Адзін зь лідэраў БХД, якая праводзіць антыалькагольную кампанію, лічыць даступнасьць алькаголю ва ўмовах яго празьмернага спажываньня злачынствам ня меншым, чым выкраданьне палітычных апанэнтаў улады.
У праекце бюджэту Беларусі на 2016 год прадугледжаныя захады дзеля падтрымкі алькагольнай галіны, у тым ліку зьмяншэньне акцызаў на моцны алькаголь на 7,4% і на пладовыя віны (у народзе «чарніла») на 7,5%, паведамляе БелаПАН. Акцызныя стаўкі на піва зьмяняць не плянуецца.
Меры скіраваныя на стабілізацыю алькагольнай галіны і паляпшэньне фінансавага стану прадпрыемстваў. Тыя за першае паўгодзьдзе 2015 году панесьлі страты: напрыклад, «Менск-Крышталь» — на 13,3 млрд рублёў, «Белалка» — 10,2 млрд, Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод — 8,5 млрд. Аляксандар Лукашэнка растлумачыў неспрыяльнае становішча спраў у алькагольнай галіне агрэсіўнай падатковай палітыкай, якая праводзілася ў краіне ў апошнія гады — маўляў, гэта «практычна ўгробіла галіну».
Тым часам за студзень-верасень бягучага году рэалізацыя алькагольнай прадукцыі на ўнутраным рынку заўважна зьнізілася: на 18% для моцнага алькаголю, на 20% для пладова-ягадных вінаў і на 3,9% для піва.
Старшыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец лічыць зьніжэньне акцызаў злачынствам супраць уласнага народу.
«Такая ініцыятыва — гэта наўпрост спойваньне народу, бо заробкі паніжаюцца, кошты растуць — і, як кажуць, „бяры ты, беларус, танную гарэлку, упівайся і забывай пра ўсё“. Груба кажучы, такую палітыку ўлады вядуць, калі ўсё зусім кепска. І гэта злачынства супраць уласнага народу».
БХД ужо два гады праводзіць антыалькагольную кампанію, дамаўлялася зь мясцовымі ўладамі і зьбірала подпісы за абмежаваньне продажу алькаголю па ўзросьце і па часе. Севярынец лічыць перамогай народу тое, што ў асобных раёнах Беларусі забаранялі прадаваць алькаголь уночы, а таксама забаранялі рэкляму «парасонных» брэндаў, калі дзеля рэклямы гарэлкі ствараліся і рэклямаваліся, напрыклад, пітныя воды пад той жа маркай, што і гарэлка.
«Перад так званымі выбарамі зрабілі алькаголь таньнейшым, абмежаваньні здымаюцца, цяпер і паніжаюцца акцызы. Гэта разбурае генафонд — мы і так ці ня самая пітушчая нацыя ў Эўропе. Думаю, што гэтая лукавая статыстыка (адносна зьніжэньня аб’ёмаў рэалізацыі алькаголю. — РС) павінна давесьці: сталі менш піць, менш грошай у бюджэце, піце, беларусы, больш! Гэта жахліва, калі бюджэт атрымлівае пад 10% ад алькаголю, а потым траціць 2% на культуру альбо 5% на ахову здароўя — гэта палітыка разбурэньня народу, гэта недапушчальна.
Гэта тое ж самае, калі добры сябра сям’і прыходзіць і кажа: „Няма грошай у вас? А хадземце і нап’емся!“. Тое, што цяпер робяць улады, гэта найгоршы варыянт. Бо потым побытавы гвалт, злачыннасьць, „а што ж у нас моладзь такая пайшла“.
Гэта цяжкое злачынства, параўнальнае з выкраданьнямі палітычных апанэнтаў альбо з даступнасьцю абортаў, гэта забіваньне людзей.
Усе разьвітыя краіны прайшлі праблему з алькаголем, маюць досьвед змаганьня, гэты досьвед не за год і не за два, гэта мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка. Яна заключаецца ў абмежаваньні часу і ўзросту продажу алькаголю, алькаголь рэалізуецца ў асобных крамах, гэтыя крамы, як правіла, знаходзяцца за горадам альбо ў аддаленай частцы гораду. Няма такой крокавай даступнасьці. Павольна падвышаюцца кошты на алькаголь, якасьць алькаголю, падвышаецца культура піцьця — усё гэта прыводзіць да выцясьненьня алькагалізму як нормы грамадзтва.
Прапановы, якія рабілі хрысьціянскія дэмакраты, якраз і былі такімі крокамі. Бо ў нас, напрыклад, кампанія „Белалка“ ўзяла такую моду будавацца каля каледжаў і школаў, насупраць літаральна. Заходняя Эўропа, Скандынавія, Штаты — алькаголь там можна набыць, але ён досыць дарагі і якасны, людзі не ўспрымаюць алькаголь як норму. Нам, беларусам, трэба ісьці гэтым шляхам, няма патрэбы вынаходзіць ровар — ёсьць досьвед, ёсьць вынікі».