21 сьнежня Маскоўскі суд Берасьця разгледзіць пазоў Берасьцейскай мытні аб прызнаньні экстрэмісцкай літаратурай кніг Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял», напісанай у суаўтарстве з Валерам Буйвалам.
Кнігі былі канфіскаваныя ў актывіста партыі КХП-БНФ Алеся Чахольскага на беларуска-польскай мяжы.
Напярэдадні суду Алесь Чахольскі дамогся, каб яму даслалі копіі экспэртных заключэньняў аб прызнаньні кніг экстрэмісцкімі. Сярод іншага актывісту сталі вядомыя і прозьвішчы экспэртаў. Вось што Алесь Чахольскі паведаміў карэспандэнту Свабоды:
«Першы экспэрт — гэта Ляўковіч В.Н., начальнік аддзелу па працы з мэдыямі галоўнай управы ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Берасьцейскага аблвыканкаму. Другі экспэрт — Гетман І.В., вядучы адмыслоўца арганізацыі рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня „Белая Русь“ у Маскоўскім раёне Берасьця. То бок, экспэртызу правёў прадстаўнік улады, якая сфармаваная Аляксандрам Лукашэнкам, і прадстаўнік грамадзкай арганізацыі „Белая Русь“, якая цалкам падтрымлівае гэтую ўладу».
Алесь Чахольскі таксама працытаваў тое, што экспэрты напісалі адносна кніг Зянона Пазьняка і Валера Буйвала ў сваім экспэртным заключэньні:
«Па выніках правядзеньня дасьледаваньня зьместу кнігі „Добрая фатаграфія“, аўтар Зянон Пазьняк, адносна наяўнасьці-адсутнасьці ў ёй прыкмет экстрэмізму зроблена наступнае заключэньне. Высновы: Разглядаючы фотаздымкі сучаснай беларускай тэматыкі, аўтар дае скрайне непрыглядную карціну беларускай рэчаіснасьці. Падабраныя фотаздымкі закліканыя паказаць краіну ў нэгатыўным сьвятле. Тыповымі выразамі пры апісаньні здымкаў айчыннай тэматыкі зьяўляюцца: „лукашэнкаўская акупацыя“, „антыбеларускі рэжым“, „банды спэцназаўцаў“, „рэжымныя крымінальнікі пры ўладзе“, „акупацыйны рэжым“, „згубленая айчына“ і гэтак далей. Аб’ектам трывалых нападаў і прыдумак ёсьць розныя слаі грамадзтва: праваслаўнае сьвятарства, служачыя сілавых ведамстваў, пэнсіянэры. Можна канстатаваць, што зьмест кнігі носіць ня толькі тэндэцыйны, але і падбухторваючы характар, які скіраваны на распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсіянальнай варожасьці».
А па выніках дасьледаваньня кнігі Зянона Пазьняка «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял», напісанай у суаўтарстве з Валерам Буйвалам, адзначаны «правакацыйны характар матэрыялаў, якія падаюць гісторыю Беларусі як трывалае расейска-беларускае супрацьстаяньне, якое цягнецца да нашых дзён». «Выданьне запоўненае такімі выразамі, як «акупацыйны гэбісцкі рэжым», «расейскі забойца-энкавэдыст», «расейскі тэрор у Беларусі», «двухсотгадовая акупацыя Беларусі расейцамі была ўварваньнем азіятчыны ў нашу эўрапейскую цывілізацыю» і гэтак далей. Яшчэ цытата: «Аўтарам праводзіцца думка, што выканаўцамі сталінскага тэрору адносна беларусаў былі выключна па нацыянальнасьці расейцы».
І выснова, якую робяць экспэрты:
«Такім чынам, дадзеныя выданьні можна разглядаць як экстрэмісцкі матэрыял, які прапагандуе нацыянальную рознасьць, палітычную і ідэалягічную варожасьць, прапаганда выключнасьці і перавагі, альбо непаўнавартасьці грамадзянаў па прыкмеце іх сацыяльнай і нацыянальнай прыналежнасьці. Зыходзячы з гэтага, можна казаць пра наяўнасьць прыкмет экстрэмізму ў дадзеных выданьнях».
Алесь Чахольскі катэгарычна ня згодны з такімі высновамі экспэртаў. Актывіст лічыць, што вынікі экспэртызы супярэчаць Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам Беларусі свабоду поглядаў і выказваньняў:
«Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца на грунце разнастайнасьці палітычных інстытутаў, ідэалёгіяў і меркаваньняў», — цытуе Алесь Чахольскі Асноўны закон краіны. Таксама актывіста КХП-БНФ абурае тое, што для экспэртызы быў далучаны палітычна-ангажаваны экспэрт, прадстаўнік «Белай Русі», што не дазваляе казаць пра незалежную экспэртызу.
Алесь Чахольскі паведаміў, што ў судзе будзе аспрэчваць пазыцыю экспэртаў што да кніг Зянона Пазьняка і Валера Буйвала.