Бакі дамовіліся працягуць дыялёг па правах чалавека, у тым ліку па пытаньнях, якія выклікаюць рознагалосьсі. Такая дамоўленасьць дасягнута падчас перамоваў, якія правяла 16 сьнежня ў Вашынгтоне беларуская дэлегацыя.
Пра падрабязнасьці візыту паведамляе прэсавая служба Міністэрства замежных спраў. Беларусь і ЗША працягнуць дыялёг па правах чалавека, у тым ліку абмеркаваньне пытаньняў, якія выклікаюць рознагалосьсі і тычацца выкананьня правоў чалавека ў абедзьвюх краінах, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
У складзе дэлегацыі быў начальнік упраўленьня Амэрыкі МЗС Алег Краўчанка, намесьнік начальніка ўпраўленьня глябальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Ірына Вялічка, часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павал Шыдлоўскі, а таксама прадстаўнікі ЦВК, Міністэрства юстыцыі, Генэральнай пракуратуры і Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаваньняў.
Пытаньні захавання правоў чалавека ў кантэксьце вяршэнства права" былі абмеркаваныя беларускай дэлегацыяй у Міністэрстве юстыцыі і Вярхоўным судзе ЗША, офісе па правах чалавека ўраду акругі Калумбія, Амэрыканскай асацыяцыі адвакатаў і Міжнародным фондзе выбарчых сыстэм.
Сустрэчы былі арганізаваны пры садзейнічаньні прадстаўніцтва ААН / ПРААН у Беларусі.