Літанкета Свабоды: Лідзія Ёхансэн

Лідзія Ёхансэн.

Лідзія Ёхансэн (Lydia Johansen) — перакладчыца. Працуе і жыве ў Осла. Перакладала з нарвэскай Інгвара Амб’ёрнсэна, Юстэйна Гордэра, Кнута Гамсуна.

1. Для каго вы перакладаеце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для таго, хто замаўляе. Мяркую, ідэальнага чытача ў перакладчыка няма, таму што ідэальны чытач — гэта адна з інтэнцый тэксту, а ўсякая інтэнцыя спараджаецца аўтарам.

2. Дзе вам найлепш перакладаецца, і калі?

Дома, у цэйтноце, калі да працы, скажам, гадзіны дзьве і ні хвілінай болей.

3. Перакладчыкам якой ужо перакладзенай кнігі вы хацелі б быць?

Мне, шчыра кажучы, усё роўна, ці была кніга перакладзеная раней: што замаўляюць, тое і перакладала б.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ня ведаю, чамусьці адразу падумалася пра Сашу Панкратава зь «Дзяцей Арбату».

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Міхаіл Булгакаў.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Hvitt hav» Roy Jacobsen.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Нарвэскай, а зь ёю — дацкай і швэдзкай, ангельскай, францускай, нямецкай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга зь перакладзеных вамі?

Калі пра сам пераклад — то такіх няма і, спадзяюся, ніколі ня будзе, — гэта каб не зазнавацца. А калі пра арыгінал — то я люблю ўсё, што перакладаю.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца перакласьці?

Карціць узяцца за «Песьню пра чырвоны рубін» Агнара Мюкле, але не хапае сьмеласьці на пераклад распусты.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Калі еду дадому пасьля працы ў апошні працоўны дзень перад водпускам.