Нядаўна ў Мсьціславе зьнесьлі частку старой агароджы Тупічэўскага манастыра. Замест яе паставілі новую — панэльную. Рупліўцы беларускай даўніны лічаць: агароджу варта было ратаваць. Ім адказваюць: «Што маглі, тое ўратавалі».
Тысячагадовая гісторыя Мсьціслава пакінула нямала помнікаў архітэктуры. Бальшыня зь іх праз адсутнасьць сродкаў не рэстаўруюцца і занепадаюць. Ад некаторых велічных будынкаў засталіся толькі сьціплыя знакі.
Мураваная агароджа — адзінае, што засталося ад зьнішчанага Тупічэўскага Сьвятадухавага манастыра. Калісьці гэтая сьвятыня была адным з цэнтраў беларускага праваслаўя. На яе падмурках пры канцы 1950-х гадоў узьвялі масласырзавод. Датай заснаваньня манастыра лічыцца 1641 год.
На тое, што частка старой агароджы зьнікла, зьвярнуў увагу магілёўскі экскурсавод і краязнаўца Алег Дзьячкоў. На ягоную думку, мураваны паркан можна было аднавіць:
«Агароджа была цэлая на ўсе сто адсоткаў. Яна б яшчэ сто гадоў прастаяла, — даводзіць краязнавец. — Вырашылі, аднак, што яна непрыдатная ды непрыгожая і трэба яе зьнесьці. І Мсьціслаў ужо ў мірны час панёс чарговую гісторыка-архітэктурную страту».
«Тупічэўскі манастыр быў вядомы сваім цудадзейным абразом Тупічэўскай Божай маці. Там было некалькі мураваных і драўляных храмаў. Былі яны вельмі вядомыя ў 17–18 стагодзьдзях. Каштоўныя там былі і росьпісы. Агароджа з брамаю — было тое нешматлікае, што засталося ад манастыра. Цяпер большую частку гэтай агароджы зьнесьлі», — абураецца Алег Дзьячкоў.
На фатаздымках старога мураванага паркана не відаць, каб пра яго нехта дбаў. Агароджу доўга не рамантавалі. Месцы, дзе старая цэгла адвальвалася, закладалі сучаснай — сылікатнай. Ёю ж агароджу і надбудоўвалі.
Жыхары завулку Камунарнага кажуць: зьнесьлі частку агароджы неўзабаве пасьля таго, як замест збанкрутаванага масласырзаводу запрацаваў філіял акцыянэрнага таварыства «Бабушкина крынка» з Магілёва. Замест старога паркана паставілі новы — панэльны.
Тое, што ацалела — дзьве капліцы, браму і агароджу паміж імі — адрамантавалі.
«Калі знайшліся грошы на рамонт старой брамы і асьвячэньне капліцы, то чаму не хапіла грошай на ўсю агароджу?», — ставіць пытаньне Дзьячкоў і сам на яго адказвае:
«Калі мы задаём пытаньні па захаваньні помнікаў архітэктуры і старых будынкаў, то нам звычайна адказваюць: „Няма грошай!“ А ў дадзеным выпадку ў прадпрыемства, ці ў тых, хто зносіў агароджу, грошы ёсьць, але не хапіла розуму і адукацыі, каб уратаваць даўніну».
На прадпрыемстве сьцьвярджаюць, што аднавіць агароджу ў поўным аб’ёме было немагчыма, бо ейны стан не дазваляў гэтага.
«Частку агароджы мы адрэстаўравалі. Адрэстаўравалі і дзьве каплічкі, якія засталіся ад манастыра. І бацюшка асьвяціў іх. А дзе нельга было адрамантаваць, то мы гэта замянілі», — тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.
«Калі гэты манастыр будаваўся ў 1641 годзе, то самі разумееце, якая там была агароджа. Цэгла там уся сыпалася. Мы і сетку набівалі, і тынкавалі. І нічога не дапамагала. Таму, дзе можна было, мы адрэстаўравалі», — заключае суразмоўца.
Звонку тынкаваныя і пафарбаваныя ў белы колер агароджа, брама і каплічкі выглядаюць дыхтоўна. Над імі ўзвышаюцца залатыя купалы-цыбуліны.
Рэшткі Тупічэўскага манастыра ня мелі ахоўнага статусу. У райвыканкаме запэўніваюць: у тым, што зьнесьлі частку агароджы, парушэньня заканадаўства няма.
«Прадпрыемства за свае сродкі аднавіла, што змагло. Замест старой агароджы ўсталявалі звычайную тыпавую. Капліцу і ўязную браму адрамантавалі. У капліцы цяпер абразы вісяць. Пляцоўка ўпарадкаваная», — сказалі ў аддзеле архітэктуры раённай адміністрацыі.
Рэшткі Тупічэўскага манастыра — на ўскрайку Мсьціслава. Турысты сюды наведваюцца нячаста. У цэнтры ж гораду ацалела шмат старых будынкаў. Сьцьвярджаецца, што архітэктурных славутасьцяў тут на душу насельніцтва болей, чым дзе ў Беларусі. Нямала помнікаў даўніны ў заняпадзе. Сярод іх і манумэнтальныя каталіцкія сьвятыні.
Праваслаўныя цэрквы адноўленыя. Іхныя купалы-цыбуліны зіхацяць золатам і відаць здалёк.
«У горадзе шмат помнікаў, і грошай на іх аднаўленьне трэба нямала. Раённыя ўлады што ў іх сілах, тое робяць. Але каб нешта зрабіць маштабнае, дык пакуль пра гэта гаварыць не выпадае. Усе гэтыя працы зьвязаныя з рэстаўрацыяй, а яна — дужа дарагая прыемнасьць», — прызнаецца супрацоўнік райвыканкаму.
Раённыя ўлады, паводле суразмоўцы, спадзяюцца на дапамогу Міністэрства культуры і ўдзел у міжнародных праграмах. У адну зь іх Мсьціслаў уключаны. Раённая ўлада спадзяецца на фінансавую падтрымку ад праграмы Эўразьвязу COMUS, распрацаваную для краінаў «Усходняга партнэрства» дзеля захаваньня гістарычных помнікаў.
«Гэта адзін з тых куткоў Беларусі, які захаваў сваю глыбокую і старажытную гісторыю — ад заснаваньня гораду да сучасных рэаліяў. І замкавая гара вялікі інтарэс выклікае, і храмы ды старая забудова гораду. Гэтыя аб’екты разьмешчаныя кампактна, і іх наведваюць турысты. Мы б хацелі разьвіць гэтую галіну і паказаць ім наш горад», — выказвае спадзеў супрацоўнік райвыканкаму.
Калі ў наведнікаў Мсьціслава ягоныя архітэктурныя адметнасьці выклікаюць інтарэс і адначасова абурэньне тым, у якім стане яны знаходзяцца, то жыхары райцэнтру на мясцовыя славутасьці ўвагу зьвяртаюць рэдка. Пра гэта кажа мсьціславец Юры. Паводле яго, такое стаўленьне да гарадзкіх адметнасьцяў характэрнае для большасьці местачковых беларусаў.
Суразмоўца заяўляе, што жыхары райцэнтру не пратэстуюць, калі зьмяняецца аблічча нейкага будынку ці вуліцы.
«Яны жывуць і ня ведаюць, што ў Мсьціславе трэба такое дзівоснае захоўваць. Мала ў каго ўзьнікае думка, што трэба захоўваць, напрыклад, драўляную архітэктуру. Яе ніхто захоўваць і не зьбіраецца. Яе патроху вынішчаюць. Проста чалавек хоча жыць у іншым будынку, больш утульным. Абшываюць сайдынгам, абкладаюць цэглай — і няма ранейшай архітэктуры. Калі прыяжджаюць турысты з заходняй Эўропы, то іх дзівіць якраз драўляная архітэктура. Яны ня вераць сваім вачам, што такое яшчэ ёсьць», — заўважае мсьціславец.
Юрыя абурае, што ў Мсьціславе пасьпілоўвалі вялікія дрэвы, якія нагадвалі пра даўніну. Жыхар райцэнтру спадзяецца, што старажытны горад некалі адрэстаўруюць, але калі тое будзе, прадказаць не бярэцца.
«Што тычыцца цяперашняга Мсьціслава, то намеціўся пэўны трэнд: займацца рэстаўрацыяй ці захаваньнем нечага, але толькі таго, што падаецца начальству мэтазгодным. Напрыклад, можна аднавіць нешта, бо гэта вымагае невялікіх грошай, альбо калі прыцісьне начальства зьверху. Во тады пачынаецца рамонт», — кажа Юры.
На апошнім мсьціслаўскім фэстывалі сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» магілёўскі гісторык, сябра Савету Рэспублікі Ігар Марзалюк назваў Мсьціслаў горадам-музэем і заклікаў дамагацца, каб гэты статус быў замацаваны за горадам афіцыйна.
«Вы прыехалі ў горад, які да сёньня завецца горадам-музэем, які мае самабытную ўнікальную гісторыю. Другога такога гораду ў Магілёўскай вобласьці няма. Бяз Мсьціслава гісторыя Беларусі ня можа быць прачытаная цалкам. Трэба зрабіць так, каб Мсьціслаў стаў нацыянальным гісторыка-культурным запаведнікам. Ён таго варты».