Апазыцыянэры атрымалі адказ з Брусэлю на свой ліст

Старшыня Эўрапейcкай рады Дональд Туск, кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клод Юнкер і вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні адказалі на калектыўны ліст прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Туск, Юнкер і Магерыні падзякавалі за ліст і паведамілі, што прынялі да ведама выкладзены ў ім аналіз сытуацыі.

«Існаваньне моцнай апазыцыі — гэта жыцьцёвая неабходнасьць для разьвіцьця дэмакратычных і плюралістычных грамадзтваў. Выбарчае заканадаўства і працэдуры, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, — гэта, безумоўна, вельмі важна для гарантаваньня грамадзянам магчымасьці рэальнага выбару.

Фінальная справаздача БДІПЧ АБСЭ аб правядзеньні беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў павінна быць завершана да канца бягучага году. ЭЗ будзе аддаваць адмысловую ўвагу гэтым рэкамэндацыям і настойліва заклікаць, каб беларускія ўлады іх выконвалі».

Таксама ў пасланьні зроблены акцэнт на неабходнасьці наладжваць дыялёг паміж Брусэлем і Менскам:

«ЭЗ ангажаваны ва ўсебаковыя дачыненьні для паляпшэньня эўрапейска-беларускіх стасункаў. ЭЗ спадзяецца на больш пазытыўны парадак дня зь Беларусьсю, павелічэньне кантактаў і сфэр для супрацы. Мы ўпэўненыя, што пашырэньне дыялёгу — гэта ключ для далейшага прагрэсу ў нашых стасунках. Правы чалавека, дэмакратыя, вяршэнства права і свабода выказваньняў — гэта частка раўнаньня, унутраная частка заангажаванасьці ў ЭЗ. Далучэньне і актыўнае ўцягваньне ў гэтыя працэсы грамадзянскай супольнасьці застанецца найважнейшым для разьвіцьця такіх адносін».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька станоўча ацаніў сам факт ліста.

Анатоль Лябедзька

«Засяродзіць увагу эўрапейскіх лідэраў на Беларусі няпроста. У ЭЗ шмат іншых праблемаў і выклікаў. Што да зьместу, то як пазытыўны фактар варта адзначыць супадзеньне нашых пазыцыяў па пытаньні свабодных сумленных выбараў паводле стандартаў АБСЭ. Гэта той шлях, які можа прывесьці да пераменаў у Беларусі».

Пяць прадстаўнікоў беларускай апазыцыі — Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Павал Севярынец — накіравалі кіраўніцтву ЭЗ і Эўрапарлямэнта ліст, які тычыцца ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне і далейшых адносін ЭЗ і Беларусі.

Ён дасланы 29 кастрычніка, калі ЭЗ прыпыніў на чатыры месяцы санкцыі да афіцыйнага Менску.

«Санкцыі замарожаныя, а што далей? Мы не пачулі ад Брусэля галоўнага — што павінны зрабіць улады за гэтыя чатыры месяцы», — сказаў тады адзін з аўтараў ліста — Лябедзька.

Апазыцыянэры прапанавалі пакрокавую «дарожную мапу» дэмакратычных зьменаў у Беларусі і разьвіцьця дыялёгу з ЭЗ.

Першы пункт тычыцца зьмены выбарчага заканадаўства і яго правапрымяняльнай практыкі, каб улады вярнулі беларусам права выбару. Другі — прадугледжвае перамоўны працэс з удзелам прадстаўнікоў улады і апазыцыі пад эгідай місіі АБСЭ. У трэцім пункце гаварылася пра неабходнасьць правесьці парлямэнцкія выбары 2016 году ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі.

Аляксандар Мілінкевіч, Тацяна Караткевіч і Аляксей Янукевіч ліст не падпісалі.