Расейскі журналіст Леанід Сьвірыдаў беларускага паходжаньня, які працаваў уласным карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» ў Польшчы, быў абвінавачаны ў шпіянажы і 12 сьнежня вымушаны пакінуць Варшаву, у якой працаваў з 2003 году.
Леанід Сьвірыдаў нарадзіўся і вучыўся ў Беларусі, у 1990-х гадах працаваў у беларускіх СМІ (газэтах «Добры вечар», «Рэспубліка»). Быў уласным карэспандэнтам тэлеканалу РТР у Беларусі. Атрымаў расейскае грамадзянства. Апошнія 19 гадоў працаваў у Чэхіі і Польшчы. У 2006 годзе Леаніду Сьвірыдаву адмовілі ў акрэдытацыі ў Чэхіі, абвінаваціўшы ў шпіянажы. Летась такія самыя падазрэньні адносна яго былі агучаныя і ў Польшчы.
У кастрычніку 2014 году Міністэрства замежных спраў Польшчы пазбавіла расейскага журналіста акрэдытацыі, затым мазавецкі ваявода прыняў рашэньне аб ануляваньні віду на жыхарства, а ў лістападзе 2015 году польскі Дэпартамэнт па справах замежнікаў пакінуў у сіле рашэньне ваяводы. Расейскі журналіст са сваім польскім адвакатам яшчэ абскарджваюць рашэньне ў Варшаўскім судзе, але сам ён вымушаны быў зьехаць з Польшчы.
Радыё Свабода знайшла Леаніда Сьвірыдава ў Маскве.
— Чаму вы зьехалі, не дачакаўшыся рашэньня суду? Наколькі я разумею, былі рашэньні ваяводы, Упраўленьня па справах замежнікаў, а судовага пацьверджаньня не было...
Абсурднасьць сытуацыі ў тым, што гэта не судовае рашэньне, а адміністрацыйнае.
— Я выканаў адміністрацыйнае рашэньне — цягам 30 дзён пакінуць Польшчу. Інакш, калі б я гэта не зрабіў, пачалася б аўтаматычна працэдура дэпартацыі — у кайданках.
Абсурднасьць сытуацыі ў тым, што гэта не судовае рашэньне, а адміністрацыйнае. Справа ў тым, што польскае заканадаўства не да канца прыведзенае ў адпаведнасьць з нарматывамі Эўразьвязу. Да прыкладу, у Нямеччыне, Бэльгіі, Нідэрляндах замежнік пакідае краіну толькі па рашэньні суду, якое ўступіла ў законную сілу. А ў Польшчы па-іншаму: паводле адміністрацыйнага рашэньня я павінен пакінуць краіну і судзіцца з-за мяжы. Мы з маім польскім адвакатам апратэставалі гэта рашэньне месяц таму і цяпер чакаем, калі суд прызначыць дату разгляду.
— І ўсё ж, ці былі нейкія тлумачэньні, прычыны, чаму вас пазбавілі віду на жыхарства, бо раней вы казалі, што ўсе дакумэнты, якія знаходзяцца ў справе, засакрэчаныя...
— Ніякіх дакумэнтаў, ніякіх матэрыялаў мы ня бачылі. Усе дакумэнты дагэтуль засакрэчаныя. Мы камэнтавалі «ўцечкі» ў польскую прэсу, нейкія абвінавачваньні...
Мы дагэтуль ня ведаем, якія супраць мяне ёсьць абвінавачваньні.
Мы дагэтуль ня ведаем, якія супраць мяне ёсьць абвінавачваньні. Калі абвінавачваньні ня высунутыя, то я лічу, што іх проста не існуе. Адзіны дакумэнт, які ёсьць у справе, гэта дакумэнт шэфа Агенцтва ўнутранай бясьпекі (які даўно ўжо звольнены). Там напісана, што «далейшае знаходжаньне замежнага грамадзяніна Сьвірыдава на тэрыторыі краіны зьяўляецца дзейснай і сур’ёзнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы Польшчы». І вось 15 месяцаў — я — сур’ёзная пагроза для Польшчы. Вось толькі ў чым гэта пагроза — ня ведаю ні я, ні мой адвакат, грамадзянін Польшчы.
— А ці засталіся абвінавачваньні ў шпіянажы?
— Справа ў тым, што іх там ня можа быць. Таму што абвінавачваньне ў шпіянажы — гэта крымінальная справа, а палякі пайшлі па адміністрацыйным ланцужку. Шпіянаж, як і тэрарызм — гэта вельмі сур’ёзнае крымінальнае абвінавачваньне, якім займаюцца пракуратура, суд. А паколькі шпіянажу няма, ствараецца мэдыяпрастора. А Польскае агенцтва друку піша: «Сьвірыдаў па дадзеных польскіх СМІ зьяўляецца шпіёнам». Гэта як? Што за абсурдная фармулёўка — «шпіён па дадзеных СМІ?»
Што за абсурдная фармулёўка — «шпіён па дадзеных СМІ?»
— Вы прасілі апытаць уплывовых асобаў Польшы, якія маглі б распавесьці кампэтэнтным органам пра вашу дзейнасьць. Што, іх сьведчаньні не паўплывалі на польскіх чыноўнікаў?
— Усе мае просьбы апытаць сьведкаў, якія маглі б выказацца і штосьці распавесьці пра маё жыцьцё і маю працу ў Польшчы, праігнараваныя, хаця я прапаноўваў апытаць дэпутатаў Сэйму, вядомых палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, вядомых польскіх журналістаў, дзеячоў навукі, культуры. Прычым, я хачу асабліва падкрэсьліць, што ўсё гэта пачаў урад Эвы Копач, гэта былы ўрад, які ўжо сышоў у адстаўку. Усіх людзей, якія пачалі гэтую гістэрыю супраць мяне, ужо ва ўрадзе няма. Я працягваю судзіцца, і спадзяюся цяпер на «Права і справядлівасьць», на тое, што суд вырашыць справу на маю карысьць.
— У інтэрвію Радыё Свабода год таму вы казалі, што ўсё адбываецца на тле антырасейскай гістэрыі ў Польшчы. На ваш погляд, гэта гістэрыя працягваецца?
— Даволі складанае пытаньне. Таму што, з аднаго боку, польска-расейскія дачыненьні ў апошнія гады былі пастаянна нацягнутыя.
Але, з майго пункту гледжаньня, нейкі элемэнт нэгатыву антырасейскага, мне падаецца, у сродках масавай інфармацыі Польшчы пайшоў на спад. Магчыма, гэта зьвязанае з тым, што прыйшоў новы ўрад, і ён разумее, што давядзецца працаваць з усімі сваімі суседзямі.
— Якія вашы далейшыя дзеяньні, ці будзеце судзіцца далей?
Я лічу, што абараняцца трэба, нельга дазваляць так сябе «апускаць».
— Безумоўна, бо я лічу, што я маю рацыю, ніякіх абвінавачваньняў супраць мяне няма, я не парушыў польскае заканадаўства, працаваў легальна, таму мы з адвакатам апратэставалі рашэньне другой адміністрацыйнай інстанцыі ў Ваяводзкім адміністрацыйным судзе Варшавы, і маем намер дайсьці да Вярхоўнага Суду. Калі будуць вычарпаныя ўсе магчымасьці ў Польшчы, я гатовы зьвяртацца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры як грамадзянін. Я не палітык, не грамадзкі дзяяч, я звычайны грамадзянін за звычайным расейскім пашпартам. Не дыпляматычным, не службовым. Я лічу, што абараняцца трэба, нельга дазваляць так сябе «апускаць».
Што да далейшага працаўладкаваньня, ёсьць некалькі варыянтаў, пакуль я застаюся ў Маскве, таму што я ня ведаю, змагу вярнуцца ў Варшаву ці не. Зараз мы пішам афіцыйны запыт, які мой прававы статус, таму што, як я зразумеў, мае дакумэнты не ануляваныя, яны быццам бы сапраўдныя... Зараз вырашаю праблемы з жытлом, будзем абмяркоўваць з кіраўніцтвам, дзе я буду працаваць. Ну, а на Новы год я зьбіраюся ў Менск сустракаць сьвята з бацькам.