У Менску адбылася сустрэча лідэраў прадпрымальніцкага руху Беларусі, прадстаўнікоў буйных гандлёвых рынкаў і актывістаў з розных рэгіёнаў краіны.
Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін зь лідэраў руху салідарнасьці «Разам», прадпрымальнік Аляксандар Макаеў:
«Пасьля 1 студзеня для прадпрымальнікаў распачнецца „гарачая пара“: пачнуць закрывацца выставы і рынкі, бо ўлады прапаноўваюць канфіскоўваць тавар, які ня будзе мець накладных дакумэнтаў і сэртыфікатаў якасьці. У сёньняшніх умовах гаспадараньня людзі будуць ня здольныя здабываць гэтыя сэртыфікаты, бо ў Расеі, калі такія дакумэнты і мажліва атрымаць, то іх сапраўднасьць ставіцца пад сумнеў дзяржаўнымі органамі ў Беларусі.
Сёньня прадстаўнікі прадпрымальніцкага сэктару абмяркоўвалі гэтую сытуацыю і прыйшлі да высновы, што ўлады не жадаюць ісьці на перамовы і на саступкі гандлярам. Таму прынятае рашэньне ад 1 студзеня абвесьціць бестэрміновы страйк на рынках і выставах усёй краіны. А таксама ў студзені правесьці мітынг на Кастрычніцкай плошчы Менску. Рашэньне па даце мітынгу яшчэ не прызначанае, і гэтае пытаньне будзе вырашацца пазьней».
Пра верагоднасьць салідарнай актыўнасьці прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў заявіў:
«У сёньняшні страйкам запісваюцца да ста адсоткаў прадпрымальнікаў. Нават тыя, хто маюць усе патрабаваныя дакумэнты. Бо калі ня будзе большасьці гандляроў, то і ім ня будзе сэнсу стаяць на рынках, якія будуць пуставаць. Збольшага людзі разумеюць, што яны пастаўленыя ў сытуацыю безвыходнасьці і шмат будзе залежаць ад іх саміх».
Як паведаміў Аляксандр Макаеў, прывітальнае слова з заклікам да салідарнасьці ў абароне сваіх правоў удзельнікам сустрэчы даслаў з Ваўкавыску Мікола Аўтуховіч.