Пракуратура Парыжу паведаміла, што вядома пра тэрарыстаў

Адзін з тэрарыстаў нарадзіўся ў Францыі, непадалёк ад Парыжу. Каля цела другога знойдзены сырыйскі пашпарт.

Тэрарысты былі падзеленыя на тры групы, яны карысталіся двума аўтамабілямі — перадае з прэсавай канфэрэнцыі пракурора Парыжу Франсуа Малена расейскае выданьне «Дождь» са спасылкай на Le Monde.

Першы выбух адбыўся каля ўваходу D на стадыёне Stade de France. На месцы выбуху знойдзеныя 2 целы. На адным зь іх быў пояс сьмяротніка. Другі загінулы — выпадковы мінак. Пасьля пачаўся напад у рэстаране, у выніку якога загінулі 15 чалавек, а 10 атрымалі раненьні.

Пазьней каля ўваходу Н на стадыёне прагрымеў яшчэ адзін выбух. На месцы таксама знойдзена цела сьмяротніка. У 21:32 тэрарысты ўчынілі напад на адзін з парыскіх бараў у 11-м раёне. На гэтым месцы знойдзена 100 гільз. 5 чалавек загінулі, 8 параненыя.

У тэатры Bataclan два тэрарысты ўзарвалі сябе, і адзін тэрарыст быў застрэлены. Падчас нападу ў тэатры загінулі 89 чалавек. Адзін з аўтамабіляў, які выкарыстоўвалі тэрарысты ў Парыжы, 13 лістапада, быў спынены на француска-бэльгійскай мяжы.

Адзін з тэрарыстаў нарадзіўся 21 лістапада 1985 году ў 20 кілямэтрах ад Парыжу ў гарадку Куркурон. Праваахоўныя органы зацікавіліся ім яшчэ ў 2004 годзе. З 2010 знаходзіўся ў паліцэйскіх сьпісах ісламістаў.

Каля цела яшчэ аднаго забітага тэрарыста знойдзены сырыйскі пашпарт. Паводле яго, чалавек нарадзіўся ў 1980 годзе. На ўліку ў паліцыі ён ня быў.

Паясы сьмертнікаў былі выраблены на аснове пераксыду ацэтону.

13 лістапада ў Парыжы тэрарысты ўчынілі 6 атак. 18 чалавек загінулі на тэрасе каля La Belle Equipe. Яшчэ 14 чалавек былі забітыя ў бары La Grillon.