«Ці ведаеце вы, чаму каталікі і праваслаўныя адзначаюць Нараджэньне Хрыстова ў розныя дні? Як ставіцеся да ідэі тых, хто лічыць, што каляндар сьвятаў у хрысьціян мусіць быць аднолькавым?». Адказваюць жыхары Магілёва.
Your browser doesn’t support HTML5
— Праваслаўная царква засталася ў старым летазьлічэньні, а каталікі перайшлі ў новае. Мне ўсё роўна. Я магу адзначыць і каталіцкае сьвята, і праваслаўнае. Яны крыху зьнітаваныя між сабою.
— Бо каталікі жывуць паводле Грыгарыянскага календара, а праваслаўныя паводле Юліянскага. Юліянскі старэйшы за Грыгарыянскі, але ён зроблены з улікам пазьнейшых астралягічных назіраньняў. Павінен заставацца і той каляндар, і той. Традыцыі ёсьць традыцыі. Культура напрацаваная стагоддзямі.
— Каталікі і праваслаўныя — гэта па-сутнасьці адно і тое ж. Проста ў свой час галіны аддзяліліся.
— Розныя календары ў свой час прынялі. Але спачатку адзін быў, а потым праваслаўныя засталіся на старым, а каталікі перайшлі на новы. Але бог адзін, таму каляндар мусіць быць адзін.
— Ня ведаю. Цяжкае пытаньне. Павінен быць адзін каляндар, што ў праваслаўных, што ў каталікоў. Гэта ж практычна адна і тая ж вера — назвы толькі розныя.
— Там са зьмяшчэньнем дзён нешта, але дакладна я ня ведаю. Шмат лекцыяў слухала на гэтую тэму, але забыла ўжо. Мы ж ужо ўсе прывыклі да свайго, а давядзецца нешта ў сьвядомасьці ламаць. Для гэтага спатрэбяцца гады, цэлыя пакаленьні.
— Я задумвалася, але толкам і ня ведаю. Мо, што па новым стылі, ці па старым стылі... Ды няхай бы было ў адзін дзень, бо бог жа ў нас адзін.
— У кожнага чалавека мусіць быць сваё меркаваньне, гэтак і ў веравызнаньні. Ніякай жа розьніцы. Адны — у адзін час, другія — у другі. Нічога ў гэтым страшнага няма. Дзён працоўных менш.
— Між гэтымі рэлігіямі ёсьць нейкія разыходжаньні, калі я дакладна памятаю. У людзей склалася векавая вера, але Гасподзь ён жа адзін, а каталікі — яны ж таксама хрысьціяне. Людзі, наадварот, павінны нечым адрозьнівацца.
— Гэта зьвязна са зьменамі ў календары яшчэ ў пятроўскія часы. Ад таго часу нашае каляндарнае летазьлічэньне адпавядае эўрапейскаму. Тут нейкія амбіцыі нейкіх амбітных асобаў, якія чамусьці лічаць, што ў каталікоў і праваслаўных мае быць свой каляндар. Насамрэч гэта няправільна. У нас адзін Хрыстос, і мы павінны яго шанаваць разам.
— Гэтак прынята проста. Гістарычна склалася. Хоць рэлігія і адна, але паасобку хацелася б. Мо, калі б былі разам, то культуры і збліжала гэта. Мо, калі-небудзь тое будзе, але ня хутка...