Чаму судзяць тых, хто ўшаноўвае памяць нацыянальных герояў пад бел-чырвона-белым сьцягам?

Мэмарыяльная акцыя ў Сьвіслачы 31 кастрычніка 2015 году

У Сьвіслачы працягнуцца суды над удзельнікамі ўшанаваньня памяці паўстанцаў 1863 году. Адзін з удзельнікаў ужо асуджаны, над двума суды адбудуцца 3 сьнежня, яшчэ траіх азнаёмілі са складзенымі пратаколамі, і, верагодна, сьпіс на гэтым не сканчаецца.

Першым быў асуджаны сьвіслацкі актывіст Юры Глебік — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве яго аштрафавалі на чатыры з паловай мільёны. Ягоныя аргумэнты ў судзе, што ўскладаньне кветак і запальваньне зьнічак ля помнікаў нацыянальным героям на Дзяды — традыцыя беларускага народа, на суд ніякім чынам не паўплывала.

Суд узяў пад увагу сьведчаньні міліцыянтаў, што Глебік трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг і прамаўляў каля помнікаў.

Днямі актывіст зь Бярозаўкі Лідзкага раёну Вітольд Ашурак адмовіўся падпісваць складзены на яго ў Сьвіслачы пратакол і аргумэнтаваў гэта наступным чынам:

Вітольд Ашурак

— Ніякага злачынства не зьдзяйсьняў. Разам зь іншымі прыйшоў ушанаваць памяць нацыянальных герояў на Дзяды, калі па ўсёй Беларусі на могілкі прыходзяць людзі і ўшаноўваюць памяць блізкіх, родных і герояў сваёй краіны. Ну і што я зрабіў? Падняў у Беларусі каля помнікаў героям нацыянальны беларускі сьцяг...

Паводле Ашурка, на ягонае пытаньне міліцыянту — чаму склалі пратакол менавіта на яго — той адказаў, што пратаколы складзеныя на значную колькасьць удзельнікаў акцыі ў Сьвіслачы.

На ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы прысутнічалі блізу 100 чалавек з розных гарадоў Беларусі.

Уладзімер Хільмановіч

Гарадзенскі актывіст і праваабаронца Уладзімер Хільмановіч, на якога таксама складзены пратакол, зьвяртае ўвагу на тое, што найперш у дадзенай сытуацыі парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзян, якія маюць права на мірныя сходы, але ён яшчэ і канкрэтызуе некаторыя рэчы:

— На трох чалавек зь пяці пратаколы складзены з падтасоўваньнем фактаў. Трох чалавек вінавацяць у тым, што бралі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Сьвіслачы і Якушоўцы, хоць яны наагул не былі ў Якушоўцы. Відавочна, што пратаколы складзеныя папросту пад кальку і ніхто нават не глядзіць на канкрэтнага чалавека. А яшчэ, калі мы парушалі закон, ускладаючы кветкі, дык чаму ніводзін міліцыянт не падышоў і не папярэдзіў, што мы зьдзяйсьняем недазволенае? Відавочна — бо ніхто грамадзкага парадку не парушаў.

Прадстаўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, камэнтуючы Свабодзе сытуацыю ў Сьвіслачы, сказаў, што праваабаронцы расцэньваюць удзел у падобных акцыях як ажыцьцяўленьне права на мірныя сходы. І паколькі ўдзельнікі акцыі не прадстаўлялі пагрозы ні грамадзкаму парадку, ні нацыянальнай бясьпецы, не парушалі правы іншых асобаў, то, паводле яго, гэта безумоўна парушае іхняе права на мірныя сходы.

Валянцін Стэфановіч

— Калі дзяржава ў асобе супрацоўнікаў міліцыі абмяжоўвае правы канкрэтнага грамадзяніна на свабоду сходаў і выказваньня свайго меркаваньня, то яна пры гэтым павінна спаслацца на нейкія абставіны, якія зьяўляюцца дапушчальнымі абмежаваньнямі ў канкрэтным выпадку. Скажам, асоба прамаўляла недапушчальныя лёзунгі, якія распальваюць нацыянальную альбо рэлігійную варожасьць, прапагандуюць вайну, гвалт, альбо асобы наагул парушалі грамадзкі парадак. А калі асобы нічога падобнага не рабілі, а прэтэнзіі ўладаў — толькі да таго, што яны прымалі ўдзел у несанкцыянаваных сходах, то гэта іншая справа.

Але зноў жа, паводле Стэфановіча, у Беларусі юрыдычна сытуацыя даволі аднабокая, бо з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства выходзіць, што грамадзянін прымаў удзел у незаконнай акцыі — гэта артыкул 23.34. Праўда, зь іншага боку, існуюць міжнародныя пакты, ратыфікаваныя Беларусьсю, якія гарантуюць правы грамадзян на ўдзел у мірных сходах і свабоднае выказваньне сваіх меркаваньняў.

— Так, суды пры разглядзе падобных спраў на міжнародныя пакты наагул не глядзяць. І ўсё ж я б параіў спасылацца на гэтыя міжнародныя пакты і казаць, што Беларусь, ратыфікаваўшы іх, узяла на сябе адпаведныя абавязаньні і павінна іх выконваць. А мяне чамусьці караюць, што я мірным шляхам выказваю свае меркаваньні. Праўда, на практыцы Беларусь не выконвае міжнародныя пакты, якія яна ратыфікавала.

Трэцяга сьнежня суды ў Сьвіслачы пройдуць над гарадзенцамі Эдвардам Дзьмухоўскім і Віктарам Сазонавым. Вядома, што пратаколы складзеныя на Ўладзімера Хільмановіча, Віталя Гуляка і Вітольда Ашурка. Летась за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году былі асуджаныя 18 чалавек.