Частка 1.
Менск, 10 сьнежня. Абедаю ў рэстаране «Васількі». Народная кухня, па радыё «Песьняры» сьпяваюць «Ткачых» Багдановіча: «Заміж пэрсідзкага ўзора цвяток радзімы...»
За акном лятуць машыны па праспэкту Незалежнасьці.
Гартаю міліцэйскую газэту, у афіцыйнай хроніцы бачу знаёмае прозьвішча — мэдалём Францыска Скарыны ўзнагароджана загадчыца катэдры беларускай і замежных моваў акадэміі МУС.
Заходзяць тры памежнікі — на рукавах шэўроны па-беларуску.
Адтуль еду ў нацыянальную бібліятэку на прэзэнтацыю самай вялікай кнігі вершаў па-беларуску — 22 795 радкоў, пераклад «Калевалы». Поўная заля, выступаюць міністар культуры, амбасадар Фінляндыі, незалежны выдавец, незалежны рэдактар, незалежны перакладчык, і ўсё па-беларуску. Увечары на прыёме да іх далучыцца былы віцэ-прэм’ер і доўга будзе расказваць на выдатнай беларускай мове пра сваю працу амбасадарам у Вільні і Хэльсынках і пра сваю радзіму ў Старых Дарогах.
І гэта толькі пачатак! Сёньня на нобэлеўскай цырымоніі ў Стакгольме кароль ушануе ляўрэата зь Беларусі, і фэервэрк з гэтай нагоды можна будзе пабачыць над Драздамі, дзе жыве прэзыдэнт. Сёньня Дзень правоў чалавека, і Дзяржсакратар ЗША назаве краіны, дзе гэтымі правамі грэбуюць — і ў пераліку ня будзе Беларусі.
Калі б 100, 50, 25 год таму так пабачылі гэтыя рэальныя фрагмэнты аднаго дня, мы памёрлі б ад шчасьця.
Частка 2.
Менск, 10 сьнежня. Абедаю ў рэстаране народнай кухні «Васількі». Афіцыянты гавораць па-расейску, мэню таксама... Па радыё пасьля песьні пра слуцкіх ткачых дзявочы голас радасна заводзіць «Мама, я в Дубае!» Няйначай, каб ткаць залатыя паясы.
За акном на праспэкт Незалежнасьці глядзіць дзесяцімэтровая бронзавая статуя бальшавіцкага правадыра, чый подпіс стаіць на расстрэльных сьпісах і пастановах, паводле якіх зьнішчылі мільёны людзей. Плошча, суседняя вуліца і завулак носяць імя гэтага ня горшага, як лічыцца, з вампіраў.
Купіў міліцэйскую газэту, на першай паласе міністар унутраных справаў тэлеграмай «искренне и сердечно» віншуе з «95-летием со Дня образования конрольно-ревизионных подразделений органов внутренних дел». Аказваецца, ёсьць і такое сьвята — «День ревизионного работника органов», якое хутка адзначыць сваё стагодзьдзе...
У рэстаран заходзяць тры памежнікі зь пяціканцовымі зоркамі на форме. Памежнікі ахоўваюць чатыры мяжы, а самая вялікая і пагрозьлівая застаецца адкрытай для чалавечкаў усіх колераў, ад зялёнага да наркатычнага.
Еду ў нацыянальную бібліятэку на прэзэнтацыю перакладу эпасу «Калевала». Апроч супрацоўнікаў бібліятэкі ў невялікім фае пару дзесяткаў цікаўных, выступаюць міністар культуры, амбасадар Фінляндыі, незалежны выдавец, незалежны рэдактар, незалежны перакладчык. «Незалежны» азначае, што да выданьня кнігі дзяржава ня мае аніякага дачыненьня — перакладчык гадамі працаваў, не спадзеючыся на друк, рэдактар працаваў, бо даўні сябра перакладчыка, выдавец амаль дзесяць гадоў шукаў спонсараў, і грошы далі фінскія бізнэсмэны. Кнігу пакуль можна купіць толькі ў адной кнігарні.
Увечары на прыёме ў фінскай амбасадзе пазнаёмлюся з былым паслом Беларусі ў Фінляндыі, які некалі быў віцэ-прэм’ерам і ў гэтай якасьці падпісаў пастанову пра закрыцьцё беларускага ліцэя, дзе працавалі рэдактар і выдавец кнігі. Ліцэй па-ранейшаму працуе ў падпольлі.
Сёньня на нобэлеўскай цырымоніі ў Стакгольме кароль ушануе ляўрэата зь Беларусі, але гэтага не пабачаць гледачы дзяржаўных тэлеканалаў і пра гэта не прачытаюць чытачы дзяржаўных газэт, у школах ня пройдуць урокі, прысьвечаныя творчасьці пісьменьніцы.
Сёньня Дзень правоў чалавека, за тры месяцы да яго з турмы былі выпушчаныя шэсьць палітвязьняў, якія адседзелі разам больш за дваццаць гадоў. Кампэнсацыі ім ніхто ня выплаціў, прабачэньняў не прынёс, рэабілітацыі не чакаецца. У краіне няма свабодных выбараў, няма незалежных судоў, парлямэнту, свабоды слова, свабоды бізнэсу...
Калі б 100, 50, 25 год таму так пабачылі гэтыя рэальныя фрагмэнты гэтага дня, мы памёрлі б ад сораму.
Частка 3.
Цяпер ясна, чаму слова «сюррэаліст» сто год таму прыдумаў чалавек зь беларускімі каранямі.