26 лістапада кіраўнік Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч праінфармаваў віцебскія ўлады пра апэрацыю ў Менску па затрыманьні ўдзельніка баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны.
«Уначы на чыгуначным вакзале ў Менску затрыманы малады чалавек, які пры сабе меў два пашпарты, зброю, выбуховыя рэчывы, дакумэнты, якія пацьвярджаюць удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны. Паводле ягоных неадэкватных паводзінаў можна меркаваць, што ад яго можна было чакаць чаго заўгодна», — цытуе Івана Наскевіча БЕЛТА.
Кіраўнік Сьледчага камітэту адзначыў таксама, што ў Беларусі прынятыя ўзмоцненыя захады бясьпекі, адэкватныя той сытуацыі, якая склалася.
У чэрвені кіраўнік КДБ Валеры Вакульчык заявіў, што беларускія найміты, якія ўдзельнічаюць ва ўкраінскім канфлікце, будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Тым ня менш раней афіцыйна агучвалася, што крымінальных спраў на грамадзянаў Беларусі паводле артыкула «найміцтва» пакуль няма.