Марынка Антолавіч прызначаны часовым павераным у справах Ватыкану ў Беларусі

Архікатэдральны касьцёл імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску, архіўнае фота

Часовым павераным у справах Апостальскай нунцыятуры прызначаны Марынка Антолавіч, які займае пасаду сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Менску.

Пра гэта 15 сьнежня паведаміў партал catholic.by.

Марынка Антолавіч будзе часовым павераным да прыезду новага Апостальскага нунцыя, імя якога пакуль не названае.

Мансэньёр Марынка Антолавіч нарадзіўся 27 студзеня 1976 году ў горадзе Зэніцы (Босьнія і Герцагавіна). У 2008 годзе атрымаў ступень доктара біблійнай тэалёгіі ў Папскім унівэрсытэце Urbaniana ў Рыме. У 2008-2011 гадах выконваў абавязкі сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Новай Зэляндыі. У 2011-2015 гадах займаў пасаду сакратара сталага прадстаўніцтва Сьвятога Пасаду пры міжнародных арганізацыях у Вене.