Знакаміты францускі пісьменьнік Мішэль Уэльбэк выдаў новую кнігу, якая працягвае шэраг скандалаў у ягоным жыцьці.
Скандалы замест біяграфіі
59-гадовы Мішэль Уэльбэк — адзін з самых інтэлектуальна разьвітых і уплывовых пісьменьнікаў Францыі, ляўрэат Ганкураўскай прэміі (2010). Аднак розум і аўтарытэт, і грошы не ратуюць ад жыцьцёвых злыбедаў. Асабліва тады, калі чалавек наўмысна правакуе свой лёс ці пазначаны з нараджэньня і нясе на сабе выбухоўку, нібыта тэрарыст-сьмяротнік. Уэльбэк рэгулярна трапляе ў розныя скандалы: то раптоўна зьнікае на тры месяцы і не зьяўляецца на заплянаваныя літаратурныя чытаньні ў Нідэрляндах і Бэльгіі, то атрымлівае порцыю абвінавачаньняў у плягіяце (нібыта скраў некалькі абзацаў зь Вікіпэдыі), то старэнькая матуля Ўэльбэка публічна пагражае выбіць сыну ўсе зубы, калі ён і далей будзе ў чорных фарбах маляваць сваю родную сям’ю ў творах.
Скандал як уласны цень... У 2007 годзе Ўэльбек разам зь іншым знакамітым францускім пісьменьнікам, Фрэдэрыкам Бэгбэдэрам, прыехаў у Маскву для ўдзелу ў дэбатах. На мерапрыемства, дзе прысутнічаў амбасадар Францыі ў Расеі, былі акрэдытаваны ажно 200 журналістаў. Замест таго, каб абмяркоўваць літаратуру ці казаць што разумнае, пісьменьнікі замовілі — літаральна на сцэну! — пляшку водкі. І, нясьпешна перамаўляючыся між сабою (на прысутных французы амаль не зьвярталі ўвагі), выпілі гарэліцу, прычым без закусі. Як сьведчыць карэспандэнт РИА Новости, пасля гэтага адказы пісьменьнікаў на пытанні публікі сталі «окончательно невразумительными».
Канчаткова незразумелы ў жыцьці, Уэльбэк застаецца гранічна ясным у сваіх кнігах.
Алах, кнігі і тэракты
Бадай, самы вялікі зьнешні канфлікт Уэльбэка зьвязаны з ісламам. Ну хто, скажыце, цягне пісьменьніка за язык спачатку казаць, што Каран выклікае ў яго дэпрэсію, а потым працягваць высьвятленьне стасункаў з самім веравызнаньнем у судзе? Няўжо славуты грамадзянскі доўг пісьменьніка? Зусім не, бо для Ўэльбэка той абавязак — абстракцыя. Больш за тое, пісьменьніку як быццам начхаць на радзіму, суайчыньнікаў і ўсё чалавецтва, аб чым увесь час цьвердзяць ягоныя пэрсанажы, якія нават зьнешне імкнуцца быць падобнымі на свайго стваральніка. Дыяген жыў у бочцы, а Ўэльбэк — у пустэльніцтве на гішпанскай віле. Спадарства, не засланяйце сонца.
Ад публічнай крытыкі ісламу пісьменьнік перайшоў да прэпарацыі гэтай сусьветнай рэлігіі ва ўласнай мастацкай творчасьці. Такім чынам Уэльбэк падстрахаваўся ад новых абвінавачаньняў з боку мусульманскіх саюзаў Францыі і Францускай лігі правоў чалавека. Бо ў гэтай краіне, як і ў іншых рынкавых дэмакратыях сьвету, калі ты аб нечым кажаш не праз газэту, а кнігу, цябе ніхто ў суд не пацягне — свабода творчасці, libération. Але лёс ізноў выцяў пугаю Ўэльбэка. Ці ён сам «падставіўся» наўмысна.
Чарговы раман Уэльбэка пад назваю «Падпарадкаваньне» («Soumission») толькі-толькі зьявіўся на кніжных паліцах па ўсёй Францыі, а камэрцыйны посьпех яму ўжо быў гарантаваны, у тым ліку за мяжой. Публіка, добра падагрэтая журналістамі, рыхтавалася смакаваць «антыісламскую» кнігу Ўэльбэка. Сам прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд у інтэрвію радыёстанцыі France Inter 5 студзеня 2015 году заявіў, што «будзе чытаць раман, бо ён выклікае спрэчкі». Чарговы нумар францускага сатырычнага часопіса «Charlie Hebdo», які мусіў выйсці 7 студзеня, быў прысвечаны «Падпарадкаваньню»; першую старонку выданьня «ўпрыгожвала» карыкатура на пісьменьніка з подпісам: «Прадказаньні мага Ўэльбэка: у 2015 годзе я страчваю зубы, у 2022 годзе я выконваю рамадан».
Як вядома, у гэты ж дзень рэдакцыю «Charlie Hebdo» атакавалі тэрарысты; сярод загінулых быў сябра Ўэльбэка, эканаміст Бэрнар Мары. Рэкламная кампанія «Падпарадкаваньня» была адразу згорнутая, сам пісьменьнік сьпешна зьехаў з краіны. І яшчэ адно супадзеньне: у лістападзе 2015 году, калі новы раман Уэльбэка нарэшце быў выдадзены ў Расеі, адбыліся новыя тэракты — самыя крывавыя ў гісторыі Францыі.
«Цяпер прыйшоў час Армагедону»
Уэльбэк акрэсьліў жанр свайго раману як «палітычная фантастыка». Паводле «Падпарадкаваньня» да ўлады ў Францыі ў 2022 годзе прыходзіць урад нацыянальнай згоды на чале з Махамедам Бэн Абэсам, лідарам партыі «Мусульманскае братэрства». Падзеі разгортваюцца вельмі праўдападобна — у кнізе Ўэльбэка палітычныя і сацыяльныя зьмены паказаны ў фокусе, адсочваецца іх унутраная лёгіка і ўзаемасувязь. Чаго не скажаш, прыкладам, пра хаатычную карцінку і мітуслівую балбатню, уласцівую аднастайным рэпартажам Euronews пра тую ж самую Францыю.
Аўтар паказаў сябе някепскім палітолягам і хранографам — значную ролю тут адыграла ільдзіста-халоднае мысьленьне Ўэльбэка як філёзафа і ягоная пісьменьніцкая інтуіцыя. Марын Лё Пэн, лідар францускага Нацыянальнага фронту і адзін з пэрсанажаў «Падпарадкавання», абвесьціла журналістам, што «кніга Ўэльбэка — фантастыка, якая ў адзін прыўкрасны дзень можа стацца рэчаіснасьцю». Зрэшты, гэты правацэнтрысцкі палітык па прыроджанай звычцы пасьпяшалася прыцягнуць раман на свой бок у якасьці ідэйнага паплечніка.
Эсхаталягічныя матывы ў «Падпарадкаваньні» дамінуюць — толькі вось галоўны герой зусім не рэлігійны чалавек, хоць падчас наведваньня храму ў камуне Ракамадур ён аказваецца здольным адчуць, што значыць уплыў хрысьціянства на чалавека: «Ад ціхамірнасьці Ісуса, яго духоўнай магутнасьці і непрыметнай моцы рабілася страшнавата».
Тут трэба зрабіць тлумачэньне: менавіта французы стаяць у вытокаў такога паджанру навуковай фантастыкі, як «постапакаліптыка».
Першым у сусьветнай літаратуры творам аб канцы сьвету лічыцца «Апошні чалавек» — раман францускага сьвятара Жана-Батыста Кузэна дэ Грэнвіля. Грэнвіль, якога востра непакоілі падзеі Францускай рэвалюцыі і часы Тэрору, скончыў жыцьцё самагубствам у 1805 годзе, ня вытрымаўшы лютай дэпрэсіі і не пасьпеўшы надрукаваць свой твор пра вынішчэньне плянэты ў выніку кепскага дзяржаўнага кіраваньня і перанаселеньня.
Постапакаліптычны твор яшчэ аднаго француза, Рабэра Жана Жоржа Мэрля, быў у хатніх бібліятэках, у тым ліку савецкіх грамадзян — у «Мальвілі» (1972) распавядаецца пра купку людзей, якія ацалелі пасьля ядзернай вайны і цяпер ратуюцца ў сярэднявечным замку дзесьці ў глыбінцы Францыі. (Герой Уэльбэка, дарэчы, таксама імкнецца зьехаць у правінцыю — далей ад сталіцы, дзе пачынаюцца хваляваньні.) А ў «Настальгіі па чорнай магіі» (1997) Вэнсана Равалека сьвет зьнікае наўпрост у акіяне; пад саборам Нотр-Дам утвараюцца пячоры, пад Эйфэлевай вежай робіць сабе жытло гіганцкі спрут.
Францускія літаратары прадчуваюць (і прысьпешваюць) скон цывілізацыі — ужо каторае стагодзьдзе яны занятыя гэтай адказнай справай. «Падпарадкаваньне» ня ёсьць наватарскай нават у дачыненьні да папярэдніх кніг самога Ўэльбэка, які ўсё жыцьцё піша аб адным і тым жа: згасаньні хрысьціянскай цывілізацыі, культуры і самой эўрапейскай ідэнтычнасьці разам зь яе сацыял-дэмакратыяй. «Падпарадкаваная» Францыя паступова страчвае і свае знакамітыя кулінарныя традыцыі — халяльная ежа цяпер паўсюль, і ня толькі яна: індыйскія чыкен бір’яні, чыкен тыка масала, курыны роган джош. Ну і сушы, вядома, камбінаванае меню B3... Калі ў сталіцы пачынаюцца сутычкі з арабамі, герой не адразу разумее, што яму вельмі пашанцавала: ён жыве ў парыскай акрузе, якую кітайцы абралі для разьмяшчэння сваёй шчыльна зачыненай грамады. А значыцца, тут будзе досыць зацішна.
Мой сябра Гюісманс
У сваіх лекцыях па рускай літаратуры Ўладзімір Набокаў дае каштоўную параду: «Глядзіце на твор, а не на раму і не на твары другіх людзей, якія разглядаюць тую раму». Калі так зрабіць, вам адкрыецца таемны ўзор «Падпарадкаваньня», прыгажосьць і трагедыя кнігі.
Галоўны герой твору — 44-гадовы парыжанін Франсуа. Чалавек-гермэтык і суіцыдальны тып, ён тым ня менш спрабуе ўтрымаць каханую жанчыну і ніколі не страчвае пачуцьцё чорнага гумару, а таксама апэтыт. У грамадзкім жыцьці Франсуа — выкладчык Сарбоны, які вывучае творчасьць і жыцьцёвы шлях францускага літаратара Жарыса-Карла Гюісманса. Прычым пісьменьнік — ня проста аб’ект дасьледаваньня. Франсуа няспынна суадносіць сваё жыцьцё, думкі і пачуцьці з Гюісмансам — гэта не вар’яцтва, а пошук надзейнага апірышча і чалавечага цяпла, спагады. Пошук пацьвярджэньня, што ў сьвеце яшчэ магчыма паразуменьне, перадача вопыту і мысьленчай энэргіі: «Толькі ва ўладзе літаратуры абудзіць у нас пачуцьцё блізкасьці зь іншым чалавечым розумам у яго поўным аб’ёме, з яго слабасьцю і веліччу, абмежаванасьцю, марнасьцю, неадчэпнымі ідэямі і вераваньнямі; з усім, што непакоіць, цікавіць і адварочвае яго». Пакуль Франсуа вядзе дыялёг з Гюісмансам, Уэльбэк вывучае, што значыць для асобнага чалавека жыць літаратурай і цалкам належыць толькі ёй.
Падчас чытаньня гэтай «палітычнай фантастыкі» я чакаў ад аўтара аднаўленьня палемікі з ісламам — і не дачакаўся. Усю моц свайго пісьменьніцкага таленту Ўэльбэк скіроўвае супраць дзяржаўных, эканамічных, фінансавых і культурна-адукацыйных інстытутаў сваёй краіны. І чаго толькі пужаюцца французскія выбаршчыкі абнаўленьня палітычнага і рэлігійнага ляндшафту ў краіне пасьля перамогі «Мусульманскага братэрства»? Іх дабрабыту і жыцьцёвым выгодам нічога не пагражае — іслам добра стасуецца зь ліберальнымі каштоўнасьцямі Захаду, а рынкавая эканоміка дапаможа Бэн Абэсу залучыць ў Эўразьвяз краіны Міжземнамор’я. Каталіцтва ня здолела сёньня супрацьстаяць падзенню нораваў — гэта добра атрымаецца ў той рэлігіі, якая цяпер шпарка ідзе на кантынэнт разам зь мігрантамі. Францыя і француская мова, безумоўна, пашыраць свой уплыў у сьвеце; інтэлектуальныя цэнтры краіны атрымаюць шчодрую фінансавую дапамогу Савудаўскай Арабіі. Ну а тое, што ўсе парыжанкі цяпер носяць штаны — толькі на карысьць: мужчыны значна паспакайнелі. Вострую крытыку і сатыру на грамадзтва Ўэльбэк спалучае з гаркавым, не раўнуючы вудзі-аленаўскім, гумарам у адносінах да самога сябе: «З гадамі Ніцшэ рабіўся мне бліжэй — відавочна, гэта непазьбежна, калі ўзьнікаюць праблемы з сантэхнікай».
Самотны Франсуа адчувае надыход старасьці і згасаньне ўласных інтэлектуальных здольнасьцяў. Па прыкладзе Гюісманса ён спрабуе стаць аблатам, аднак не знаходзіць у сабе веры — толькі раздражненьне: у новым стагодзьдзі ў абацтве забараняецца курыць, а амаль поруч з кляштарам праклалі скорасную чыгунку. Напрыканцы кнігі пэрсанаж Уэльбэка вымушаны будзе зрабіць маральны выбар. Альбо і далей гуляцца ў бісэр разам з Гюісмансам у поцемках заходняй цывілізацыі, альбо пасьпець скарыстацца шанцам і, прыняўшы іслам, пражыць новае жыцьцё ў сьвеце, які цьвердзіць, што найвышэйшае шчасьце — падпарадкаваньне. Верыць шчыра не атрымаецца — затое поруч будуць маладыя жонкі (так, у множным ліку): іх у якасьці бонуса атрымліваюць выкладчыкі Сарбоны, ляяльныя да новай улады.
Менавіта на апошніх старонках рамана робіцца зразумелым, што Ўэльбэк зладзіў бліскучы экспэрымэнт: паказаў моц і слабасьць розуму іншага чалавека і наладзіў кантакт між ім і намі, чытачамі. Магчыма, іншай галоўнай задачы перад сабой пісьменьнік ня ставіў, і ўсё астатняе ў ягоным рамане — цяжкая цьмяная рама.