Сяргей Штода аб пратэстах грузаперавозчыкаў: «У нас баяцца больш, чым у Расеі»

Масавая акцыя пратэсту дальнабойшчыкаў у сувязі з увядзеньнем пакілямэтровай аплаты праезду праз сыстэму "Платон", Растоў-на Доне, 11 лістапада 2015 году

Адзін зь лідэраў беларускіх грузаперавозчыкаў Сяргей Штода распавёў Радыё Свабода, што беларускія перавозчыкі таксама пацярпелі ад увядзеньня ў Расеі сыстэмы «Платон» (аналяг беларускай BelToll).

Сяргей Штода

«Вядома, гэта закранула ўсіх, і ў тым ліку беларускіх перавозчыкаў. Некаторыя перавозчыкі, у якіх маршрут праз Расею, сапраўды гэтак жа пісалі заяўкі і дакладна гэтак жа атрымлівалі гэтыя бартавыя прылады „Платон“, каб можна было езьдзіць па Расеі», — кажа прадпрымальнік.

З 15 лістапада ў Расеі дзейнічае плацежная сыстэма «Платон», якая адразу ж выклікала ў кіроўцаў вялікагрузнага транспарту складанасьці, зьвязаныя ў тым ліку з сур’ёзнымі збоямі ў працы праграмы.

Кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў праводзяць па ўсёй Расеі акцыі пратэсту. У большасьці выпадкаў фуры ўстаюць на ўзбочыне дарогі. Перавозчыкі кажуць, што калі іх не пачуюць, яны маюць намер калёнамі рушыць на Маскву.

Указальнік, які папярэджвае пра платную дарогу, на беларускай трасе

Дальнабойшчыкі скардзяцца, што такі дарожны падатак руйнуе перавозчыкаў, ставіць на грань банкруцтва дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў і вядзе да рэзкага росту інфляцыі. Яшчэ адна, ці ня самая моцная падстава для абурэньня дальнабойшчыкаў — гэта тое, што зборам грошай займаецца прыватная структура «РТ-Інвэст Транспартныя сыстэмы», падкантрольная Ігару Ратэнбэргу, сыну мільярдэра Аркадзя Ратэнберга, сябра прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Штода ўвесь час на сувязі з тымі, хто працуе ў Расеі, і ведае, што расейскія перавозчыкі настроеныя цяпер вельмі рашуча:

«Тыя кіроўцы, якія цяпер у Расеі страйкуюць, яны настроеныя стаяць да пераможнага канца. І сапраўды, калі апэратыўна, імгненна ўлады не ўнясуць папраўкі, то рэальна машыны паедуць на МКАД. Гэта вельмі сур’ёзна. Будуць праблемы для ўсіх. Прычым іх не спыніць, бо на МКАД уезд не забаронены. І гэта будзе стаяць увесь МКАД на 100%», — кажа ён.

Патэнцыял для падобных пратэстаў у Беларусі значна ніжэйшы, упэўнены Штода.

«У нас іншая сытуацыя, у нас, натуральна, менш кіроўцаў у гэтым бы ўдзельнічала. У нас больш магчымасьцяў аказаць ціск на юрыдычную асобу. У нас юрыдычная асоба абсалютна не прыкрытая нічым, юрыдычная асоба або ІП знаходзяцца пад каўпаком. У нас баяцца больш. Нават цяпер, калі ўжо прайшоў час, людзі быццам бы гатовыя нешта казаць, але ўдзельнічаць нідзе ня хочуць. У Расеі крыху іншае стаўленьне да прадпрымальнікаў, таму рукі там больш разьвязаныя і крыху сьмялейшыя людзі. У нас скажуць, што прадпрымальнік вінен 100–200 мільёнаў — і ён згаджаецца, будзе выплачваць, прадасьць што-небудзь. А ў Расеі табе так проста не аддадуць кроўна заробленыя грошы, там будуць 100% разьбірацца», — лічыць прадпрымальнік.

Штода ўзгадвае, што аналягічная незадаволенасьць назіралася ў Беларусі ў 2013 годзе, калі ўводзілася сыстэма BelToll, аднак улады спынілі пратэсты на корані.

«У жніўні 2013 году на скрыжаваньні Чырвонай Горкі, там дзе былі пункты выдачы бартавых прылад, была такая ж сытуацыя. Там былі такія ж акцыі, і гэтак жа стаялі машыны ў тры рады, як на выезьдзе зь Беларусі, так і на ўезьдзе. Але як толькі акцыя пачынала перарастаць у стан бунту, толькі пачыналіся нейкія дзеяньні, то адразу тут як тут быў АМАП: прыехалі АМАПаўцы, паразьбівалі насы кіроўцам, кагосьці схапілі і г.д.», — кажа ён.

Беларуская сыстэма BelToll

Па словах Штоды, калі параўноўваць беларускую сыстэму BelToll з расейскай сыстэмай «Платон», то выбраць сярод іх зручнейшую будзе складана — і там, і там ёсьць свае плюсы і мінусы.

Штода сказаў, што беларускія перавозчыкі будуць надалей дабівацца адмены або хаця б рэструктурызацыі штрафаў за 2013 год.

У 2013 годзе, на этапе рэалізацыі праекту платных дарог, Міністэрства транспарту прапанавала аўстрыйскаму інвэстару пачаць выкарыстоўваць сыстэму BelToll у тэставым рэжыме. Перавозчыкаў абавязалі ўсталяваць бартавыя прыстасаваньні. Але неўзабаве паўстала праблема, як навучыць кіроўцаў граматна імі карыстацца, арганізаваць пункты папаўненьня рахункаў і г.д. У выніку грузаперавозчыкі выходзілі на маршруты, не падазраючы, што нешта парушаюць. Пасьля паўгода экспэрымэнту, пачаўшы атрымліваць вялізныя штрафы, прадпрымальнікі папрасілі профільныя ведамствы амніставаць спагнаньні за тэставы пэрыяд.