Статкевіч: Усё ж такі Сьвятлана — ня Вацлаў Гавал

Мікола Статкевіч

Былы палітвязень Мікалай Стакевіч выказаў свае ўражаньні ад Нобэлеўскай прамовы Сьвятланы Алексіевіч.

«Мяне заўсёды ўражвала спадарыня Алексіевіч, яе здольнасьць адчуваць і чуць боль і пакуту людзей. Яна пісьменьніца, завостраная на самае цяжкае, на страшныя выпрабаваньні, на страты. Яна ў пэўнай ступені нават фільтруе менавіта гэты бок нашага жыцьця. Яна нібы чалавек без скуры, які вельмі адчувальны да чужога болю. І гэтыя яе адчуваньні і яе высокі літаратурны талент прынесьлі ёй заслужанае прызнаньне і ўзнагароду».

Аднак Мікола Статкевіч адзначае, што хацеў бы колькі словаў пачуць у прамове Нобэлеўскага ляўрэата па-беларуску.

«Гэтага не пачуў. Спадарыня Алексіевіч кажа, што яна чалавек рускай культуры. Але, я думаю, больш, усё ж, украінскай, бо культура — гэта нешта большае, больш шырокае, чым любоў да літаратуры. І чалавек, які выгадаваны і на высокай расейскай літаратуры. Яна доўгі час жыла ў Беларусі і мне як беларусу хацелася б пачуць ад яе хаця б колькі слоў па-беларуску. Альбо хаця б тое, што яна належыць да нашай нацыі, да нашага народу. Тут было больш пра Расею. Але гэта яе справа. Добра, што прэмію даюць не за прыналежнасьць да нейкай нацыі, культуры, а за талент. А тут гэта бясспрэчна, я зьяўляюся вялікім прыхільнікам таленту спадарыні Алексіевіч. Гэта яе справа, да якога народу належаць, пра які народ яна найбольш піша».

Адносна таго, што ў прамове яна не згадала Лукашэнку, што гэта прамова будзе супраць «рускага сьвету», як чакалі некаторыя, Статкевіч адзначыў:

«Нельга было чакаць ад пісьменьніцы ўвязваньня ў палітычныя бойкі. Усё ж такі Сьвятлана — ня Вацлаў Гавал, які актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці, у супраціве, сядзеў у турме. Яна — выбітная пісьменьніца, але ніколі не ўдзельнічала ў палітычных дзеяньнях. Таму чакаць ад яе гэтага было б няправільна».