У Віцебску вырашылі стварыць каталёг мясцовых адметнасьцяў — выявіць найбольш папулярныя і вядомыя цікавосткі, якія служаць падставай для гонару гараджан і могуць быць цікавыя гасьцям гораду.
Аўтар праекту, прадстаўнік супольнасьці Vitebsk4Me Раман Воранаў, яшчэ напрыканцы жніўня прапанаваў ахвотным дасылаць свае ідэі: якія гарадзкія аб’екты яны лічаць знакавымі. Каб сыстэматызаваць гэта далей у алфавітным парадку, удзельнікам прапанавалі канкрэтызаваць, назву якой установы, помніка ці чагосьці яшчэ яны б «замацавалі» за пэўнай літарай алфавіта.
На прапанову адгукнуліся ахвотна. Самымі адметнымі і цікавымі назвалі каля 250 гарадзкіх рэаліяў, кажа спадар Воранаў:
«Трошкі менш за 250 фэномэнаў было названа — але ж гэта нашмат болей, чым літар у беларускім алфавіце! Было багата супадзеньняў: князь Альгерд, Марк Шагал. Аўдыторыя была ў асноўным моладзевая, таму было шмат прапановаў наконт „Бітлз-клюбу „Чердачок““, шмат было прапановаў па пэрсонах — гэта і Васіль Быкаў, і Мінай Шмыроў, і шмат было мясьцінаў — Юр’ева горка, ДСК, Журжава — ці ня ўся гарадзкая тапаніміка ўвайшла. Ну, гэта і зразумела: людзі каля гэтага жывуць і таму маюць да гэтых рэаліяў нейкую ласку. А мы абапіраліся на ўяўленьні нашых віцяблян».
Паводле ініцыятараў праекту, у пералік трапілі выключна прапанаваныя жыхарамі Віцебску аб’екты і зьявы. Ні журы, ні аўтары нарысаў пра віцебскія фэномэны анічога свайго не дадавалі.
Клопат быў ня толькі з адборам, але і з пошукам адпаведнасьцяў зь літарамі беларускага алфавіту. Вядома ж, што ёсьць такія літары, зь якіх пачынаюцца вельмі мала якія словы. Не было названа аніякіх рэаліяў, прыкладам, на літару «Я» — і тады давялося ўжыць прапанову «Тэатар імя Якуба Коласа». Падобным чынам на літару «О» ў «Віцебскі алфавіт» трапіла імя вядомага тутэйшага фатографа Сыгізмунда Юркоўскага (у ягоным прозьвішчы на «О» прыпадае націск). На «Ь» у «Віцебскім алфавіце» нічога не пачынаецца, але сёе-тое сканчаецца: у горадзе жыў знакаміты мэдык Карл Гібэнталь, які вынайшаў спосаб выкарыстаньня гіпсу для павязак пры пераломах. На «Ў» сканчаецца славутае імя «Васіль Быкаў», на «Ы» — слова «масты», якімі здаўна слаўны Віцебск.
Са шматлікіх прапановаў абралі ня толькі гістарычныя, правераныя часам зьявы і імёны. У «Віцебскім алфавіце» знайшлося месца і «Стрыт-арту» на літару «С», і — на літару «Ч» — папулярнаму месцу адпачынку аматараў сучаснага мастацтва, «Бітлз-клюбу „Чердачок“»...
Калі знойдуцца ахвотныя са сродкамі, каб гэта надрукаваць зборнікам — калі ласка, мы ўсё аддаём бясплатна
У складзе журы, якое адбірала прапановы для алфавітнага каталёгу, былі вядомыя віцебскія гісторыкі, краязнаўцы, мастакі — Мікалай Півавар, Людміла Хмяльніцкая, Вольга Давідоўская, Сьвятлана Баранкоўская, Дзяніс Юрчак і іншыя. Тэксты для кароткіх нарысаў пра віцебскія фэномэны складалі 12 аўтараў — гэта культуролягі, гісторыкі, краязнаўцы, прадстаўнікі моладзевых ініцыятываў. Над PDF-варыянтам «Віцебскага алфавіту» працавалі дызайнэр Ігар Юхневіч і фатограф Аляксандра Гарлачова-Русалоўская.
Ці будзе карысьць зь іхнай працы, залежыць найперш ад актыўнасьці грамадзкасьці Віцебску, працягвае аўтар праекту Раман Воранаў:
«Самае галоўнае, каб гэта распаўсюджвалася як мага шырэй, каб шырэйшая аўдыторыя з гэтым знаёмілася. У электроннай вэрсіі ўсё падрыхтавана, зьвярстана, тут арыгінальныя фатаздымкі, якія рабіліся адмыслова для гэтага каталёгу, арыгінальныя тэксты. Усё гэта можна браць і тут жа друкаваць — ці дома на ўласнай друкарцы, ці недзе ў копі-цэнтры. Можна падараваць сябрам, можна нават з гэтым праводзіць экскурсіі, выкарыстоўваць у іміджавых, адукацыйных мэтах. Калі знойдуцца ахвотныя са сродкамі, каб гэта надрукаваць зборнікам — калі ласка, мы ўсё аддаём бясплатна. Але друкаваць не было самамэтай для нас — мы хацелі проста вызначыцца, разгледзець меркаваньні гараджан як зьяву. І скласьці алфавітны каталёг — бо гэта найперш каталёг, а ня зборнік».
Прэзэнтацыя вынікаў праекту «Віцебскі алфавіт» адбудзецца 3 сьнежня ў «Арт-прасторы „Талстога, 7“». Пачатак а 17-й гадзіне.