Былы савецкі дысыдэнт, беларус па паходжаньні Міхаіл Кукабака працягвае змагацца з карнай псыхіятрыяй, якую для яго ўвасабляе вядомы Інстытут імя Сербскага ў Маскве. Паводле Міхаіла Кукабакі, з 2006 году ён дамагаецца азнаямленьня з матэрыяламі псыхіятрычнай экспэртызы, якую яму рабілі ў гэтым інстытуце, каб потым зьмясьціць у псыхіятрычны шпіталь.
У 1988 годзе Міхаіл Кукабака адным з апошніх выйшаў зь лягера для палітычных у Пермскім краі Расеі, быў рэабілітаваны і нават дамогся ад ФСБ, каб паказалі сфабрыкаваную на яго справу. Але дазволу азнаёміцца з псыхіятрычнай экспэртызай дагэтуль не атрымаў.
«Прадстаўленьне названых дакумэнтаў магчымае толькі па патрабаваньні суб’екта, які прызначыў экспэртызу, а таксама па патрабаваньні сьледчага (суду), у вытворчасьці якога знаходзіцца справа, калі яна тычыцца гэтай экспэртызы або асобы, якая гэтую экспэртызу праходзіла...», — цытуе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна» адказ Міхаілу Кукабаку з расейскага Дзяржаўнага навуковага цэнтру сацыяльнай і судовай псыхіятрыі імя В.П. Сербскага — гэтак цяпер называецца былы савецкі Інстытут імя Сербскага. Адказ праваабаронцу падпісаў Зураб Кекелідзэ, цяперашні дырэктар установы. Чаму вядомы спэцыяліст не дазваляе Міхаілу Кукабаку азнаёміцца з дакумэнтамі ягонай справы? Пра гэта карэспандэнт Свабоды запытаў у Міхаіла Кукабакі, патэлефанаваўшы яму ў Маскву.
— Чаму не даюць дазволу? Бачу дзьве прычыны. Па-першае, сам гэты Зураб Кекелідзэ можа быць датычны да тых фальсыфікацыяў, якія адбываліся ў Інстытуце імя Сербскага ў 1970–80-я гады. Паглядзеў, дык аказваецца, ён у інстытуце пачаў працаваць у 1978 годзе, а я праходзіў там экспэртызу другім разам у 1979 годзе, а потым яшчэ праз 3 гады — то бок пры ім. Але калі нават ён асабіста да маёй справы і ня мае дачыненьня, дык яўна яны ня хочуць ствараць прэцэдэнт. Бо калі мне дадуць доступ да дакумэнтаў, дык дзе гарантыя, што іншыя не захочуць? Вядома, такіх, як я, засталося няшмат, але ў іншых ахвяр карнай псыхіятрыі ёсьць сваякі, яны могуць таксама зацікавіцца, пачнуць выносіць падрабязнасьці ў сьвет — відаць, гэтага ім ня трэба.
— Спадар Міхаіл, а для чаго непасрэдна вам спатрэбілася зазірнуць у гэтую экспэртызу, калі і без таго зразумела, чаго яна вартая?
Пра мяне ж вырашылі, што я псыхічна хворы, бо надзвычай захапіўся замежнай мовай, філязофіяй, спортам
— Дзеля прынцыпу. Калі я рэабілітаваны і прызнана, што супроць мяне справу сфабрыкавалі, дык дзейнічае закон, паводле якога мне мусяць прадставіць маю справу. Але Цэнтар, які ўзначальвае спадар Кекелідзэ, кажа, што нібыта гэта ня тычыцца экспэртызы. Як так? Экспэртызу ж прызначала сьледзтва, гэта наўпрост датычыць справы — таму дайце мне магчымасьць вывучыць усе дакумэнты. Не даюць. Таму вырашыў настойваць. І потым, мне цікава, якія там матэрыялы. Пра мяне ж вырашылі, што я псыхічна хворы, бо надзвычай захапіўся замежнай мовай, філязофіяй, спортам... Вось такі абсурд зь сёньняшняга пункту гледжаньня, але гэтак было. Цікава паглядзець, якія ў іх наконт гэтага былі дакумэнты. Вось у ФСБ я дамогся, каб паказалі саму справу, дык знайшоў там, што паказаньні супроць мяне даў мой сябар, пра якога ніколі б не падумаў. Але КДБ яго зламала, тады амаль усіх ламалі, калі хацелі.
— Вядома, што вы зьвярнуліся па дапамогу ў Раду па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі, якую ўзначальвае вядомы расейскі праваабаронца Міхаіл Фядотаў. Чаму спадзеяцеся на гэтую структуру?
— Канечне, можна лічыць, што гэта апошняя надзея. Ня думаў ужо да яго зьвяртацца, пакуль выпадкова не пазнаёміліся на адным мерапрыемстве, дзе я вельмі крытычна выказаўся пра ўсю судовую сыстэму ў Расеі, у тым ліку згадаў і пра тое, што дагэтуль не магу дамагчыся, каб паказалі маю экспэртызу. Тады спадар Фядотаў і параіў напісаць да іх у Раду. Напісаў. Нядаўна прыйшоў адказ, што з Рады зроблены запыт у «Цэнтар імя Сербскага» адносна маёй просьбы абавязаць іх азнаёміць мяне з матэрыяламі маёй экспэртызы. І яшчэ адказалі, што абавязаць нікога ня могуць, бо яны толькі кансультатыўны орган. Таму наўрад ці будзе станоўчы вынік, але змагацца я працягваю. У тым ліку я працягваю пісаць матэрыялы пра тое, як у Інстытуце Сербскага дзейнічалі супроць такіх, як я. Прыкладам, у мяне ёсьць артыкул «Якія тайны захоўвае інстытут Сербскага?» — яго можна лёгка знайсьці ў інтэрнэце, там шмат цікавага пра гэтую карную структуру.
— Вы крытычна ставіцеся да ўладнай сыстэмы Расеі. А пра беларускую сыстэму што скажаце?
— Сказаў бы гэтак, што ў Беларусі сёньня дрэнна, але ў Расеі яшчэ горш. Хіба былі такія выпадкі ў Беларусі, каб сын міністра забіў чалавека, а яго «адмазалі» ад адказнасьці, ды яшчэ і пагражалі завесьці крымінальную справу на тых, хто дамагаўся суду? Ня ведаю такога. Вось і цяпер — новы скандал вакол генпракурора Юрыя Чайкі і ягоных сыноў, а Ўладзімер Пуцін пра гэта маўчыць. Што, чакае, ці ня зьявяцца яшчэ якія доказы карупцыі, пасьля якіх ужо прыйдзецца здымаць з пасады? Але ён жа сам усіх гэтых карупцыянэраў прызначаў! То бок, па маіх уражаньнях, у Расеі яшчэ горш. У Беларусі апошні раз я быў год таму і бачу, што эканамічнае становішча з таго чаму пагоршылася. Гэта мяне непакоіць, трэба шукаць выйсьце. Параіў бы апазыцыі ў тым ліку дамагацца, каб былі сапраўдныя эканамічныя рэформы. Але трэба рабіць іх гэтак, каб Беларусь канчаткова не апынулася ў руках Пуціна, які толькі і хоча, каб яе праглынуць.
На пачатку 1980-х гадоў па сфабрыкаванай справе Міхаіл Кукабака быў прызнаны «сацыяльна асабліва небясьпечным для грамадзтва» і ўпершыню адпраўлены на 6 гадоў у спэцпсыхушку турэмнага тыпу за артыкул у абарону пісьменьніка Анатоля Кузьняцова, аўтара дакумэнтальнай кнігі «Бабий Яр». Пазьней Міхаіл Кукабака яшчэ двойчы праходзіў псыхіятрычную экспэртызу, быў тройчы асуджаны, у тым ліку беларускімі судамі, адбыў за кратамі агулам 17 гадоў.
Адмыслоўцы Інстытуту імя Сербскага таксама датычныя да перасьледу вядомых расейскіх дысыдэнтаў Уладзімера Букоўскага, Валерыі Навадворскай ды дзясяткаў іншых.