Прэм’ер-міністар Турэччыны Ахмэт Давутаглу засудзіў расейскія авіяўдары па сырыйскім горадзе Ідлібе і заявіў, што сырыйская тэрыторыя ня будзе часткай «расейскіх імпэрыялістычных мэтаў».
Давутаглу заявіў 22 сьнежня, што паветраная кампанія Расеі ў Сырыі пераважна нацэленая на ўмераныя апазыцыйныя групы і цывільных асоб, і таму «ісламісцкія баевікі сталі мацней у тых абласьцях, дзе апазыцыйныя групы страцілі ўладу».
У выніку авіяўдараў 20 сьнежня дзясяткі людзей загінулі у горадзе Ідліб на паўночным захадзе Сырыі, які ўтрымліваецца антыасадаўскімі паўстанцамі. Паветраныя ўдары былі нанесеныя па рынку, некалькіх адміністрацыйных і жылых будынках.
Расея не пацьвярджае, што наносіла авіяўдары ў гэтай мясцовасьці.