Апавядаючы пра ўрачыстасьць пробашч парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Станіслава ксёндз Віталь Драздоўскі адзначыў, што яна надзвычайная:
«Папа Рымскі Францішак кажа, што ў сьвеце нямала зла, недаверу, канфліктаў ды войнаў. І гэта справакавала яго зрабіць людзям знак, каб задумаліся, што яны робяць. Мы ж жывём у тым сьвеце, які самі і ствараем. Трэба, каб у ім панавала больш боскага супакою, прабачэньня, радасьці, узаемнай павагі ды дапамогі. І гэтым мы імкнёмся перамагчы злыя ўчынкі. Брама міласэрнасьці адчыняецца, каб чалавек скарыстаўся магчымасьцю зьмяніцца духоўна».
«Наша Магілёўская катэдра таксама зацьверджаная сьвятым прастолам Ватыкану як урачыстая, юбілейная сьвятыня», — заўважае сьвятар.
«Дужа важна зазначыць, каб не было спэкуляцыяў, — даводзіць ён. — Некаторыя людзі лічаць, што прайсьці праз Браму — гэта значыць атрымаць адпушчэньне грахоў. Нібыта можна грашыць, а потым, прайшоўшы празь яе, адразу ачысьціцца. Такая духоўная спэкуляцыя — гандаль з Богам. Мы ўваходзім праз Браму ў храм да Бога міласэрнага. Прыносім да яго свае грахі, слабасьці, клопаты штодзённыя. А Бог прагне дапоўніць радасьцю, шчасьцем, супакоіць».
Урачыстую імшу адслужыў у касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Станіслава біскуп вікары Магілёўскага рэгіёну Аляксандар Яшэўскі.
Брамы Божай Міласэрнасьці адкрылі ва ўсім каталіцкім сьвеце. У Беларусі адзінаццаць сьвятыняў сталі асяродкам юбілею, які адзначаецца раз на 25 гадоў.
Год Божай міласэрнасьці ў каталіцкім сьвеце пачаўся 8 сьнежня. 50 гадоў таму завяршыўся Другі Ватыканскі сабор, які «стаў актам міласэрнасьці ў дачыненьні да касьцёла і чалавецтва». Пачатак Году міласэрнасьці адзначыць адкрыцьцё папам Францішкам сьвятых дзьвярэй у базыліцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане.
8 сьнежня адбылося адкрыцьцё Брамы Міласэрнасьці ў Рыме. Апошні раз такая ўрачыстасьць праходзіла ў 2000 годзе.