Увесь расейскі спорт прапануюць праверыць на «чысьціню»

Рада заснавальнікаў Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) ухваліла рашэньне аб неадпаведнасьці Расейскага антыдопінгавага агенцтва («РУСАДА») кодэксу арганізацыі. Пра гэта абвешчана на пасяджэньні выканкаму WADA ў амэрыканскім Каларада-Спрынгз. Вэрдыкт прыняты аднагалосна ў выніку абмеркаваньня справаздачы «РУСАДА» аб сваёй дзейнасьці.

9 лістапада незалежная камісія WADA апублікавала справаздачу аб расьсьледаваньні ўжываньня допінгу ў расейскай лёгкай атлетыцы. Па выніках было прыпыненае сяброўства Ўсерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі ў Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, часова спыненая дзейнасьць Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі і адпраўлены ў адстаўку яе кіраўнік Рыгор Родчанкаў.

Апроч таго, у часе паседжаньня выканкаму старшыня камітэту спартоўцаў WADA Бэкі Скот прапанавала пашырыць паўнамоцтвы незалежнай камісіі агенцтва і праверыць усе віды спорту ў Расеі на прадмет ужываньня допінгу. Адметна, што амэрыканская алімпійская чэмпіёнка замяніла на гэтай пасадзе былога хакеіста зборнай СССР і Расеі Вячаслава Фяцісава.

У сваю чаргу, сябра Рады заснавальнікаў Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва, двухразовы алімпійскі чэмпіён Эдвін Мозэс выступіў за адхіленьне расейскіх лёгкаатлетаў ад удзелу ў Алімпіядзе 2016 году ў Рыё-дэ-Жанэйра: «Адзіная санкцыя, якая выразна данясе пасыл, што пара спыняць заляцаньні з допінгам, гэта забарона расейскім атлетам выступаць на Алімпіядзе ў Рыё», — падсумаваў Мозэс.

У чацьвер пленум Вярхоўнага суда Расеі маецца абмеркаваць праект пастановы, прысьвечаны спрэчкам паміж спартоўцамі, трэнэрамі і спартовымі арганізацыямі. У прыватнасьці, парадак звальненьня атлетаў за выкарыстаньне допінгу.

Зрэшты, у прыцэле крытыкі выканкаму WADA быў ня толькі расейскі спорт і ягоная інфраструктура. Так, Рада заснавальнікаў WADA прызнала яшчэ пяць нацыянальных антыдопінгавых агенцтваў неадпаведнымі кодэксу арганізацыі. Дадзенае рашэньне тычыцца Андоры, Аргентыны, Балівіі, Ізраіля і Ўкраіны. Акрамя таго, антыдопінгавыя агенцтвы Бэльгіі, Бразыліі, Грэцыі, Мэксыкі і Францыі пастаўлены пад назіраньне і павінны прывесьці сваю дзейнасьць у адпаведнасьць з кодэксам WADA не пазьней за сярэдзіну сакавіка 2016 году. У іншым выпадку пазьбегнуць санкцыяў ня ўдасца.