка дапамагае Андрэю Макарэвічу наладзіць гітару на канцэрце

Адной з музычных неспадзяванак 2015 году стала прэзэнтацыя беларускамоўнай вэрсіі песьні «Сьнег» у выкананьні лідэра культавага расейскага гурта «Машина времени» Андрэя Макарэвіча.

За вострую крытыку захопніцкай палітыкі Крамля і падтрымку народу Ўкраіны легендарны музыка фактычна незапатрабаваны ў Расеі: яму забаронены доступ на тэлебачаньне, для яго калектыву зачыненыя канцэртныя пляцоўкі, на самым высокім узроўні распачатая кампанія цкаваньня самога Макарэвіча. Між тым, як кажа апальны творца, няма гора без дабра — у вымушанай паўзе зьявілася магчымасьць згадаць пра тое, на што не хапала часу. У прыватнасьці, пра беларускія карані.

Сёлета Андрэй Макарэвіч адгукнуўся на прапанову грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу Tuzin.fm — вынікам сумеснага праекту «Глябальная перазагрузка» стаў запіс новай вэрсіі кампазыцыі «Сьнег» на беларускай мове ў перакладзе музыкі і літаратара зь Бялынічаў Юрыя Несьцярэнкі. Стваральнік гуртоў White Night Blues і Nestary Band, аўтар кнігі «Звычайны шоў-бізнэс» і перакладчык песенных хітоў ня першы год заахвочвае замежных аўтараў паспрабаваць сябе ў сьпевах па-беларуску.

Юры Несьцярэнка і Андрэй Макарэвіч падчас запісу песьні «Сьнег»

Такім чынам, пад акампанэмэнт папулярнага гурту Apple Tea і з падачы Юрыя Несьцярэнкі Андрэй Макарэвіч упершыню ў жыцьці выканаў песьню на мове сваіх продкаў. Пра плённую супрацу згадвае спадар Несьцярэнка:

«Сапраўды, быў досьвед супрацы з Андрэм Макарэвічам і ў студыі, і па-за яе межамі. А першапачаткова быў пераклад вершаў, песенных тэкстаў. Яшчэ мінулым летам мы рабілі прэзэнтацыю „Анталёгіі перакладаў расейскай рок-паэзіі“ — гэта быў, можна сказаць, першы этап, зьвязаны з паэтычнай часткай. Ну, а потым паэтапна, пакрысе ўсё рушыла далей. Зьявілася музычная вэрсія песьні „Сьнег“, зь якой, уласна кажучы, Андрэй Макарэвіч пазнаёміўся і ўхваліў мой пераклад. Ужо пасьля таго, як вынік яго зацікавіў, памалу справа дайшла да сумеснага запісу. То бок, Андрэй Вадзімавіч прыяжджаў у Менск і ўжо тут запісваў беларускамоўную вэрсію. Што будзе далей — гэта ўжо наступныя крокі, якія раней часу, мабыць, анансаваць і ня варта. Сам па сабе досьвед ёсьць, цяпер шмат ад якіх фактараў залежыць, ува што напрацаванае рэалізуецца».

Пераклад песьні «Сьнег» Юры Несьцярэнка «абкатаў» на сабе:

Першы раз макарэвіцкі «Сьнег» па-беларуску прагучаў у менскім клюбе «Графіці» якраз падчас прэзэнтацыі спэцвыпуску часопіса «Дзеяслоў» — менавіта на яго старонках і была надрукаваная «Анталёгіі перакладаў расейскай рок-паэзіі». Зьбеларушаную песьню на суд публікі прадставіў сам Юры Несьцярэнка, сарваўшы дружныя аплядысмэнты. Пры ўдзеле Саюзу беларускіх пісьменьнікаў такая ж імпрэза была наладжаная ў Магілёве і мела аналягічны посьпех.

Пазьней Андрэй Макарэвіч прызнаўся, што кампазыцыя, напісаная ў сярэдзіне 1970-х, для моўнага экспэрымэнту выбрана невыпадкова: «У „Дзеяслове“ было нямала маіх вершаў і песень, перакладзеных на беларускую мову, і мне здалося, што менавіта ў гэтай найбольш блізка гучаць нашыя мовы, нават па наборы словаў заўважна. Мне прасьцей было зь ёй працаваць», — сказаў ён Tuzin.fm і заклікаў адраджаць беларускую мову агульнымі сіламі.

Цікаўлюся ў Юрыя Несьцярэнкі, ці шмат запатрабавалася Андрэю Макарэвічу часу, каб успрыняць і асэнсаваць беларускую мову?

Андрэй Макарэвіч выконвае па-беларуску песьню «Сьнег»:

«Наколькі атрымалася з мовай — гэта ўжо справа густу. Вядома, чалавеку, які раней не размаўляў, які не чытаў па-беларуску, прыстасавацца досыць цяжка. Але трэба аддаць належнае, што ён прыслухоўваўся, вучыўся, у яго было шмат кансультантаў, кожны ў сваім кірунку: хто ў вымаўленьні, хто падказваў філялягічныя тонкасьці. Ён старанна прыслухоўваўся да нюансаў і, безь перабольшаньня, выдатна ўсё запамінаў. У выніку атрымалася вэрсія, калі нават самыя крытычна настроеныя людзі проста разводзілі рукі і казалі: блін, няма пытаньняў. Так, напачатку было няпроста, але атрымаўся паказальны працяг: калі наступным разам ён прыехаў у Менск, то ўжо выконваў песьню па-беларуску. І хоць гэта была невялікая імпрэза — хутчэй, канцэрт для сяброў — ужо сьпяваў яе самастойна. Гэта песьня «Сьнег».

Карэспандэнт: «Беларускамоўная песьня ў ягоным рэпэртуары пакуль адна, так?».

«Так. Шчыра кажучы, я дасылаў яму таксама і іншыя варыянты, але цяпер пра гэта гаварыць, напэўна, ня варта...».

На разьвітаньне Юры Несьцярэнка падарыў Андрэю Макарэвічу свой дыск «Аэрапляны ў вырай»

За прамінулы час Юры Несьцярэнка і Андрэй Макарэвіч неаднаразова сустракаліся, падчас такіх кантактаў спадар Несьцярэнка «на пальцах» паказаў, як гучаць па-беларуску пераклады тэкстаў «Машины времени». Апрача «Сьнегу», былі, у прыватнасьці, пераасэнсаваныя і адаптаваныя да беларускай мовы добра вядомыя слухачам кампазыцыі «Ня дай мне ўпасьці», «Дзень гневу», «Зоркам ня трэба мэтро» і шэраг іншых.

Юры Несьцярэнка ўсьцешаны «беларусізацыяй» Андрэя Макарэвіча, які мае багата прыхільнікаў свайго таленту ў Беларусі. Хоць дагэтуль, мяркуе суразмоўца, наўрад ці лідэр «Машины времени» моцна засяроджваўся на сваім беларускім паходжаньні:

Андрэй Макарэвіч дае інтэрвію Радыё Свабода:

«Сытуацыя досыць цікавая: яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму Андрэй Вадзімавіч ня тое што не пазыцыянаваў сябе беларусам, а ўвогуле ня думаў пра Беларусь — калі не лічыць той факт, што ягоныя першыя здымкі на тэлебачаньні і першыя кліпы былі зьнятыя менавіта ў Менску. Гэта быў, здаецца ці 1981-ы ці 1982 год, перадача Зьмітра Падбярэзскага. Цяпер, праўда, ня ўпэўнены, ці было гэтае знакамітае „Сустрэнемся пасьля адзінаццаці“, ці праект у межах іншай праграмы музычнай рэдакцыі. Але факт, што Падбярэзскі быў завадатарам. І толькі зь цягам часу, калі падышоў пэўны ўзрост, зьявілася асэнсаваньне таго, што ягоныя карані паходзяць зь Беларусі. Гэтае разуменьне спарадзіла цікавасьць да продкаў і ў свой час на цэнтральных каналах нават была перадача пра вандроўку Макарэвіча на Берасьцейшчыну. Іншымі словамі, гэта была прага культурнага чалавека зазірнуць, скажам так, у сваё мінулае».

Андрэй Макарэвіч, Юры Несьцярэнка і рэдактар парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін

У 2011 годзе Андрэй Макарэвіч упершыню наведаў мясьціны, зь якіх паходзіць ягоны род па лініі бацькі. Гэта вёскі Блудзін і Маліч непадалёк ад Бярозы. Ягонае падарожжа ў праграме «Древо жизни» асьвятляў тады яшчэ прыязны да музыкі расейскі Першы канал. Галоўнай мэтай паездкі, як удакладніў сам Макарэвіч, было пакланіцца продкам, якіх ужо няма на сьвеце. Тады ж ён казаў, што ягоны бацька часьцяком згадваў пра цудоўны хутар Маліч, дзе нарадзіўся і правёў дзяцінства, і дзе жылі толькі Макарэвічы і Антончыкі. Але з-за шчыльнага гастрольнага графіку Андрэй так і ня здолеў наведаць радавое гняздо, бо нават у Беларусі канцэрты збольшага абмяжоўваліся Менскам.

Андрэй Макарэвіч штудзіруе пераклад

«Сьнег». Музыка і словы Андрэя Макарэвіча, пераклад на беларускую мову Юрыя Несьцярэнкі

Сьнег. Горад губляе зрок.
Крок
У змрок ад сьвятла, і зноў
Колер, як белы сьнег.
Горад твой
Стаў караблём,
Лёдам забраны ў палон.
Ты
Ведаеш пэўна, як
Сьнег
Нам пакідае знак.
Ён робіць заўсёды так,
І горад твой,
Сонцам сагрэты,
Плыве па вясновай вадзе.
Але
Ці дадзена нам зразумець,
Каму
Дзячыць за цеплыню,
Што зводзіць няспынна сьнег.
Сто доўгіх дзён
Мацнейшым быў ён
І раптам зьнікае за пяць
Цёплых дзён.