Крэмль не разглядае магчымасьць зьніжэньня цэн на газ для Беларусі. Хаця падставы для гэтага ёсьць

Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ў Крамлі не абмяркоўваюць пытаньне зьніжэньня коштаў на нафту і газ для Беларусі.

Як перадае ТАСС, пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытаньне журналістаў, ці абмяркоўвалася пытаньне аб зьніжэньні цэн на вуглевадароды для Беларусі.

Пяскоў таксама паведаміў, што нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ў Маскве, сёньня двухбаковых кантактаў з Уладзімерам Пуціным не плянуецца.

Раней расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў заявіў у інтэрвію праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ, што цэны на расейскі газ для Беларусі ў 2016 годзе могуць зьнізіцца зь цяперашніх 142 да 135-140 даляраў за тысячу кубамэтраў.

На мінулым тыдні намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Сямашка, паведаміў, што ў цяперашні час ёсьць істотныя падставы для зьніжэньня цаны расейскага газу. Ён дадаў, што дамовіцца аб канкрэтнай цане на газ плянуецца да 21 сьнежня.

Прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што фармальныя падставы для зьніжэньня цэн на газ для Беларусі сёньня сапраўды існуюць.

Барыс Жаліба

«Як вядома, цэны на нафту зноў б’юць рэкорды па зьніжэньню: цяпер ужо дзесьці 36-37 даляраў за барэль найлепшай маркі Brent, і гэта ўжо дастаткова ўстойлівая тэндэнцыя. А калі зьніжаюцца цэны на нафту, то павінна зьніжацца і цана на газ, таму што яны ўзаемаабумоўлены: спачатку зьмяняюцца цэны на нафту, а потым, як наступства, зьмяняюцца цэны на газ. Таму мы можам чакаць у наступным годзе, так як і казаў Сурыкаў — 135-140 даляраў за тысячу кубамэтраў. Што тычыцца нафты, то на нафту цэны такія больш рухомыя, гэта ўсё залежаць будзе ад сусьветнага рынку. Калі сусьветныя цэны нізкія будуць, то будзе і ніжэй цана для беларусаў.

Зьніжэньне цаны на газ — гэта добрая тэндэнцыя, таму што мы вялікія спажыўцы газу, а вось нізкія цэны на нафту — гэта кепская тэндэнцыя, бо будуць нізкія цэны на нафтапрадукты, а гэта ў нас 1/3 валютных паступленьняў», — кажа ён.