Актывісты руху салідарнасьці «Разам» заявілі, што гатовыя падтрымаць любыя пратэстныя ініцыятывы індывідуальных прадпрымальнікаў краіны.
Яны правялі прэсавую канфэрэнцыю з удзелам прадстаўнікоў малога бізнэсу, на якой паведамілі, што ад 1 студзеня працу страцяць 100 тысяч дробных гандляроў. Прычынай таму — сканчэньне адтэрміноўкі на дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу № 222 аб сэртыфікацыі тавараў. Актывістка руху Тацяна Міронава, якая шмат гадоў займаецца індывідуальным прадпрымальніцтвам, у прыватнасьці, адзначыла:
«Раней мы набывалі тавары ў Маскве, іншых гарадах. Да іх ніякія сэртыфікаты не прыкладаліся, і гэтыя сэртыфікаты ня зьявяцца і надалей. Цяпер нам прапаноўваюць нейкія мітычныя склады, дзе нам нібыта будуць прадаваць тавары з усім пакетам дакумэнтаў. А яшчэ — тавары нашых беларускіх прадпрыемстваў, якімі і так заваленыя ўсе крамы. Хто-небудзь будзе ў нас гэта набываць? А прадпрымальнік на тое і ёсьць, каб самастойна набываць тавары — у Польшчы, Нямеччыне ці дзе заўгодна — якія найбольш запатрабаваныя спажыўцамі. Мы павінны быць самастойныя. Пры гэтым ніхто не зважае, што так званыя тавары „сэканд-хэнд“ прадаюцца без аніякіх сэртыфікатаў.
Цяпер мы прадаём рэшткі ранейшых тавараў па старых коштах і нават ня можам сплаціць арэнду, бо ў людзей няма грошай, каб набываць і гэтыя рэчы. Прычым падаткі за апошні час павялічыліся ў шэсьць разоў.
У выніку мы мусім сыходзіць у нікуды, бо нам не прапаноўваюць працаўладкаваньня ўзамен страчаных месцаў, а знайсьці працу ў перадпэнсійным веку амаль немагчыма. Апошнія дваццаць гадоў усё рабілася дзеля таго, каб у наш бізнэс моладзь не ішла. А трэба было б, каб было наадварот. Каб наша моладзь не зьяжджала за мяжу, калі пасьля заканчэньня інстытутаў атрымлівае мізэрныя заробкі, а каб заставалася ў сваёй краіне. Прадпрымальнікі цяпер у вельмі цяжкім матэрыяльным і маральным стане — людзі запалоханыя, прыгнечаныя і злыя».
Як падкрэсьліў адзін зь лідэраў руху Аляксандар Макаеў, напружаньне ў прадпрымальніцкім руху нарастае. Не чакаючы, калі ўказ аб сэртыфікацыі тавараў пачне дзейнічаць, прадстаўнікі падатковых інспэкцыяў ужо цяпер карыстаюцца асобнымі яго часткамі, праводзячы праверкі, накладаючы штрафы і канфіскоўваючы несэртыфікаваны тавар. Так, сэрыя праверак і канфіскацыяў адбылася ў Полацку і Наваполацку, дзе неўзабаве ў гэтай справе мае адбыцца суд над прадпрымальнікамі. Таму рух салідарнасьці «Разам» гатовы падтрымаць пратэстныя ініцыятывы гандляроў:
«Рух салідарнасьці „Разам“ падтрымае любыя акцыі прадпрымальнікаў. Актывісты руху будуць наперадзе, калі прадпрымальнікі выйдуць на плошчу — мы ня будзем стаяць убаку. Буйныя акцыі пратэстаў, верагодна, распачнуцца ад пачатку студзеня. Але, магчыма, сытуацыя будзе напаляцца, і ўжо ў сьнежні будуць падзеі ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі. Стрэсавая і выбуховая сытуацыя ідзе ад праверак і канфіскацыяў тавараў з боку кантрольных органаў. Выбуховая сытуацыя склалася ў Полацку і Наваполацку, ідуць праверкі ў Баранавічах і Менску. Пра страйк заяўляюць гарадзенскія прадпрымальнікі. Таму мае быць кансалідацыя дзеяньняў дзеля захаваньня прадпрымальніцкага руху».
Каб выпрацаваць агульную стратэгію дзеяньняў, рух салідарнасьці «Разам» плянуе правесьці сустрэчу лідэраў прадпрымальніцкага руху з усіх рэгіёнаў Беларусі.